навіны

«Гэта наркотык, гэта кайф!» Актор Дзмітрый Есяневіч – пра тое, чаму не хоча больш граць людзей ў міліцэйскай форме

Дзмітрый Есяневіч.
Дзмітрый Есяневіч. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Былы актор Купалаўскага тэатру, удзельнік праектаў «ЧынЧынЧэнэл» і «Хай Так» Дзмітрый Есяневіч у шчырай размове з «Белсатам» распавядае, чаму ягоныя абяцанні ніколі больш не граць «тупых мянтоў» заканчваліся няўдачай і як сапраўдныя міліцыянты падчас яго затрымання жартавалі наконт серыялу «Працэсы». «У кабінеце ляжыць вялікая папка з «Белсатам» – выявы, здымкі…» – кажа актор, які цяпер знаходзіцца ў бяспецы. 


«Белсат»: – Дзмітрый, з чаго пачынаецца ваш польскі ранак? Які ўжо па ліку?


Дзмітрый Есяневіч
: – Троху хаос пакуль. А так, нармальна сябе адчуваю. Раздаю інтерв'юхі налева і направа. Хачу з гэтым разабрацца, бо ў жыцці я стараўся ніколі не здымацца ў рэкламе і не даваць інтэрв'ю. А тут – як населі на мяне (смяецца)...


Дзмітрый Есяневіч. Фота: Белсат
Дзмітрый Есяневіч. Фота: Белсат

«Добра мяне бамбанула тады»


– Як патлумачылі пераезд у Польшчу сваім дзеткам?


– Малыя (двайнятам Фёдару і Стэфаніі – па 3,5 гадоў – заўв. «Белсат») пытаюцца, калі дамоў паедзем. У Менску некаторыя цацкі засталіся, а тут яшчэ з машыны не ўсе павымалі. Кватэру ў Беластоку знайшлі, але пакуль не пераехалі. Я кажу: не паедзем! І яны такія: «Не-па-едзем-мы-да-моў!». Дэкламуюць. Ну і ўсё. 


А са старэйшай Варварай паразмаўлялі, ёй ужо 14. Яна вучылася на музычным аддзяленні ў каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка, там, дзе фрэскі Алеся Пушкіна папалілі. Сказалі ёй: ты ж не хацела граць на піяніна, дык цяпер твая мара здзейснілася – будзеш хадзіць у новую школу. 


– Фёдар і Стэфанія нарадзіліся ў 2020-м? Дзеткі беларускай рэвалюцыі?


– Так, дзеці рэвалюцыі (смяецца). Калі нарадзіліся, была эйфарыя. Людзі хадзілі па вуліцах са сцягамі і Пагонямі. А я ўжо страціў працу і вымушаны быў з'язджаць са службовай кватэры. Добра мяне бамбанула тады. Пра ад'езд з малымі дзецьмі нават думаць не хацеў. І страшнавата было, і ніякавата. Цярпеў, пакуль мог. 


– Такім чынам: з 2003 года аж да 2020-га вы гралі ў Купалаўскім, адкуль звольніліся на знак пратэсту, але з краіны не з'ехалі і працягнулі ўдзел у праектах «
Хай Так TV» і «ЧынЧынЧэнэл», зняліся ў серыяле пра «Песняроў» і здабылі сабе ролю у праекце ТНТ. Пакуль вас не схапілі на літоўскай мяжы і не кінулі на 14 содняў на Акрэсціна… Чатыры гады ў краіне, якая адсюль бачыцца аблытаным калючым дротам канцлагерам. Як вам гэта ўдалося?


– Гэта таямніца і для мяне таксама. Слухайце, ну пяцелька з кожным месяцам зацягвалася. Я гэта адчуваў… І зараз краіна для мяне яшчэ больш выглядае канцлагерам, чым пару гадоў таму, калі я яшчэ працаваў і здымаўся. На фоне гвалту гэта было непрыемна, але працаваць трэба было. Мне казалі: ты дурны, што вы там такое выпусцілі? А я думаў, ну мы ж і раней гэта рабілі пра чыноўнікаў, у Купалаўскім, на капусніках. І хтосьці ж нават у СССР працягваў жартаваць, Жванецкі той жа. Карацей, я сам сябе гэтак падманваў. 


– Чаму вас не чапалі? Якая вашая версія?


– Памятаеце візіт Лукашэнкі ў Купалаўскі тэатр пасля таго, як мы сышлі? Гэта калі Няфёдава плакала. І ён тады сказаў пра нас, маўляў, не чапайце іх, «эта маё упушчэніе». Як заробяць долар – хай гэта іх будзе долар. Не ведаю, можа, гэта паўплывала…


– А можа, яны не ўспрымалі «ЧынЧынаў» як гумарыстычны праект і думалі, што гэта ўсур'ёз?..


– Наўрад ці (смяецца). Мы шмат думалі, чаму мяне так доўга не чапалі. Незразумела. 


– А ўзялі толькі тады, калі вы з Міхасём Зуем паквапіліся на самае святое для пагонагаловых і
апранулі мундзіры?..


– Але ж мундзіры вайсковыя – не міліцэйскія. Ды і праглядаў было не так шмат, хоць я лічу гэта культавым серыялам. Там вельмі шмат знаходак – і мастацкіх, і тэхнічных. 


"Кватэру ў Беластоку знайшлі". Фота: Белсат
"Кватэру ў Беластоку знайшлі". Фота: Белсат

«Відаць, моцна пакрыўдзіліся на аўтараў «Працэсаў»


– Ці спрабаваў ГУБАЗіК з вамі заігрываць?


– Анягож! Нават серыял «Працэсы» згадалі. Калі прывезлі ў Фрунзенскі РУУС, доўга вырашалі, куды мяне везці далей – ў Першамайскі ці Ленінскі. І адзін такі: «Давай куды-небудзь, у мяне няма месца». А другі: «Шчас как в этам фільме палучыцца – у сям'ю павязём, б…дзь». Вось, глядзелі, значыцца, прынамсі – эпізод «Ператрымка». У іх там асобная папка на ўвесь серыял заведзеная. Відаць, моцна яны пакрыўдзіліся на аўтараў. 



– А што пра «Белсат» казалі, супрацу з якім вам хацелі прышыць?


– Ну, на «Белсат» там вялікая справа. У кабінеце ляжыць вялікая папка з «Белсатам» – з выявамі, здымкамі. Пагартаў, паглядзеў на сябе, на сувядоўцаў. Спыталі, каго ведаю… Мяне яшчэ следчы камітэт чакаў пасля содняў, але ж нешта яны перайгралі. Падвесілі мяне на кручок, у сваю гульню ўставілі. Я не захацеў у яе гуляцца. Таму і з'ехаў.


 
– А што гэта быў за праект на ТНТ?


– Камедыя нейкая. Мне дасталася зноў такога тупога мянта граць – даішніка. А я яшчэ гады два таму зарокся граць міліцыянтаў. Маўляў, хопіць ужо з мяне. А як толькі зарокся, адразу падумаў, ну, усё, п…ц, зараз адны мянты пойдуць. Так і сталася. 


Я пасля «Песняроў» сыграў, у нейкім серыялу бацьку, які разам з мянтом вызваляе з закладнікаў свайго сына. А потым мне зноў прапанавалі ролю мыліцыянта. Але савецкага ўзору. Савецкіх я яшчэ не граў ніколі, ну і згадзіўся. Паабяцаў сабе, што, цяпер, ужо дакладна, – апошні раз (смяецца). «Федзя. Народны футбаліст» – так называецца баёпік, пра


Фёдара Чаранкова
. Там ёсць эпізод пра цісканіну ў Маскве перад матчам «Спартака» з нейкімі галандцамі, па-мойму, якая прывяла да ахвяраў. І я сыграў міліцыянера, праз якога ўсё і здарылася. Эпізод здымалі на менскім «Дынама», і я там стаю на стадыёне. І гэта быў мой апошні эпізод пасля 2020 года. 


А тут – яшчэ адзін мент, на ТНТ. І я думаю, не. Якія камедыі, калі вайна пад бокам? Не захацеў ісці на здзелку з сумленнем. Але дадам, што усё адно вельмі ўдзячны людзям, якія ціхенька звалі мяне ў кіно і давалі працу, ведаючы ў якім я становішчы ў Беларусі. Людзі ўсюды ёсць. І дзякую ім шчыра. 



"Якія камедыі, калі вайна пад бокам?". Фота: Белсат
"Якія камедыі, калі вайна пад бокам?". Фота: Белсат

«І раптам адчуваю, як накрывае мяне людская нянавісць»


– Дзмітрый, сыграўшы столькі роляў міліцыянтаў, улезшы, можна сказаць, у скуру, што важнага даведаўся пра іх?


– О, зараз распавяду вам трапную гісторыю. Я здымаўся некалі ў серыяле «Паласатае шчасце» у ролі даішніка Пранікава. І вось адзін эпізод рабілі на скрыжаванні каля Нацыянальнага радыё ў Менску. Здымкі патрабавалі перакрыцця дарогі, і мяне папрасілі: «У цябе вунь жазло і форма, ідзі перакрый уезд з плошчы Перамогі». Добра, кажу. Так я ўпершыню незаконна перакрываў дарогу (смяецца) ў фуражцы расейскага інспектара. 


Выходжу, падымаю жазло і свішчу ў свісток, для пэўнасці. Стаю і свішчу. Увесь у вобразе. І ўсе спыняюцца і чакаюць. І ўжо тады я зразумеў, што гэта. Гэта улада, гэта беспакаранасць, цябе ўсе слухаюцца, ты можаш рабіць усё, што хочаш, а яны будуць чакаць. Гэта наркотык, гэта кайф! Ты ўладар свету. Гэта я зразумеў пра іх…


Карацей, стаім і стаім. Высоўваецца раптам п'янае рыла нейкае з адной машыны і крычыць: «Э, б..дзь, чо за форма? Чо за дзела, б..дзь?» Я стаю такі і кажу: «Сумесныя вучэнні! Какіе вапросы?». Той і заткнуўся. 


І вось гэтае напружанне, гэтая калона перад табой… І раптам я адчуў, як да мяне падплывае зверху і накрывае мяне нешта чорнае – людская нянавісць. Адчуў амаль фізічна. Вось вам адказ на вашае пытанне. 


– Дзякуй. Цяжка ім, бедным. Як, пэўна, і чыноўнікам. Ваш персанаж Мікалай Сяргеевіч з «ЧынЧыну» адбыў разам з вамі 14 содняў і цяпер, напэўна, будзе троху іншы?


– Ну не-е! Я там быў, там харашо (гаворыць голасам Мікалая Сяргеевіча – заўв. «Белсат»). Няма чаво баяцца. Асоба не бойцеся! Едзінственае, што вам прыдзёцца здзелаць после вашава пансіянатнага прэбыванія, эта аплаціць шчот. Не забывайце! Там дажэ на сценках прэйскурант вісіць, сколька суткі стояць (смяёмся). 


Ну, разумееце, гэта ў мяне, можа быць, так абышлося, і я зараз жартую. Але насамрэч, людзі, каторыя атрымліваюць гады няволі – гэта жах.


"Людзі, каторыя атрымліваюць гады няволі – гэта жах". Фота: Белсат
"Людзі, каторыя атрымліваюць гады няволі – гэта жах". Фота: Белсат

Шматдзетны тата, Чычыкаў і «Эмігранты»


– Каб вас папрасілі назваць тры свае галоўныя ролі у жыцці і тэатры – якія б назвалі?


– Ну, па-першае, шматдзетны тата. Роля, якая з 2020 года да мяне прыклеілася. Прычым дакументальна пацверджаная, не проста так. 


Потым – Чычыкаў. Такі ў мяне старт у Купалаўскім быў. У 23 гады Чычыкова сыграў, пры тым што Чычыкаву ў рамане 33-34. Але даў рады, нармальна. Адчуваў, што Мікалай Васільевіч Гогаль назірае за мной. У розных п'есах яго персанажы даставаліся. 


Ну і праз усю маю кар'еру акторскую ідзе роля, якая, як я зразумеў, мяне да нечага рыхтуе, – гэта роля ў спектаклі «Эмігранты» паводле Славаміра Мрожэка. Пачалося яшчэ з акадэміі, і заўсёды яно са мной, гэтая п'еса і гэтыя вобразы. 


У камеры на Акрэсціна я чытаў яе ў дзвюх асобах сукамернікам. Яны слухалі, як дзеці казачку. Хацеў зняць яе ў кінафармаце, але не паспеў. Можа, тут атрымаецца. Бо цяпер польскі аўтар з творам «Эмігранты» дакаціўся да мяне ўжо ў літаральным сэнсе (смяецца).


– Размаўляў з адным беларускім эмігрантам і былым палітвязнем
Віктарам Панцялеевым, які адсядзеў на зоне амаль 4 гады. І калі гаворка зайшла пра цяжкасці эміграцыі, ён кажа мне: «Зміцер, пасля таго, што я прайшоў, я гляджу тут на гэтыя цяжкасці – і мне хочацца смяяцца…»


– І ён мае рацыю. Я нядаўна прыехаў до сяброў, а яны там сварацца з-за нейкай бытавухі. Я гляджу і думаю: госпадзі, дзіцячы садок нейкі! Гэтак думаеш пасля 4 гадоў страхаў і чакання, што да цябе ўломяцца ў дзверы. А людзі сядзяць у турмах, і ім яшчэ цяжэй… 


У нас акно камеры выходзіла на бок дарожкі, на выхадзе з ЦІПу. І там можна прайсціся. Дык чалавек, які выходзіў, патэлефанаваў маёй жонцы, і яна ранкам падышла туды. І ты яе бачыш і, акрылены, крычыш: а-а-а! Ідзіце паглядзіце, вунь жонка мая падышла! Гэта шчасце ў чыстым выглядзе! Больш нічога не трэба! 


Зразумела, бытавуха шмат адбірае, яна як чорная дзірка. Але ж рукі ёсць, ногі ёсць, ходзіш, дыхаеш, галава на месцы. Можна жыць і нешта рабіць!


– Абсалютна.


– Хаця пасля адседкі, прызнаюся, депрэсія была крэпкая ў мяне. Проста не ведаеш, што рабіць. Ты як пінгвін, якога перавярнулі і на галаву паставілі. Нічым паварушыць не можаш, а трэба нешта рабіць… А вось прайшло два месяцы – і я з вамі размаўляю і пасміхаюся. І дзялюся добрым настроем.


"Людзі сядзяць у турмах, і ім яшчэ цяжэй…". Фота: Белсат
"Людзі сядзяць у турмах, і ім яшчэ цяжэй…". Фота: Белсат

«Нас пытаюцца прыпугнуць татара-мангольскім ігам»


– І смеяцеся! Бытавуху пераможаце. І я ўпэўнены, што беларусы вам дапамогуць у гэтым. 


– І велізарны дзякуй тым, хто нам дапамагае. Выкажу яшчэ асабіста вялікую падзяку камандзе фонду «BYSOL» і Андрэю Стрыжаку – за наш выезд, за карысныя парады і за магчымасць збору на платформе фонду. 


– Закругляемся. Ваша фірмовая фраза ў «ЧынЧынЧэнэл»: «А знаеце, Сяргей Мікалаевіч…» Прадоўжыце, калі ласка.


– А знаеце, Сяргей Мікалаевіч, вот нас пытаюцца ўсе ўстрашыць, гдзе-та прыпугнуць дажэ мангола-татарскім ігам, а гдзе-та і проста непаслушнымі людзьмі. Но стоіць нам асматрэць нашы краявіды, как гаварыцца здзесь па-тутэйшаму, взглянуць на наша сонца – і мір рэальна становіцца прэкрасней, не так лі, Сяргей Мікалаевіч? 


– Абсалютна с вамі сагласен, мой дарагой друг, Мікалай Сяргеевіч (смяёмся).


Зміцер Міраш belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10