Выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў паведаміў у Фэйсбуку, што 30 жніўня суд завочна пакараў яго чатырма гадамі зняволення.
Акрамя чатырох гадоў калоніі актывісту прысудзілі штраф у памеры 24 тысяч рублёў. Вадзіма Саранчукова судзілі паводле ч.1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Саранчук асобна «падзякаваў» адвакату Раману Гушчыну, які прызнаў за яго віну ў поўным аб'ёме.
«Не маю за што выбачацца ці саромецца. Лічу, што ўсё раблю слушна!» - зазначыў выканаўца абавязкаў старшыні Партыі БНФ.
Саранчукоў лічыць, што неўзабаве яго ўнясуць у спіс экстрэмістаў, і падпіска на ягоныя сацсеткі стане небяспечнай, таму заклікаў улічваць гэта тых, хто застаецца ў Беларусі.
Справу Саранчукова суд разглядаў у рамках спецвядзення - гэта рэпрэсіўны механізм, які дазваляе судзіць апазіцыянераў і проста іншадумцаў завочна, калі яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Адвакатаў па такіх справах прызначае дзяржава і звычайна яны нават спрабуюць высветліць пазіцыю абвінавачанага. Падсудным таксама адмаўляюць у дыстанцыйным азнаямленні з матэрыяламі і ўдзеле ў судовым пасяджэнні ў онлайн-фармаце.
Глеб Нержын belsat.eu