Платформа «Новая Беларусь» і аўтар YouTube-канала «Міністэрства Сепультуры» Аляксандр Чарнуха прапануюць беларусам выбраць лепшы беларускі саўндтрэк гэтага лета. Для галасавання ёсць роўна тыдзень.
Як адзначаюць аўтары ідэі, імі быў створаны адмысловы плэйліст з 18 кампазіцыяў, якія беларускія музыкі выпускалі цягам трох апошніх месяцаў.
З 2 па 7 верасня (да 23:00) ўсе беларусы могуць прагаласаваць за свой любімы трэк у аплікацыі «Новая Беларусь».
«Кожнае лета сусветная індустрыя робіць фестывальную справаздачу: усе самыя крутыя песні сезону можна паслухаць на вялікіх оўпэн-эйрах. Чаму б не зрабіць гэта і сярод нашых музыкантаў? Таму мы вырашылі сабраць адмысловы плэйліст з класных песень, што выйшлі цягам гэтага лета, і прапанаваць слухачам дапоўніць яго сваімі любімымі трэкамі. У выніку атрымаўся вельмі класны саўндтрэк нашага лета 2024, і цяпер можна прагаласаваць за найкруцейшую песню – яна і стане нашым беларускім сімвалам апошніх трох месяцаў», – кажа Аляксандр Чарнуха.
Аўтары расказваюць, што на першым этапе ў спецыяльны плэйліст былі ўключаныя 18 песень розных выканаўцаў, такіх як «Naviband», «Петля Пристрастия», «Molchat Doma» і іншых. Ніякіх стылістычных абмежаванняў пры адборы не было, таксама ў спіс былі ўключаныя трэкі як маладых, так і больш дасведчаных выканаўцаў.
Пасля фармавання першага спісу, усе ахвочыя маглі дадаць свае любімыя кампазіцыі. Сярод прапанаваных песень былі «Розавы закат» («Разбітага Сэрца Пацана»), «Крутой» («Сны Синей Собаки»), «ДзБРДз» («Дом Связи»). Найбольш папулярныя з гэтых песень таксама трапілі ў галасаванне.
Паглядзець поўны спіс намінантаў цяпер можна на YouTube і ў Spotify.
Імя пераможцы будзе абвешчана ў панядзелак, 9 верасня.
Раман Шавель belsat.eu