За першыя сем месяцаў 2024 года беларускі рынак працы пакінулі 35,4 тысячы работнікаў. Кампаніі прынялі на працу каля 354,6 тысяч чалавек, а звольнена было амаль 390 тысяч чалавек, паведамляе Белстат.
За справаздачны перыяд больш прымалі на працу, чым звальнялі, у паслугах па часовым пражыванні і харчаванню (+1615 работнікаў), у сферы сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі (+1246), горназдабыўной прамысловасці (+477), будаўніцтве (+604). У інфармацыі і сувязі – плюс 20 чалавек.
Больш звальненняў было ў адукацыі (-12051), сферы гандлю і рамонту аўтамабіляў і матацыклаў (-8146), ахове здароўя і сацыяльных паслугах (-7459), транспарце і лагістыцы (-3057), апрацоўчай прамысловасці (-2202). Таксама больш звальняліся са сферы дзяржкіравання – там мінус 544 работнікі.
Адток кадраў у Беларусі з'яўляецца істотнай праблемай рынку працы, асабліва ў апошнія гады. Па выніках 2023 года ў Беларусі апынулася на 63 тысячы больш звольненых, чым прынятых на працу.
2 верасня на рэспубліканскім банку вакансій размешчана 161,8 тысячы вакансій. Іх за апошні месяц – 65,1 тысячы. А рэзюмэ ўсяго толькі 13,1 тысячы, іх на апошні месяц – 749.
У ліпені Еўразійскі банк развіцця паведаміў, што з пачатку года колькасць вакансій у Беларусі вырасла на 16,7%, што з'яўляецца гістарычным максімумам.
Арсен Рудэнка belsat.eu