Аўтары маніторынгавага каналу далі сваё тлумачэнне наконт таго, што можа абазначаць тактычны знак «В» на тэхніцы, якую нібыта перакідваюць на мяжу з Украінай.
Інфармацыя пра перакідванне на ўсходнія межы тэхнікі з тактычнай пазнакай «В» актыўна з’яўлялася на мінулым тыдні, адзначаюць аўтары канала. Пераважна ў расейскіх пабліках з’яўляліся фоты з танкамі, БМП, бронетранспарцёрамі і іншай тэхнікай.
Паводле адной з версіяў, якая высоўвалася ў некаторых публікацыях, «В» магло абазначаць прыналежнасць тэхнікі да ПВК Вагнэра.
Згодна са звесткамі «Беларускага гаюна», фотаздымкі тэхнікі з пазнакай «В» не маюць дачынення да групоўкі УС РБ ва ўкраінскім памежжы. Большая частка гэтай тэхнікі належыць 6-й механізаванай брыгадзе (в/ч 05733, Горадня). У жніўні на палігоне «Гожскі» і ў Гарадзенскай вобласці з гэтай брыгадай праводзіліся тактычныя вучэнні.
Акрамя таго, на фотаздымках літару «В» маюць і іншыя падраздзяленні Заходнага аператыўнага камандавання (ЗАК) – 841-й групы артылерыі і 111-й артылерыйскай брыгады.
Аўтары маніторынгавага канала сцвярджаюць, што распаўсюджанне інфармацыі пра нібыта перакідванне войскаў да мяжы з Украінай магло быць часткай кампаніі па дэзынфармацыі.
Пры гэтым «Беларускі гаюн» нагадвае, што ў верасні ў беларускім войску павінны прайсці комплексныя двухбаковыя вучэнні. А ў канцы жніўня павінна было пачацца перамяшчэнне падраздзяленняў у раёны правядзення вучэнняў.
Асаблівасцю гэтых вучэнняў, кажуць аўтары каналу, з'яўляецца тое, што «ваяваць» адзін супраць аднаго будуць рэальныя, а не ўмоўна абазначаныя праціўнікі. У якасці бакоў канфлікту на вучэннях выступяць Заходняе аператыўнае камандаванне (ЗАК) і Паўночна-Захаднае аператыўнае камандаванне (СЗАК). Падобныя вучэнні праводзіліся ў 2023 годзе ў Берасцейскай, Гарадзенскай і Менскай абласцях.
Адзначаецца, што завяршальным этапам падрыхтоўкі ЗАК да двухбаковых вучэнняў сталі вучэнні па кіраванні сіламі і сродкамі разведкі (праводзіліся з 29 па 31 ліпеня). А 7–8 жніўня ў СЗАК адбываліся камандна-штабныя вучэнні.
У сувязі з гэтым аўтары «Беларускага гаюна» мяркуюць, што тактычны знак «В» будуць выкарыстоўваць падраздзяленні ЗАК падчас двухбаковых вучэнняў. Адпаведна, у падраздзяленняў СЗАК будзе свой тактычны знак. Напрыклад, у 2023 годзе іх падраздзяленні наносілі на тэхніку тактычны знак «IDRP».
Пакуль застаецца нявырашаным пытанне пра месцы правядзення двухбаковых вучэнняў, а таксама пра ўдзел у іх падраздзяленняў беларускіх Узброеных сіл, размешчаных у Гомельскай вобласці. Аўтары нагадваюць, што менавіта ў гэтай вобласці сканцэнтраваныя падраздзяленні СЗАК і Сіл спецыяльных аперацый.
Раман Шавель belsat.eu