У верасні ў Беларусі пачнецца новы навучальны год. Улады таксама абяцаюць рост заробкаў у бюджэтнай сферы і павелічэнне памеру дапамогі на пахаванне. Пры гэтым у краіне працягнуцца рэпрэсіі, а таксама падаражэюць школьныя падручнікі. Пра гэтыя і іншыя змены — у аглядзе «Белсату».
Палітычныя суды
2 верасня Менскі гарадскі суд пачне разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да заснавальніц стартап-хабу «Імагуру». Іх абвінавачваюць паводле дзясятку артыкулаў КК: ад ухілення ад выплаты падаткаў да змовы з мэтай захопу ўлады. Да гэтага стартап-хаб быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
У Менскім абласным судзе пройдуць суды над палітзняволенымі, затрыманымі 23 студзеня падчас масавага рэйду сілавікоў па сваяках палітзняволеных і людзях, якія дапамагаюць ім. Марыну Гацуру пачнуць судзіць 2 верасня, Юлію Краўцову — 3 верасня. Ім выставілі абвінавачванні паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
У Наваполацку і Мазыры 5 верасня адбудуцца суды над палітвязнямі Тамазам Піпіям і Уладзімірам Цыгановічам. Іх абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»).
Магілёўскі абласны суд 18 верасня разгледзіць апеляцыйную скаргу Эдуарда Бабарыкі, асуджанага ў ліпені 2023 года да васьмі гадоў зняволення. 12 ліпеня ў Бабруйску яго асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК на дадатковыя два гады зняволення.
23 верасня Мінскі гарадскі суд пачне разглядаць у парадку спецыяльнага вядзення справу заснавальніка клінікі «Новы Зрок» Алега Каўрыгіна. Яго абвінавачваюць як па эканамічных, так і «экстрэмісцкіх» артыкулах. У 2023 годзе Міністэрства аховы здароўя спыніла дзеянне ліцэнзіі клінікі «Новы зрок», а затым КДК абвінаваціў клініку ў працы без ліцэнзіі з 2011 года. Каўрыгін назваў справу палітычнай.
27 верасня Менскі гарадскі суд разгледзіць адразу тры позвы ўладаў аб ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў: Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Культурны абмен», грамадскага аб’яднання «Спартыўны клуб ВМХ», Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва».
Вырастуць заробкі бюджэтнікаў
У Беларусі з 1 верасня павялічваецца базавая стаўка для аплаты працы ў бюджэтнай сферы. Яе памер складзе Br 253 замест цяперашніх Br 250. Паколькі базавая стаўка — асноўны элемент тарыфнай сістэмы, на падставе якой аплачваецца праца работнікаў бюджэтных і прыраўнаваных да іх арганізацый, то з 1 верасня павялічацца і зарплаты бюджэтнікаў.
Акрамя таго, з 1 верасня павысяць заробкі майстрам вытворчага навучання ўстаноў адукацыі на 15 % ад акладу, бацькам-выхавальнікам дзіцячага дома сямейнага тыпу, прыёмным бацькам у прыёмных сем’ях на 25 % ад акладу, работнікам аб’ектаў грамадскага харчавання (загадчык сталоўкі, шэф-кухар, кухар, кухонны працаўнік, кладаўшчык) ва ўстановах адукацыі на 50 % ад акладу.
Пералік відаў дзейнасці для рамеснікаў
Савету Міністраў даручана да 1 верасня вызначыць пералік відаў рамеснай дзейнасці. У адпаведнасці з ім з 1 кастрычніка будзе ажыццяўляцца рэгістрацыя фізічных асобаў у якасці рамеснікаў.

Пачатак навучальнага года
2 верасня ў школах і гімназіях Беларусі пройдуць урачыстыя лінейкі, прымеркаваныя да Дня ведаў. Сёлета за парты сядуць каля 1,07 млн навучэнцаў, у тым ліку каля 105 тыс. першакласнікаў.
Школьнікі абавязаныя насіць дзелавы стыль адзення, пры гэтым дзелавое адзенне адзінага стылю патрэбнае толькі для школьнікаў-удзельнікаў пілотнага праекту. Што да даведкі да 1 верасня, то яна патрэбная толькі першакласнікам. Для астатніх школьнікаў даведка робіцца адзін раз на год паводле веку.
Да 1 верасня павінен быў завяршыцца перавод беларускіх школ на новую сістэму арганізацыі харчавання. Згодна з ёй, дзеці прымаюць ежу адзін раз, калі знаходзяцца ў школе ад 3,5 да 6 гадзін, і двойчы, калі праводзяць у ёй ад 6 да 10 гадзін. Таксама змяніўся час першага прыёму ежы. Школьнае меню разнастаілі стравамі.
Падручнікі падаражэюць
Бацькі школьнікаў у новым навучальным годзе павінны заплаціць за карыстанне падручнікамі Br 20, для выхаванцаў дзіцячых садоў сума складае Br 8. Летась плата за іх была на Br 1,5 меншай. Бацькі дзяцей са шматдзетных сем’яў заплацяць за падручнікі Br 10. Заплаціць трэба да 1 кастрычніка і перадаць квітанцыю ў школу.
Новыя спецыяльнасці ў ВНУ і прадметы ў школах
З 1 верасня шэраг беларускіх ВНУ пачнуць навучаць на новых спецыяльнасцях. У БДУ адкрыюць спецыяльнасці «краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць», «міжнародная канфлікталогія» і «міжнародная лагістыка». БДУІР пачне навучанне на «электронным машынабудаванні», «кіберфізічных сістэмах» і «лічбавым маркетынгу», ў БДТУ запусцяць «праектаванне, будаўніцтва і эксплуатацыя беспілотных сістэм».
Новы прадмет — «Уводзіны ў школьнае жыццё» — з’явіцца і ў школах. На ім будуць вучыць першакласнікаў правільна сядзець, трымаць асадку, распазнаваць эмоцыі чалавека, правільна размаўляць, супрацоўнічаць з іншымі людзьмі, выхоўваць «павагу да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь».
Закрыюцца прыватныя ВНУ
З 1 верасня перастане працаваць Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. Перад гэтым 30 жніўня закрыецца БІП (Універсітэт права і сацыяльных тэхналогій).

Падатковай паведамяць пра вялікія сумы на рахунках
Банкі абавязалі паведамляць у падатковую аб рахунках, на якія за год паступіла Br 150 000 і больш. Інфармацыю за 2023 год ім трэба падаць да 1 верасня. У гэтым ліміце не будуць улічвацца адмены плацяжоў, звароты, налічаныя банкам працэнты, авердрафты і залічаныя на рахунак крэдыты. Сярод іншага банкі будуць паведамляць пашпартныя звесткі кліента, даты адкрыцця і закрыцця рахунку, а таксама валюту гэтага рахунку.
Дапамога на пахаванне вырасце
Памер дапамогі на пахаванне пераглядаецца ў Беларусі штомесяц у залежнасці ад велічыні сярэдняга заробку ў краіне за пазамінулы месяц, калі лічыць ад даты смерці. З 1 верасня памер дапамогі на пахаванне складзе Br 2355,1. Павелічэнне адносна жніўня склала Br 85.
Змяненні ў працы банкаў
«Сбер Банк» з 1 верасня зніжае кошт за скасаванне пакету паслуг «СберПервый», змяняе механізм пераафармлення картак у пакетах паслуг, а таксама ўзнагароджанні і ўмовы бясплатнасці паводле пакетаў паслуг «DanaCard», «LaCard», «Кобрэндынгавая карта з ФК „БАТЭ“», карткі Visa Rewards, «КартаFUN». Акрамя таго, зменіцца памер налічэння money-back у картачным прадукце Ultra Card.
«Банк ВТБ» з 1 верасня адкарэктуе ўмовы аплаты абслугоўвання картак. Гэтак, перастануць лічыцца рухам сродкаў на рахунку атрыманне працэнтнага даходу і пералічэнне сумы пасля заканчэння размяшчэння ўкладу. Плата за абслугоўванне карткі не будзе спаганяцца ў выпадку, калі цягам месяца на рахунку адлюстроўваліся толькі залічэнні даходаў, налічэнні або спісанні банкам камісій, плацяжы па крэдытах і ў рамках аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы выканання грашовых абавязкаў. Бясплатнае абслугоўванне таксама актывуецца пры дасягненні пэўнага аб’ёму сродкаў на дэпазітах, сярэднедзённай рэшты на рахунку або сумы пакупак па картках.
«Беларусбанк» з 23 верасня адменіць абмежаванні максімальнай сумы адной аперацыі па пераводах з карткі на картку з дапамогай мабільнага банкінгу, інтэрнэт-банкінгу, інфакіёску, банкамату. Цяпер ліміты такіх пераводаў складаюць Br 999,9 (альбо $ 500, € 450, 35 000 расейскіх рублёў).
Змяненні ў працы мабільных аператараў
Кампанія А1 з 1 верасня знізіць для бізнесу кошт падпісак на сэрвісы платформы «Яндэкс 360» — віртуальнай карпаратыўнай працоўнай прасторы, дзе ёсць электронная пошта, месэнджар, каляндар.
А ў МТС да канца верасня дзейнічае акцыя «Супербонусы 2024» для новых абанентаў. Паводле тарыфнага плану «#Супер 10» абанплата зніжаная да Br 15,9 на першыя 90 дзён, «#Супер 30» — да Br 22,9, «#Супер 50» — да Br 30,9.

Прызыў на тэрміновую службу
У верасні — лістападзе пройдзе прызыў на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве мужчынаў-грамадзянаў Беларусі, якім да дня прызыву споўнілася 18 гадоў і якія не маюць права на адтэрміноўку.
Змяненні ўвозу жывёл у ЕС
З 16 верасня зменяцца правілы ўвозу свойскай жывёлы ў Еўразвяз з Беларусі і Расеі. Для ўвозу сабак, катоў або тхароў трэба будзе падаваць дакумент з вынікамі тэсту на антыцелы да віруса шаленства, узятага прынамсі праз 30 дзён пасля вакцынацыі і за тры месяцы да выдачы ветэрынарнага сертыфікату і ўезду ў ЕЗ. Ветэрынарны сертыфікат павінен быць узору Еўрапейскага Звязу і выдадзены дзяржветэрынарам трэцяй краіны. Жывёла павінна будзе мець падскурны мікрачып ці татуіроўку.
Абарона мяжы Літвы
Літва ў рамках праграмы ваеннай контрмабільнасці ў верасні пачне будаваць першыя фартыфікацыйныя збудаванні на мяжы з Калінінградскай вобласцю Расеі і Беларуссю.
Язда з уключанымі фарамі
У сувязі з пачаткам навучальнага года кіроўцы па 5 верасня павінны будуць ездзіць з уключанымі фарамі днём. Гэта мае павысіць узровень адказнасці бацькоў і кіроўцаў, а таксама прыцягнуць ўвагу да бяспекі дзяцей.

Змены для кадэтаў і сувораўцаў
З 1 верасня змяняецца праграма курсу дапрызыўнай і медычнай падрыхтоўкі для вучняў дзявятых класаў кадэцкіх і сувораўскіх вучэльняў, спецыялізаваных ліцэяў. Курс уключае страявую, агнявую, тактычную падрыхтоўку, вывучэнне ваеннай тапаграфіі, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, ваенна-медычную падрыхтоўку.
Забарона палётаў
Да 30 верасня працягнутае дзеянне забароненай зоны для палётаў на поўдні Беларусі. Абмежаванне не датычыць вайсковай і памежнай авіяцыі Беларусі, а таксама авіяцыі МНС, што выкарыстоўваюць пры тушэнні пажараў і для санітарных рэйсаў. Забароненая зона дзейнічае з 24 лютага 2022 года.
Змяненні ў працы БЧ
Беларуская чыгунка 11 і 12 верасня часова зменіць графік руху асобных цягнікоў на ўчастку Магілёў—Асіповічы. На перагоне Слонім—Азярніца 2, 5, 9, 12, 16—19, 23—26 верасня часткова змяняецца маршрут і расклад руху пасажырскага цягніка № 680 Горадня—Віцебск.
Новая сесія Палаты прадстаўнікоў
Чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адкрыецца 17 верасня. У ёй ідзе праца над 16 законапраектамі.
Макар Мыш belsat.eu