Паветраныя сілы ЗСУ сцвярджаюць, што падчас паветранай атакі на Украіну ў ноч на 31 жніўня расейскі дрон-камікадзэ тыпу «Shahed-131/136» заляцеў у паветраную прастору Беларусі.
Як паведамляюць Паветраныя сілы ЗСУ, у ноч на 31 жніўня Расея атакавала Украіну балістычнаю ракетаю «Іскандэр-М», чатырма зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300 і 52-ма ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed-131/136». Усе запускі ажыццяўляліся з тэрыторыі РФ і акупаваных тэрыторыяў Украіны.
Пад пагрозаю быў Кіеў (паветраная трывога сумарна трывала 4 гадзіны), але атаку атрымалася адбіць. 24 дрона-камікадзэ знішчылі ўкраінскія сілы супрацьпаветранай абароны, 25 упалі самастойна. Два «Shahed-131/136» потым развярнуліся і паляцелі ў бок РФ, а яшчэ адзін - у Рэспубліку Беларусь.
Пра тое, што адзін «Shahed-131/136» паляцеў Беларусь, раней таксама паведаміў тэлеграм-канал «Николаевский ванёк»: сцвярджалася, што реасейскі беспілотнік рухаўся з боку Чарнігаўскай вобласці.
На гэтым тыдні фіксавалася некалькі выпадкаў, калі падчас расейскай паветранай атакі на Украіну дроны-камікадзэ заляталі ў Беларусь. Паводле інфармацыі маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», у ноч на 29 жніўня для знішчэння расейскага БПЛА беларускі бок выкарыстаў вайсковую авіяцыю - гэта першы такі выпадак за ўвесь час вайны. Здарэнне адбылося ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці. Афіцыйных заяваў на гэты конт не было.
Як адрэагавалі беларускія вайскоўцы на з’яўленне ў небе расейскага «Shahed» 31 жніўня і што далей здарылася далей з БПЛА, пакуль невядома.
Глеб Нержын belsat.eu