Мінабароны Расеі сцвярджае, што за ноч «знішчана і перахоплена» 158 беспілотнікаў у 15 рэгіёнах краіны. Месцамі ўзніклі пажары.
Больш за ўсё дронаў, паводле абароннага ведамства, збілі ў Курскай вобласці — 46. Над тэрыторыяй Бранскай вобласці, што мяжуе з Беларуссю, — 34, у Варонежскай — 28, у Белгародскай — 14, у Разанскай — 8, у Маскоўскай — 7, у Калужскай — 5, у Ліпецкай — 4, у Тульскай — 3, у Маскве, Тамбоўскай і Смаленскай вобласцях — 2, у Арлоўскай, Цвярской і Іванаўскай — 1.
Акрамя таго, адзін беспілотнік збіты каля Яраслаўля, паведаміў губернатар. Міністэрства абароны Расеі гэты рэгіён у сваёй справаздачы не згадвала.
У Маскве два БПЛА атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у раёне Капотня. Улады сцвярджаюць, што абодва былі збітыя, аднак медыі апублікавалі відэа з наўпроставым ударам па прадпрыемству. Узнік пажар, паводле мэра Сяргея Сабяніна, загарэлася «тэхнічнае памяшканне», і пагрозы працы заводу няма.
У Маскоўскай вобласці дроны перахапілі ў Падольску, Ступіне, Адзінцове, Ленінскай гарадской акрузе. У Раменскай акрузе збіты беспілотнік упаў каля жылых дамоў. У Кашырскай гарадской акрузе была спроба атакаваць электрастанцыю, мясцовыя ўлады запэўніваюць, што «ахвяраў і разбурэнняў няма, пажару не было».

У Канакове Цвярской вобласці таксама атакаваная электрастанцыя. Улады адсправаздачыліся, што пажар лакалізаваны, пацярпелых няма, электразабеспячэнне ў рэгіёне не парушанае.
Улады Варонежскай вобласці паведамілі пра пашкоджанне трох жылых дамоў у выніку атакі беспілотнікаў, пацярпелых няма.
У Ліпецку, паводле губернатара, дроны збілі над прамысловай зонай, ніхто не пацярпеў. «На зямлі наступстваў амаль няма», — сцвярджае Ігар Артамонаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu