«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 5 жніўня чытайце ў нашым матэрыяле.
Стабільная сітуацыя на паўночным усходзе
Цягам апошняга тыдня працягваліся баі на двух асноўных участках фронту на поўначы Харкаўскай вобласці - у аднайменным раёне паміж сёламі Ліпцы і Глыбокае, а таксама ў Чугуеўскім раёне на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў. Нягледзячы на ранейшае перакіданне рэзерваў Збройных сілаў Украіны, пакуль украінцам не ўдаецца адкінуць праціўніка да дзяржаўнай мяжы. Пры гэтым расейцы актыўна абараняюцца і самыя атакуюць - таксама без істотных поспехаў, - але агулам гэта па-ранейшаму дазваляе скоўваць значныя сілы праціўніка на поўначы краіны.
На паўночна-ўсходнім участку фронту (купянскі і ліманскі кірункі) ініцыятыва застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія маюць перавагу ў асабовым складзе і перыядычна атакуюць амаль па ўсёй лініі сутыкнення, імкнучыся выявіць слабыя месцы ў абароне праціўніка, і ў далейшым выціснуць яго на захад ад рэк Аскіл і Жарабец. Між тым пакуль ЗСУ ўдаецца ўтрымліваць пазіцыі, што ўпершую чаргу дасягаецца за кошт ужывання ўдарных дронаў.
Ніжэй па фронце (з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец) расейцы ціснуць на так званым сівэрскім выступе, але за апошні тыдзень істотных поспехаў не маюць.
Баі ў заходняй частцы Часавага Яру
Больш складанай для Збройных сілаў выглядае сітуацыя на краматорскім кірунку. Тут, паводле аналітыкаў праекту Deepstate, расейцы спрабуюць замацавацца на заходнім беразе каналу Сівэрскі Данец - Данбас у горадзе Часаў Яр. Адзначаецца, што расейцы дзейнічаюць мабільнымі групамі па 4-8 чалавек, імкнучыся заняць асобныя прыватныя будынкі ў населеным пункце, - пакуль беспаспяхова.
Між тым прарасейскі тэлеграм-канал канал «Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ усё ж удалося замацавацца на захадзе ад каналу, у прыватнасці, гаворыцца пра замацаванне ў асобных дамах на вуліцы Марыупальская у прыватным сектары мікрараёну «Кастрычніцкі». Паводле крыніцы, гэтаму поспеху папярэднічала выцісканне ўкраінскіх сілаў з урочышча «Арлова» на супрацьлеглым беразе каналу.
Акрамя гэтага адзначаецца узнаўленне актыўнасці расейцаў на паўднёвым фланзе кірунку, дзе яны вядуць баі за панавальныя вышыні ў ваколіцах зруйнаванага сяла Клішчыеўка. Пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка. Кантроль над гэтым участкам фронту патрэбны войскам РФ для далейшага атачэння гораду Часаў Яр з поўдня.
Выхад расейцаў да Тарэцку
Пагаршаецца становішча Збройных сілаў Украіны і на Тарэцкім кірунку, дзе праціўнік паступова прасоўваецца на ўсходзе і поўдні аднайменнай агламерацыі.
Па словах украінскіх вайскоўцаў, найбольш складаная сітуацыя назіраецца ў населеных пунктах Паўночнае і Залізнае.
Аналітыкі Deepstate гавораць, што ў Залізным расейцы ўжо знахозязцца на заходніх ускрайках, і цяпер ад самога Тарэцку іх аддзяляе каля 100 метраў.
«Рыбарь» піша, што войскі РФ ужо распачалі баі ў адміністыўных межах гораду, выбіўшы падраздзяленні ЗСУ з некалькіх пазіцыяў у прыватным сектары каля мясцовых могілак. Акрамя гэтага крыніца фіксуе прасоўванні расейскіх войскаў у населеным пункце Дружба. Таксама захоўваецца пагроза атачэння Збройных сілаў у ваколіцах Нью-Ёрку.
Самыя вайскоўцы ЗСУ пацвярджаюць удалыя дзеянні праціўніка, які пры штурме пазіцыяў амаль не ўжывае цяжкай тэхнікі, аддаўшы перавагу малым пяхотным групам.
Паступовы рух расейцаў на захадзе і поўдні ад Данецку
На суседнім пакроўскім кірунку расейцы таксама маюць істотную перавагу ў асабовым складзе, за кошт чаго амаль без перапынку штурмуюць пазіцыі Сілаў абароны Украіны і дасягаюць поспеху. Так, за апошні тыдзень яны занялі сёлы Тымафіеўка (Цімафееўка), Вясёлае і Навасёлаўка Першая.
Варта адзначыць, што поспех у першым населеным пункце паляпшае становішча войскаў РФ перад далейшым наступам на суседнія сёлы Ваздвыжанка і Лысычнае (Лісічнае). Плацдарм на гэтым участку фронту неабходны для руху у бок трасы Пакроўск - Канстанцінаўка.
Ад Навасёлаўкі Першай расейцы рухаюцца ў бок сяла Межавое (укр Межове), каб у выніку цалкам выбіць ЗСУ на захад ад ракі Воўча.
На курахаўскім кірунку расейцы амаль цалкам занялі горад Краснагораўка. Таксама ідзе ціск ніжэй па фронце на ўчастку ад Пабеды да Вадзянога. Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ адзначаюць павелічэнне колькасці атак з боку праціўніка, за кошт чаго войскі РФ намагаюцца знайсці слабыя месцы ў абароне ўкраінцаў. Таксама фіксуецца павелічэнне ўжывання цяжкай тэхнікі. Для прыкладу, у адной з атак было задзейнічана адразу 57 адзінак.
Прарасейскія крыніцы пішуць пра поспехі сваіх вайскоўцаў, у прыватнасці, заяўляецца пра пераразанне трасы Т-05-24 паміж сялом Канстанцінаўка і горадам Вуглядар.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu