Вечарам 30 жніўня ўлады Белгарадскай вобласці спачатку хваліліся працай супрацьпаветранай абароны, а затым заявілі аб абстрэле касетнымі боепрыпасамі. Мясцовыя Telegram-каналы сцвярджаюць, што бачылі целы двух загінулых, мясцовыя ўлады заяўляюць аб пяці забітых украінскім ударам.
Расейскі Белгарад вечарам 30 жніўня, імаверна, трапіў або пад украінскі абстрэл, або пад наступствы працы расейскай супрацьпаветранай абароны. У горадзе чулі выбухі, пачаліся пажары, ёсць загінулыя. Аднак дэталі супярэчлівыя.
Спачатку губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў паведамляў аб працы супрацьпаветранай абароны і збіцці некалькіх цэляў на падлёце да гораду, трапленні снараду ў легкавы аўтамабіль і смерці аднаго чалавека, сямі параненых.
Пазней ён заявіў, што ўкраінскія войскі атакавалі горад касетнымі боепрыпасамі з рэактыўнай сістэмы залпавага агня «Вампір» (чэшскай дапрацоўцы савецкага «Граду»). Паводле яго, загінулі пяць чалавек, параненыя 37, у тым ліку шэсць дзяцей. У выніку атакі ў Белгарадзе, піша ён, прабітыя дахі і выбітыя вокны ў двух шматкватэрных дамах, пашкоджаныя два сацыяльныя і два камерцыйныя аб’екты, а пад Белгарадам загарэліся два дамы.
Мясцовыя Telegram-каналы паведамлялі аб прынамсі двух загінулых, публікавалі кадры некалькіх пажараў, у тым ліку гандлёвага цэнтру, і шматлікіх згарэлых машынаў, а да таго – сляды працы супрацьпаветранай абароны. Адзін з каналаў выказаў здагадку, што Белгарад абстралялі 122-мм снарадамі з «Граду», іншы ж пісаў, што «пасля працы СПА над Белгарадам бачны дым».
Кадраў непасрэдна ўдараў па Белгарадзе на момант публікацыі знайсці не ўдалося – хіба відэа, на якім толькі чуваць серыю выбухаў. Такім чынам, немагчыма зразумець, ці былі выбухі вынікам непасрэднага абстрэлу, ці няўдалай працы супрацьпаветранай абароны над горадам супраць снарадаў, якія мелі цэлі за горадам.
Алесь Наваборскі belsat.eu