Вядома, што судзілі грамадзяніна Расеі Дзмітрыя Шлэтгауэра і што 30 жніўня планавалі разглядзець апеляцыйную скаргу, ды як першы, так і другі суд закрытыя.
Праваабаронцы «Вясны» звярнулі ўвагу на абвестку пра разгляд апеляцыйнай скаргі кагосьці Дзмітрыя Шлэтгауэра. Суддзя Эдгар Марцірасян меў разглядзець яе 30 жніўня на закрытым паседжанні ў Берасцейскім абласным судзе.
Справа тычылася артыкулаў за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 арт. 361-4 КК РБ) і «Шпіянаж» (арт. 358 КК РБ). Пра першы працэс не паведамлялі, ён праходзіў у закрытым рэжыме, як і разгляд апеляцыі. Праваабаронцы не ведаюць дэталяў справы.
Але арт. 358 у Беларусі могуць ужываць толькі супраць замежных грамадзянаў. З 2020 года паводле яго асудзілі толькі трох чалавек: грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу і ўкраінцаў Андрэя Шмая і Наталлю Захаранку (апошнюю вызвалілі ў межах абмену 28 чэрвеня 2024 года).
Арганізацыя «BELPOL» паведаміла «Медыязоне», што Шлетгауэр – грамадзянін Расеі, нарадзіўся ў расейскім Слаўгарадзе, з 2018 года меў беларускі від на жыхарства, працаваў у Камянцы на прадпрыемстве вытворчасці палімернай прадукцыі і пакункаў.
Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, шпіянажам лічыцца «перадача, а таксама збор, выкраданне або захоўванне ў мэтах перадачы замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іхным прадстаўнікам звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты Беларусі, іншых дзяржаваў, міжнародных арганізацыяў і міждзяржаўных утварэнняў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь на падставе міжнародных дамоваў або ў сувязі з ейным ўдзелам у гэтых арганізацыях і ўтварэннях, наўмысна здзейсненыя замежным грамадзянінам або асобай без грамадзянства». Пакараць за гэта могуць пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з магчымым штрафам.
Алесь Наваборскі belsat.eu