Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у 2025 годзе. На працягу апошніх месяцаў звычайныя беларусы, эксперты, палітыкі і аналітыкі абмяркоўваюць сігналы Лукашэнкі, нібыта ён нарэшце пакіне прэзідэнцкае крэсла. Дыктатар жа гэтую тэму падаграваў не толькі размовамі, але і дзеяннямі. Узяць хаця б падпісанне ім законаў аб недатыкальнасці пасля складання паўнамоцтваў і пажыццёвым сяброўстве ў Савеце Рэспублікі. І вось ізноў! Мяркуючы з навінаў апошніх дзён, Лукашэнка зноў перадумаў і пакідаць уладу не збіраецца. «Белсат» прааналізаваў апошнія дзеянні і выказванні, а таксама пагаварыў з экспертамі на тэму, чаго ўсё ж хоча Лукашэнка – сысці або застацца.
29 жніўня Лукашэнка сабраў нараду з адказнымі за дзяржаўную прапаганду, на якой актыўна стаў разважаць пра будучыя прэзідэнцкія выбары, што маюць прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025-га. Паводле «BELPOL», Лукашэнка хоча правесці іх 23 лютага наступнага года. Будзе ці не выстаўляць на іх сваю кандыдатуру, дыктатар не казаў. Але гэтак зацята стаў рыхтаваць прапаганду да агітацыі за сябе, што шмат хто прыйшоў да высновы: аддаваць уладу Лукашэнка ці то і не збіраўся, ці то зноў перадумаў.
Да прыкладу, падчас нарады з прапагандыстамі Лукашэнка сказаў «мы хутка ўступаем у перадвыбарчую кампанію». А потым даў разумець, што не адмаўляецца ад ідэі балатавацца:
«Валіць на карысць дзейнага прэзідэнта, калі ён будзе кандыдатам, нам таксама не трэба. Спакойна трэба паказаць тое, што ёсць».
Ці вось яшчэ:
«Натуральна, што сродкі масавай інфармацыі, на шчасце, дзякуй Богу, будуць адыгрываць практычна адну з галоўных роляў у гэтай сітуацыі. Я кажу „на шчасце”, што не іншыя праблемы, войны ды іншае. Лепш на гэтым полі будзем ваяваць пакуль і змагацца, хаця не зусім проста гэта».
Падчас новай перадвыбарчай кампаніі Лукашэнка заклікаў прапагандыстаў казаць болей пра дасягненні Беларусі і намякнуў, што хібаў лепш не паказваць, а «прапагандаваць беларускую праўду» і казаць на «выгадныя для нас тэмы».
Стаў вядомы нават галоўны наратыў, які Лукашэнка, мяркуючы з усяго, збіраецца скарыстаць у перадвыбарчай кампаніі 2025 года. Пра яго стала зразумела са словаў намесніка кіраўніка адміністрацыі дыктатара Уладзіміра Пярцова, які гаварыў, што перад прэзідэнцкімі выбарамі 2025-га прапаганда будзе параўноўваць цяперашнюю Беларусь з часамі крызісу пасля распаду Савецкага Саюзу і паказваць, што ў пачатку 1990-х жылося горай.
Нагадаем: нядаўна беларуская служба радыё «Свабода» анкетавалі 43 экспертаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расеі, Украіны, Злучаных Штатаў і Канады на тэму змены ўлады ў Беларусі. Імёнаў экспертаў не назвалі. Дык вось, нават нягледзячы на выказванні і ўчынкі самога Лукашэнкі, якія нібыта намякалі на ягоны магчымы сыход, найбольш імаверным сцэнаром змены ўлады апытаныя эксперты ўсё роўна назвалі смерць Лукашэнкі.
Пасля чарговых шматзначных сігналаў рэжыму мы звярнуліся да сваіх экспертаў з пытаннем: дык ці збіраецца ўсё ж Лукашэнка сыходзіць, і калі не, то чаму перадумаў?

Франак Вячорка: Мы маем Лукашэнку як цара, і сыходзіць ён нікуды не збіраецца
Як апавёў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай у праграме «Вось так», «Лукашэнка не бачыць сябе без улады, ён да яе літаральна прырос. А вось гэта ягонае палітычнае какецтва, маўляў, я не збіраюся балатавацца на наступных выбарах, рыхтуйцеся да іншага прэзідэнта, наеўся я гэтай улады, мы чуем усе ягоныя 30 гадоў кіравання. І мы ўсе ведаем, як пасля гэтых словаў ён хуценька мабілізуе ўсіх сваіх сілавікоў, каб тыя пракантралявалі, каб ніхто не прагаласаваў за каго-небудзь іншага. Верыць яму нельга. Думаю, ніякага транзіту ўлады і паслаблення Лукашэнка рабіць не збіраецца. А імітацыі... Гэтым ён займаўся пастаянна».
На думку Франка Вячоркі, пасля прыкладу Назарбаева, які паспрабаваў правярнуць ідэю з пераемнікам улады і праваліў яе, Лукашэнка пакуль рэалізаваць яе не збіраецца:
«Таму мы маем Лукашэнку як цара, які сыходзіць нікуды не збіраецца. Ён жыве ў краіне, дзе большасць яго ненавідзіць. Людзі максімальна стаміліся ад яго».
Пры гэтым дарадца Ціханоўскай упэўнены: людзі ў краіне, якія б хацелі заняць месца Лукашэнкі, усё ж ёсць:
«Але, як толькі хтосьці з патэнцыйных канкурэнтаў набірае нейкую вагу, іх адразу знішчаюць. Або кідаюць у турму, або адпраўляюць ў ссылку на пасаду ганаровага дыпламата. Усё –каб выключыць любую пагрозу для самога Лукашэнкі. Тыя ж, хто яго цяпер атачае, дэманструюць максімальную лаяльнасць, і ніякай пагрозы ў іх Лукашэнка не бачыць. Так, размовы ідуць і пра Віктара Лукашэнку, і пра Наталлю Качанаву, і пра іншых. Але без сігналу Лукашэнкі ніхто з іх рабіць нічога не будзе. Пры гэтым калі сам Лукашэнка будзе слабы, і калі гэта адчуе ягонае асяроддзе, я ўпэўнены, нават у наменклатуры і найбліжэйшым атачэнні пачнецца грызня і барацьба за ўладу».
На думку дарадцы Святланы Ціханоўскай, Лукашэнка спакойна сябе не адчувае – жыве страхамі 2020 года. Узровень рэпрэсіяў у краіне сведчыць пра тое, што грамадства засталося верным ідэалам, за якія людзі выйшлі на пратэсты ў 2020-м. Менавіта праз гэта Лукашэнка не спыняе рэпрэсіяў.
Нярэдкія выпадкі, калі кожны дзень у краіне затрымліваюць некалькі дзясяткаў чалавек з палітычных матываў. Пры гэтым сам дыктатар, як мяркуе наш суразмоўца, выдатна разумее: калі спыніць рэпрэсіі на дзень, тыдзень, месяц – людзі зноў выйдуць на вуліцу.
«Вось такая пастка, у якую дыктатар загнаў і беларускі народ, і сябе. Але мы дакладна ведаем, што і простыя беларусы, і нават набліжаныя да Лукашэнкі чакаюць новага так званага акна магчымасцяў», – падсумаваў Франак Вячорка.

Сяргей Чалы: Калі Лукашэнка і наважыцца на выбары, то гэта, хутчэй, будзе саступкаю бліжняму колу
«У мяне версія, якая, магчыма, будзе адрознівацца ад іншых, – выказаўся аналітык Сяргей Чалы. – Думаю, цяга Лукашэнкі захаваць уладу любою цаною звязаная найперш з няўпэўненасцю ў сабе. Ён жа шмат разоў казаў, маўляў, сам не разумею, што такога людзі ўва мне знайшлі, такім маладым смаркачы [гэтак пра сябе Лукашэнка казаў, успамінаючы пра ўдзел у сваёй першай прэзідэнцкай кампаніі. – Заўвага рэд.]».
Яшчэ тады, шмат гадоў таму, на думку аналітыка, Лукашэнка ўбачыў, як лёгка можна перамагчы на выбарах з дапамогаю папулізму, выдатна разумеючы, што ён не найлепшы палітык сярод магчымых. Тады ж зразумеў, што калі перамагчы было лёгка, то і адабраць гэтую ўладу таксама хтосьці зможа лёгка – знойдуцца такія ж балбатуны, як і ён, а, можа, і лепшыя.
«Атрымліваецца, што ў сапраўднага самазванца яшчэ і сіндром самазванца, – разважае Чалы. – Чаму сапраўднага? Бо ні ведамі, ні ўменнямі для прэзідэнцтва Лукашэнка, калі прыйшоў да ўлады, дакладна не валодаў».
На думку нашага суразмоўцы, прывяло ўсё гэта да таго, што чалавек, які адчуваў сябе выпадковым і невыпадковым прэзідэнтам адначасова (у выбарах жа ён перамог), Лукашэнка выйшаў сам для сябе на рэжым самаабароны. Яго сутнасць – «як зрабіць так, каб ніхто не змог больш перамагчы на выбарах гэтаксама лёгка, як і я». І таму доўгія гады рабіў усё, каб гэтага не здарылася.
У гэтым, паводле аналітыка, і заключаецца крыніца аўтарытарызму Лукашэнкі. І мацуецца ён на самападтрымвальным механізме:
«Паглядзіце, ён атачыў сябе людзьмі, якія яму верна служаць. І якія, як мы бачым, яго таксама не адпускаюць».
Але ёсць, паводле эксперта, апошнім часам і тое, што раней за Лукашэнкам не назіралася:
«Яму смяротна ўсё надакучыла, ён стаміўся. Узрост і здароўе таксама ўжо не тыя. Харызма з векам сыходзіць, бо гэта катэгорыя фізіялагічна-псіхалагічная. Калі раней праз 20 хвілінаў размовы Лукашэнкі з аўдыторыяй, якая дасюль ставілася да яго варожа, гатовая была ісці і галасаваць за яго, то цяпер гэта ўжо не так. То бок харызмы больш няма. Хочацца ўжо адпачываць, займацца спортам, за козачкамі белымі глядзець – увогуле радасцяў пенсіянераў хочацца. Яму ўжо дакладна нецікава займацца мікраменеджментам. Калі казаць вобразна, цяпер яму ўжо не хочацца разбірацца ні з удоямі, ні з ураджаем бульбы. Лукашэнку ўжо хочацца працаваць з больш глабальнымі пытаннямі – з разраду міру ўва ўсім свеце».
На думку Чалага, у Лукашэнкі цяпер працуе механізм адмоўнага адбору – ён атачае сябе людзьмі, якія прыносяць толькі добрыя навіны. І Качанава, і Эйсмант яго гэтым забяспечваюць – апавядаюць толькі пра тое, што ён жадае чуць і ведаць, падкрэсліваючы ягоную значнасць і ўнікальнасць. Ён жыве ў штучна створаным асабіста для яго інфармацыйным полі. Адсюль і мерч – «прэзідэнтамі не становяцца, а нараджаюцца».
«Больш за тое, Лукашэнка выбудаваў вакол сябе сістэму, пры якой змова ўсярэдзіне практычна немагчымая. Ён не столькі змагаецца з апазіцыяй, колькі сочыць за сваймі чыноўнікамі. Пра гэта сведчаць частыя пературбацыі ў краіне. Ёсць спецыяльная служба, якая яму ўсё пра ўсіх вывучае і апавядае. А ўжо Лукашэнка прымае патрэбныя, на ягоны погляд, кадравыя рашэнні, каб не дапусціць утварэнняў у рэжыме ніякіх устойлівых кааліцыяў», – адзначае эксперт.
На думку Чалага, Лукашэнка робіць усё, каб чыноўнікі не маглі дамовіцца паміж сабою. Наконт таго, ці будзе Лукашэнка выстаўляць сваю кандыдатуру на будучых выбарах, наш суразмоўца прытрымліваецца не самай папулярнай сярод экспертаў версіі:
«Я абсалютна ўпэўнены, што ў прэзідэнцкіх выбарах 2025 года Лукашэнка браць удзелу не хоча. Прычынаў для гэтага ў яго нямала. І траўма 2020-га, і лянота, пра якую я казаў. Плюс ён нездарма задумваў перабудову сістэмы ўлады, пры якой ён можа не быць прэзідэнтам, але будзе працягваць усё кантраляваць. Ён у сітуацыі, з якой сутыкаецца кожны састарэлы аўтарытарны кіраўнік. Вакол яму кажуць: «без цябе мы ніхто», «на каго ж ты нас кідаеш». І ўвогуле гэта праўда. Яшчэ адзін наратыў – «нельга кідаць краіну на пераправе». Вось толькі што гэта за «пераправа» такая, якая цягнецца 30 гадоў? Гэта ўжо абсурд».
На думку Чалага, цяпер у галаве Лукашэнкі барацьба дзвюх думак. З аднаго боку – «як жа мне ўсё гэта надакучыла» і «як жа хочацца спакою і непаўтарэння досведу, калі народ скандуе «сыходзь». А з другога – разумее, што пакінуць «гаспадарку» яму няма на каго. Таму, калі Лукашэнка і наважыцца на чарговыя выбары, то гэта будзе, хутчэй, саступка блізкаму колу і адначасовае прызнанне паразы свайго ж «праекту».
«Бо калі ты выбудаваў сістэму, не здольную без цябе існаваць, то гэта дрэнная сістэма», – падвынікаваў эксперт.

Надзея Вольная belsat.eu