навіны

Ва Украіне не «чужая вайна» – і трэба мяняць стаўленне беларусаў да яе. Дыскусія на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень.  Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Вільні 4 жніўня працягнулася трэцяя канферэнцыя дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». У другі дзень плануюць чатыры вялікія дыскусіяў і сесіі адказаў на пытанні наведнікаў. «Белсат» пераказвае галоўнае з дыскусіі пра падтрымку ваяроў.

У першы дзень прайшлі чатыры дыскусіі. Пераказ першай, якая тычылася галоўных выклікаў, чытайце тут. Пераказ другой пра Беларусь, Еўропу і аддзяленне беларусаў ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, чытайце тут. Пра трэцюю дыскусію – аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі – чытайце тут. Галоўнае з чацвёртай дыскусіі «Беларуская ідэнтычнасць у 2025 годзе: як захаваць і ўмацаваць» чытайце тут


Пасля дыскусіяў 3 жніўня выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская прызначыла трох новых прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету і разам з Кабінетам адказала на пытанні наведнікаў. Затым дэмакратычныя сілы прэзентавалі пагадненне аб супрацы між трыма структурамі і «Платформу 2025». Падрабязней пра гэта чытайце тут.


Жывую трансляцыю канферэнцыі ладзяць на Youtube. Поўная праграма канферэнцыі тут.


На адкрыцці другога дня канферэнцыі Ціханоўская перадала ўдзельнікам канферэнцыі словы глядачкі ўчорашніх дыскусіяў, якая застаецца ў Беларусі: тая пісала, што спадзяецца на дэмакратычныя сілы, але заклікае «не ныць і не скардзіцца», а быць голасам тых, хто ў Беларусі і там не мае голасу. Ціханоўская падкрэсліла: 

,,

«Мы не маем права падвесці тых, хто на нас разлічвае». А гэта не толькі тыя, хто можа пракаментаваць канферэнцыю, але і тыя, хто ў турмах. Важна дзейнічаць як адна супольнасць, дапамагаць адно аднаму, казала Ціханоўская.


Першая дыскусія ў другі дзень звалася «Беларускія добраахвотнікі і ветэраны: грамадскае стаўленне і сістэмная падтрымка».

Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень.  Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Добраахвотнікам і ветэранам патрэбная сістэмная дапамога. Што варта зрабіць


Амбасадар Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім адзначыў, што стаўленне да беларусаў ва Украіне было пераломленае дзякуючы беларускім ваярам, якія бароняць Украіну – гэта «навекі будзе ў нашым сэрцы». Ён згадаў беларусаў, загінулых у абароне Украіны і ўшанаваных на Сцяне памяці ў Кіеве. А загінула не менш за шэсць дзясяткаў беларусаў. 


Кізім адзначыў, што ва Украіне вядзецца праца над дапамогай беларусам у легалізацыі ці разблакаванні банкаўскіх рахункаў, але гэтая праца мае быць не на індывідуальным узроўні, як цяпер. Павінны быць сістэмныя рашэнні на заканадаўчым узроўні, і ёсць надзея на такія рашэнні, бо ў Вярхоўнай радзе Украіны ёсць група «За дэмакратычную Беларусь». Патрэбная і рэабілітацыя беларускіх ваяроў, але, адзначыў Кізім, ва Украіне ёсць праблема з рэабілітацыяй усіх ваяроў, бо праграмы рэабілітацыі залежныя ад дапамогі замежных партнёраў.

Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Ігар Кізім, Aмбасадар Украіны па асобых даручэннях па Беларусі. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Ігар Кізім, Aмбасадар Украіны па асобых даручэннях па Беларусі. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Кізіма пыталі таксама пра палонных беларусаў і палітвязняў, але амбасадар сказаў, што на гэтую тэму не можа шмат казаць публічна, каб не нашкодзіць. Можа сказаць, што пытанне ў фокусе, не забытае і абмяркоўваецца, усе магчымыя сродкі выкарыстоўваюцца. Кабанчук дадаў: прозвішчы двух беларускіх ваяроў, якія трапілі ў расейскі палон пад Лісічанскам у мінулым годзе, ёсць у спісах на абмен.


Дзейны добраахвотнік Андрэй Кушняроў адзначыў: Украіна цяпер страціла вялікую частку тэрыторыяў, але не ўсю краіну – поўнай катастрофы не адбылося. Кушняроў можа паехаць у Кіеў і Херсон, за які ваяваў. Але не можа паехаць у Менск – «нас выціснулі нават за Берасце». Беларусь, паводле яго, прайграная, і калі не пад акупацыяй, то як мінімум стала пратэктаратам Расеі. Цяпер добраахвотнікі ва Украіне змагаюцца ў тым ліку за шанец адбіць Беларусь, але толькі шанец, а не гарантыю. 

,,

Ён расказаў, што просіць Украіну, каб тая ваявала не да сваіх межаў 1991 года, а да капітуляцыі Расеі, бо Расея па добрай волі не адпусціць Беларусь.


Беларусаў жа ён заклікаў: калі лічыш Радзіму акупаванай, ідзі ваяваць, а калі не можаш ваяваць, дапамагай тым, хто можа.

Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Андрэй Кушняроў, Дзейны добраахвотнік. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Андрэй Кушняроў, Дзейны добраахвотнік. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Прыблізна 1300 беларусаў ужо прайшлі вайну і дэмабілізаваліся, некалькі сотняў беларусаў цяпер на фронце, адзначыў Кушняроў. 


Паводле ягоных падлікаў, у розных падраздзяленнях ЗСУ проста цяпер ваюе каля 350 беларусаў.


Ёсць зачаткі структураў для падтрымкі ветэранаў, але яны працуюць амаль без грошай. Ён заклікаў развіваць наяўныя структуры або ствараць новыя – так ці іначай патрэбная дапамога беларусаў беларусам. На стварэнне толькі адной роты, прыкінуў ён, трэба тры мільёны долараў. Палітычная задача – знайсці стабільную фінансавую плынь на падтрымку беларускіх ваяроў.


Былы добраахвотнік батальёна Волат палка Каліноўскага Аляксандр Клачко сказаў, што не чакае імгненных вынікаў ад дыскусіі на канферэнцыі, але ўпэўнены, што трэба «кропля за кропляй» дапамагаць агульнай справе. Ён расказаў, што часам чуе, што беларускія ваяры ва Украіне – гэта нібыта «найміты, якія паехалі на чужую вайну». 


 Гэта не «чужая вайна», пераконвае ён.

Ён сам ваяваў не столькі за Украіну, колькі супраць агульнага ворага Беларусі і Украіны. Быў прыхільнікам мірнага шляху ў 2020 годзе, але той шлях прывёў да поўнай страты волі ў Беларусі – дыктатары такой мовы не разумеюць. Ён не супраць перамоваў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, але не з пазіцыі «калі ласка», а з пазіцыі моцнага. 


І хоць сам Клачко зараз мае праблемы як былы добраахвотнік, ахвяруе хоць крыху сваіх грошай ваярам на фронце – і просіць рабіць гэта астатніх. А ў былых ваяроў ёсць праблемы легалізацыі за мяжой, уладкавання на працу, медычнай і псіхалагічнай рэабілітацыі. Легалізацыя для былых ваяроў дольшая, чым для астатніх, заўважае Клачко: маўляў, з гледзішча замежнікаў трэба быць вар’ятам, каб паехаць ваяваць у іншую краіну, а з вайны яшчэ і вяртаецца з посттраўматычным расстройствам! Клачко падкрэсліў: «мы не вар’яты», але былым добраахвотнікам сапраўды патрэбная медычная і псіхалагічная рэабілітацыя.


Патрэбная дапамога і сем’ям загінулых ваяроў. Клачко заклікаў пераглядзець фінансаванне гэтай рэабілітацыі, бо не бачыць цэльнай сістэмнай падтрымкі, і змяніць само стаўленне да беларускіх добраахвотнікаў.

Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Аляксандр Клачко, Былы добраахвотнік. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Аляксандр Клачко, Былы добраахвотнік. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па нацыянальнай бяспецы, намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук згадаў баі за Кіеў, Гастомель, Бучу і Бровары ў першыя дні поўнамаштабнай вайны – там былі і беларускія добраахвотнікі, і першыя ахвяры сярод беларусаў. На Рэвалюцыі годнасці таксама былі беларусы – і першая ахвяра таго, што перарасло ў вайну. Маўляў, калі ў вёсцы пачынаецца пажар у суседа, ніхто ў гэты час не сее бульбу. 


У суседа Беларусі проста цяпер палае хата, але і саму Беларусь ператвараюць у пагрозу цэлай Еўропе і пагрозу самім беларусам.


Кабанчук нагадаў беларусам, што за партыю Адольфа Гітлера на выбарах 1933 года прагаласавалі толькі 44 % нямецкіх выбарнікаў, але неўзабаве бомбы на свае галовы атрымалі ўсе немцы. Магчыма, у беларусаў не будзе спрыяльнага часу для вызвалення Беларусі пасля перамогі Украіны – падзеі эскалуюцца і могуць закруціцца ў такі вір, што спрыяльных умоваў не будзе.


Заканадаўства Украіны не дазваляе замежнікам займаць афіцэрскія пасады, адзначыў Кабанчук, але навучанне на сяржанцкім узроўні вядзецца і ідуць перамовы аб навучанні беларусаў на афіцэрскім узроўні ў трэціх краінах. У тых краінах таксама можна праводзіць падрыхтоўчыя курсы для ваяроў, утвараць парамілітарныя арганізацыі – але такія арганізацыі цяпер разрозненыя, праграмы не уніфікаваныя. Кабанчук прызнаў, што даўно не быў у Еўразвязе і не ведае ўсіх «разборак-сварак» і праблемаў з фінансамі ў кожнай суполцы, але абяцаў заняцца гэтай тэмай неўзабаве.

Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Вадзім Кабанчук. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Вадзім Кабанчук. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Кабанчука асобна спыталі, ці будзе ён займацца праблемамі ўсіх добраахвотнікаў, а не толькі палка Каліноўскага, бо назваў іншых падраздзяленняў на канферэнцыі не прагучала. Кабанчук паабяцаў, што будзе ў Кабінеце працаваць над падтрымкай усіх падраздзяленняў.


Частку праблемаў ваяроў і ветэранаў, сказаў Кабанчук, можна «замыкнуць» менавіта на структуры дэмакратычных сілаў. Але Клачко заўважыў: нават калі ёсць чалавек, які можа ўзяць на сябе штодзённую працу над праблемамі добраахвотнікаў, гэты чалавек мусіць паралельна працаваць на іншай працы, каб проста зарабляць грошы. 


Праўда, проста на канферэнцыі паўстала праблема з ахвяраваннем грошай: на экране паказвалі QR-код збору, але па гэтым кодзе не праходзілі пераводы. Гэта патлумачылі перафарматаваннем працы ў палку Каліноўскага – заклікалі шукаць спосабы пераводу грошай на сайце палка Каліноўскага Kalinouski.org і на старонках іншых падраздзяленняў.


Кабанчук у Кабінеце – «гэта не пра персоны, а пра інстытуцыі»


Днём раней у Аб’яднаны пераходны кабінет быў прызначаны новы прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы – Вадзім Кабанчук. Незадоўга да канферэнцыі з Кабінету выйшаў мінулы «міністр абароны» Валерый Сахашчык. Палітычны прадстаўнік палка Зміцер Шчыгельскі тлумачыць «Белсату», што важная тут не змена персоны, а сувязь структураў.


Кабанчука называлі былым намеснікам камандзіра палка Каліноўскага. Але Шчыгельскі звяртае ўвагу на тое, што Кабанчук застаецца намеснікам камандзіра, бо полк – гэта не толькі вайсковае фармаванне, гэта аб’яднанне беларускіх добраахвотнікаў. Полк Каліноўскага – не роўна «вайсковая частка нумар такі», бо ёсць людзі, якія лічаць сябе часткай палка, але не ўваходзяць у вайсковую часць.

,,

«Полк Каліноўскага – гэта таксама тыя людзі, якія дапамагаюць, –пералічвае Шчыгельскі. – Полк Каліноўскага – гэта валанцёры, гэта тыя, хто возіць добраахвотнікаў у Польшчу, гэтыя тыя, хто забяспечваюць інфраструктуру, гэта тыя людзі, якія працуюць у іншых краінах. Такім чынам, Вадзім Кабанчук як быў, так і застаецца намеснікам камандзіра палка Каліноўскага».


Шчыгельскі дадаў, што Аб’яднаны пераходны кабінет у 2022 годзе ствараўся адразу як вайскова-палітычная структура, а пасада прадстаўніка па нацыянальнай бяспецы стваралася не пад чалавека (Валерыя Сахашчыка), а пад функцыянал. 


«І вось зараз гэты функцыянал прывялі ў адпаведнасць рэчаіснасці, – перакананы Шчыгельскі. – Таму што мы разумеем, што асноўная частка вайсковай структуры – полк Каліноўскага, прычым менавіта ў тым выглядзе, як я пра яго казаў. Зараз Вадзім Кабанчук з’явіўся пасля таго, як Валер Сцяпанавіч, думаю, будзе займацца іншымі справамі, выканаў сваю працу, ёсць прымальнасць, і Вадзім Кабанчук будзе выконваць гэтую функцыю».


Ён таксама выказаў надзею на тое, што ў Каардынацыйнай радзе бліжэйшым часам з’явіцца камісія ў бяспецы, у гэтай камісіі будуць былыя добраахвотнікі, што ўзмоцніць структуру дэмакратычных сілаў і зробіць яе інстытуцыянальнай, незалежнай ад персонаў і больш рэпрэзентатыўнай у камунікацыі з замежнымі партнёрамі.


У нейкі момант, мо і няхутка, пачнуцца перамовы, на якіх узнікне пытанне Беларусі, перакананы Шчыгельскі. Будзе адбудоўвацца новая архітэктура бяспекі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне і структура бяспекі ў цэлым свеце. І калі інстытуцыянальна беларускія структуры будуць моцныя, удасца пазбегнуць сітуацыі, калі лёс Беларусі будзе вырашацца без беларусаў.


Алесь Наваборскі «Белсат» 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10