Заслужаны артыст Беларусі Георгій Маляўскі шмат гадоў прапрацаваў у Купалаўскім тэатры і сышоў у сувязі з падзеямі 2020 году. Ён памёр на 78-м годзе жыцця. Пра гэта паведамляе Zerkalo.io.
Георгій Маляўскі нарадзіўся ў 1946 годзе ў Менску. У 1970-м скончыў акцёрскі факультэт беларускага Тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мастацтваў). Працаваў у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі ў Бабруйску. З 1971 года - у Купалаўскім тэатры.
На купалаўскай сцэне сыграў дзясяткі роляў, сярод найбольш значных — А. А. («Эмігранты» Мражэка) і Ян Дабровіч («Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча). Таксама шмат здымаўся ў кіно.
У 2020 годзе разам з большай часткай трупы Купалаўскага тэатра запатрабаваў спыніць гвалт сілавікоў і выступіў за пералік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах. Пасля таго як гэтыя патрабаванні былі праігнараваныя, артыст разам з іншымі купалаўцамі звольніўся. Далучыўся да незалежнай тэатральнай трупы «Вольныя Купалаўцы».
Маляўскі зняўся ў нас як найменей у сямі эпізодах «Лабірынтаў» - гістарычнага праекту «Белсату», прысвечанага класікам беларускай літаратуры і мастацтва, што жылі ў пачатку XX стагоддзя. Апошняя ягоная праца - агучка Бадзі ў мультсерыяле «Прызма часу».
Глеб Нержын belsat.eu