На памежным пераходзе «Берасце – Тэрэспаль» штосьці змянілася ў ноч з 1 на 2 верасня. Што менавіта, невядома, але цяпер на мяжы няма чаргі аўтобусаў.
Яшчэ 1 верасня беларусы ў чатах, як звычайна, наракалі на доўгі час чакання пераходу мяжы аўтобусам праз Берасце. З вясны на выезд з Беларусі ў Польшчу чэргі складалі дзясяткі аўтобусаў.
У чатах расказвалі 1 верасня, што нават калі падсесці ў трэці ад шлагбаўму аўтобус, на пераход беларускага і польскага кантролю сыходзіць пяць гадзінаў. Дарога ад Берасця да ўезду ў Польшчу магла займаць 14 гадзінаў.
Ды між 22:00 1 верасня і 8:00 2 верасня чарга з аўтобусаў па беларускі бок практычна знікла.

У адным з чатаў беларусаў пра «Берасце – Тэрэспаль» карыстальніца здзівілася: «Толькі што прайшлі мяжу РБ-РП, аніводнага аўтобуса, аніводнай машыны, прайшлі за 40 хв».
У адваротны бок тое самае. Карыстальнік напісаў: «РП-РБ, у 2:20 прыехалі і ў 2:50 выехалі, прайшлі абедзве [мяжы] па зялёным [калідоры]. Агулам 30 хвілін».
У іншым чаце пісалі, што а 12-й ночы ўжо не было ніводнага аўтобуса з польскага боку ў бок Беларусі і з беларускага ў польскі.
,,«А хтосьці ведае, чаму аўтобусы цяпер на мяжы стаяць унутры злева ад праезду на мост, у тупіку? Там нешта на мосце здарылася ці што? Машыны пускаюць» – спытаў адзін карыстальнік і не атрымаў упэўненага адказу.
Прычыны ніхто ў чатах не ведае. Адны карыстальнікі выказваюць здагадку, што аўтобусы перасталі браць пасажыраў проста пад мяжой. Але гэта абвяргаюць іншыя: жанчына піша, што толькі гэтай раніцай падсела ў першы аўтобус пад мяжой. Некаторыя спрабуюць вызначыць, у аўтобусы якіх кампаніяў пускаюць на мяжы, а ў якія можна сесці толькі на менскім аўтавакзале.
У адным з чатаў карыстальнік выказвае самую простую здагадку: «Усе ў школу пайшлі». Раз 2 верасня, дык пачатак навучальнага года.
На «гарачай лініі» Памежнага камітэту карэспандэнта «Белсату» запэўнілі, што лічыльнік на сайце працуе спраўна, звесткі слушныя. Куды знікла чарга, там не бяруцца гадаць, а кажуць адно «глядзіце на сайце, там інфармацыя абнаўляецца раз на дзве гадзіны».
Аўтамабільная чарга з Польшчы ў Беларусь, мяркуючы па чатах, таксама амаль знікла. Але з Беларусі ў Польшчу застаецца. Сайт Памежнага камітэту налічвае 350 легкавікоў у той чарзе. Мяркуючы па чатах, пераход мяжы на машыне займае як мінімум 24 з паловай гадзіны – і тое калі пашчасціць.
Алесь Наваборскі belsat.eu