Уладзімір Пуцін 3 верасня павінен наведаць Манголію - гэтая краіна падпісала Рымскі статут, таму абавязаная арыштаваць расейскага кіраўніка на падставе ордэра Міжнароднага крымінальнага суда. Прадстаўнікі МУС нагадалі мангольскім уладам пра гэта.
Прэс-сакратар МУС Фадзі Эль-Абдала ў размове з BBC сказаў, што краіны-чальцы суда «нясуць абавязак супрацоўнічаць у адпаведнасці з главой IX Рымскага статута».
Прэс-сакратар МУС удакладніў, што выпадкі «адмовы ад супрацы» з боку дзяржаваў, якія падпісалі дамову, будуць падрабязна вывучацца, пасля чаго Асамблея ў складзе ўсіх краін-удзельніц можа «прыняць [супраць парушальнікаў] любыя захады, якія палічыць неабходнымі».
МУС не мае ўласных сілавых органаў. Падазраваных арыштоўваюць яго краіны-сябры на сваёй тэрыторыі, для чаго неабходная адпаведная воля ўладаў гэтых краінаў.
BBC зазначае, што ў Рымскім статуце ёсць агаворка, што дзяржавы-члены могуць быць вызвалены ад сваіх абавязкаў, калі іх выкананне прымусіць іх «парушыць ранейшы дамоўны абавязак» у адносінах да іншай дзяржавы або парушыць дыпламатычную недатыкальнасць прадстаўнікоў або ўласнасці трэцяй краіны. Выпадкі невыканання ордэраў на арышт ужо былі: у 2015 годзе тагачасны кіраўнік Судану Амар аль-Башыр без перашкодаў зладзіў візіт у ПАР, нягледзячы на абвінавачванні МУС.
3 верасня Уладзімір Пуцін наведае з афіцыйным візітам Манголію на запрашэнне прэзідэнта краіны Ухнаагійна Хурэлсуха. Гэтая паездка стане першым візітам расейскага кіраўніка ў краіну, якая прызнае юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда, які ў сакавіку 2023 года выдаў ордэр на ягоны арышт паводле абвінавачвання ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
У МЗС Украіны заклікалі Манголію выканаць свае абавязкі перад МУС, арыштаваць Пуціна і перадаць яго ў Гаагу. «Украінскі бок спадзяецца, што ўрад Манголіі ўсведамляе той факт, што Уладзімір Пуцін з'яўляецца ваенным злачынцам», - гаворыцца ў заяве ведамства.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў 30 жніўня, што перажываць Крамлю няма пра што. «У нас выдатны дыялог з нашымі сябрамі з Манголіі, — адзначыў ён. — Зразумела, усе аспекты візіту старанна рыхтаваліся».
Паводле інфармацыі «Bloomberg», улады Манголіі запэўнілі Расею, што Пуціна не затрымаюць.
Глеб Нержын belsat.eu