навіны

У Арменіі затрымалі яшчэ адну беларуску

Затрыманая ў Арменіі беларуска Дзіяна Маісеенка. Фота: Ales Michalevic / Facebook
Затрыманая ў Арменіі беларуска Дзіяна Маісеенка. Фота: Ales Michalevic / Facebook
podpis źródła zdjęcia

На грузінска-армянскай мяжы затрымалі беларуску, бо яна знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі паводле палітычнага артыкулу. Зараз дзяўчына ўжо на свабодзе.

2 верасня на мяжы Грузіі з Арменіяй затрымалі беларуску Дзіяну Маісеенку, пра гэта паведаміў у сваім акаўнце на «Facebook» юрыст Алесь Міхалевіч.

Затрыманне дзяўчыны стала магчымым у сувязі з тым, піша Міхалевіч, што Дзіяна знаходзіцца ў вышуку ў Беларусі паводле аднаго з найчасцей ужываных беларускімі ўладамі палітычных крымінальных артыкулаў Крымінальнага кодэксу – 342 ч.1 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Згодна з гэтым артыкулам ёй пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Паводле Алеся Міхалевіча, зараз Дзіяна знаходзіцца ў паліцэйскім аддзеле горада Наемберан па адрасе: вул. Барэкамуцюн, 4. Неўзабаве мае адбыцца судовае пасяджэнне.

Таксама Алесь Міхалевіч адзначыў, што ягонае адвакацкае бюро ўжо падключылася да вядзення справы Дзіяны і мае надзею абараніць правы дзяўчыны і дамагчыся адмовы ў яе экстрадыцыі з Арменіі.

«Міжнароднае права забараняе экстрадыцыю асоб, пераследуемых па палітычных матывах, але нам патрэбна падтрымка журналістаў і Офіса Ціханоўскай, які ўжо паінфармаваны», – адзначыў Алесь Міхалевіч.


Абноўлена. Як паведаміў «Радыё Свабода» сябар Дзіяны, дзяўчына знаходзілася ў вышуку больш за год, але пра гэта нічога не ведала.


Сябар затрыманай таксама адзначыў, што Дзіяна жыла ў Грузіі. Разам яны вырашылі паехаць у Арменію, каб наведаць Ерэван. Ім удалося без праблем прайсці грузінскі памежны кантроль, але на армянскай мяжы Дзіяну затрымалі, паведаміўшы, што з 23 ліпеня 2023 года яна знаходзіцца ў вышуку.


Дзіяну змясцілі пад варту на 72 гадзіны, ёй перадалі ежу, ваду і асабістыя рэчы.


Да вырашэння справы Дзіяны Маісеенкі падключыўся Офіс Святланы Ціханоўскай. У ім адзначылі, што працягваюць працу з армянскім МЗС датычна выпадку дзяўчыны і іншых беларусаў, якіх вышуквае рэжым Лукашэнкі паводле палітычных прычын.

Армянскі бок запэўніў прадстаўнікоў Офісу ў тым, што Ерэван не будзе выдаваць рэжыму Лукашэнкі пераследаваных па палітычных прычынах грамадзян Беларусі.

«Дзякуючы сумесным намаганням, Дзіяна ўжо на свабодзе. Спадзяемся, што і астатнія выпадкі таксама вырашацца пазітыўна», – паведамілі ў Офісе.


Нагадаем, што ў лютым 2024 года ў Арменіі паводле запыту беларускіх уладаў быў затрыманы беларус Максім Вайткявічус. Першапачаткова Вайткявічуса затрымалі на 40 дзён, але затым тэрмін утрымання пад вартай быў працягнуты. У сакавіку ён падаў прашэнне аб прытулку. Абарона акцэнтавала ўвагу на тым, што ў Беларусі ён ужо адбыў 15 сутак арышту і быў пераследаваны за свае палітычныя погляды ў 2020 годзе. Максім быў вызвалены 19 чэрвеня і атрымаў палітычны прытулак. 

У траўні 2024 года статус уцекача ў Арменіі атрымаў 24-гадовы беларус Яраслаў Новікаў, на якога ў Беларусі завялі крымінальную справу за ўхіленне ад службы ў войску. 

Раман Шавель, belsat.eu 


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10