«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 2 верасня чытайце ў нашым матэрыяле.
Перспектывы ЗСУ на Куршчыне
На паўночным фронце найбольшая ўвага абодвух бакоў па-ранейшаму засяроджаная ў Курскай вобласці Расеі, дзе Збройныя сілы Украіны захоўваюць ініцыятыву і паступова развіваюць свой ранейшы поспех.
Так, цягам апошняга тыдня ЗСУ істотна прасунуліся на захадзе Коранеўскага раёну, заняўшы тэрыторыю ўздоўж ракі Бляховец. Цяперашняе становішча дазваляе ўкраінцам павялічыць ціск на раённы цэнтр з поўдня, а таксама стварае перспектывы для наступу ЗСУ на тэрыторыю суседняга Глушкоўскага раёну. На імавернасць апошняга ўказвае і той факт, што ўкраінцы працягваюць адразаць праціўніка з поўдня ад ракі Сейм, знішчаючы переправы, у прыватнасці, ёсць інфармацыя пра разбурэнне іх у ваколіцах сяла Цёткіна. Такім чынам асаблівасці мясцовасці могуць дазваліць Збройным сілам атачыць і ліквідаваць расейцаў на значным участку тэрыторыі з поўдня ад ракі.
У Суджанскім раёне ЗСУ за тыдзень прасунуліся адразу на некалькіх участках, асаблівую ўвагу тут варта ўдзяліць тэрыторыі на паўднёвым усходзе ад самога гораду Суджа.
Агулам, выглядае на тое, што ранейшае перакіданне дадатковых сілаў расейцаў на кірунак дазволіла ім уратаваць фронт ад маштабных прарываў з боку праціўніка, але не прывяло да поўнай стабілізацыі сітуацыі, што ў сваю чаргу пакідае ЗСУ перспектывы на далейшыя поспехі.
Баі ў ваколіцах Тарэцку
Тым часам на ўсходнім фронце ініцыятывай валодаюць Узброеныя сілы РФ. Тут варта звярнуць увагу на цяжкае становішча ЗСУ на тарэцкім кірунку, дзе асноўныя баі лакалізуюцца на тэрыторыі аднайменнай агламерацыі.
Так, паводле прарасейскіх крыніцаў, за апошні час войскі РФ занялі большую частку пасёлку Дружбы, таксама іх рух фіксуецца ў суседнім населеным пункце Паўночнае. Адначасова з гэтым расейцы прасунуліся і на ўсходзе самога Тарэцку.
Разам з тым ніжэй па фронце ЗСУ, імаверна, удалося спыніць праціўніка ў ваколіцах Нялепаўкі і Нью-Ёрку, не дапусціўшы далейшага прасоўвання, вынікам якога магло быць атачэнне Тарэцку з паўднёвага захаду. Пры гэтым існуе верагоднасць, што цяпер расейцы паспрабуюць абысці горад з поўначы.
Пагроза стварэння катла вакол Невельскага
Яшчэ горш выглядае сітуацыя для Сілаў абароны Украіны на суседнім пакроўскім кірунку, дзе яны знаходзяцца ў аператыўным крызісе.
Так, на паўночным фланзе войскі РФ рухаюцца ў населеным пункце Гродаўка, што пагражае далейшым выхадам да Мірнаграду.
Ніжэй па фронце УС РФ нечакана хутка выбілі праціўніка з Навагродаўкі і дайшлі да ўскрайкаў гораду Сялідава (СелИдове). Праўкраінскія крыніцы пішуць, што пакуль сітуацыя ў населеным пункце застаецца стабільнай, але праціўнік няспынна ажыццяўляе накаты на горад пяхотай і цяжкай тэхнікай.
Між тым найгоршай для Збройных сілаў выглядае сітуацыя на поўдні кірунку, дзе расейцы цягам тыдня дасягнулі важных поспехаў: напачатку УС РФ занялі населены пункт Мемрык, пасля чаго пад іхны кантроль перайшлі Карлаўка, Далінаўка і Галіцынаўка. Цяпер расейцы намагаюцца прасунуцца з ваколіцаў апошняга сяла на поўдзень, каб у выніку злучыцца з сіламі, якія рухаюцца з боку захопленага гораду Краснагораўка і атачыць ЗСУ на ўчастку фронту вакол сяла Невельскае. Разам з тым таксама існуе верагоднасць таго, што расейцы не стануць цалкам закрываць кацёл, а пакінуць вузкі калідор, цераз які пад няспынным агнём будуць выходзіць сілы праціўніка, што прывядзе да вялізных стратаў.
Афіцэр брыгады НГУ «Азоў» Раман Панамарэнка мяркуе, што агулам фронт ЗСУ на Данбасе рухнуў, а расейцы толькі таму не прарываюцца ўглыб рэгіёну, паколькі самыя таксама знясіленыя, і рухаюцца выключна за кошт вялізнай перавагі ў жывой сіле і боепрыпасах.
Пагроза для Вуглядару
Цягам апошняга тыдня назіралася актывізацыя Узброеных сілаў РФ на на некалькіх участках фронту ў ваколіцах гораду Вуглядар на поўдні Данецкай вобласці - каля населеных пунктаў Паўлаўка, Мікольскае і Вадзяное. Такім чынам расейцы намагаюцца абысці Вуглядар з флангаў і атачыць, паколькі шматлікія атакі на сам горад ужо каторы год не прыносяць істотных вынікаў.
Аналітыкі праекту Deepstate адзначаюць, што пакуль УС РФ маюць толькі частковы поспех
Іншыя праўкраінскія крыніцы ўдакладняюць, што сітуацыя на кірунку застаецца складанай, што ў першую тлумачыцца перавагай праціўніка ў артылерыі і РСЗА, якія літаральна знішчаюць горад. Акрамя гэтага расейцы пераважаюць у колькасці асабовага складу, які штодня праводзіць штурмы пры падтрымцы дзясяткаў адзінак тэхнікі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu