У новым выступе Камісаранкі, які апублікавалі на Youtube, «Чык-чырык» абвяшчае коміка ў міжнародны вышук, пытае пра ВНЖ для сябра і на сасне з біноклем чакае тых, хто вяртаецца ў Беларусь з эміграцыі.
Комік Слава Камісаранка быў вядомым комікам яшчэ дзясятак гадоў таму, задоўга да жартаў пра Аляксандра Лукашэнку. Але ў 2020 годзе атрымаў асабліва шырокую славу з жартамі пра «Чык-чырыка, у якога фляга свісціць». Называць Лукашэнку такой мянушкай прыдумаў не ён, але ў ягоным выкананні «Чык-чырык» разляцеўся. У 2021 годзе за гэтыя жарты ён атрымаў забарону на выступы ў Беларусі, у 2022-м расказаў пра пераслед Камітэту дзяржаўнай бяспекі.
У 2024-м супраць Камісаранкі ў Беларусі распачалі «спецыяльнае вядзенне»: 16 жніўня Следчы камітэт паведаміў, што ягоныя дзеянні кваліфікавалі як «Распальванне варожасці» (ч.1 арт. 130 КК РБ), «Паклёп на Лукашэнку» (ч.2 арт. 367 КК РБ) і «Абраза Лукашэнкі» (ч.1 арт. 368 КК РБ). У каментары «Белсату» Камісаранка шкадаваў, што «спецыяльнае вядзенне» распачалі заўчасна, не дачакаўшыся выхаду новага канцэрту: «Магчыма, крымінальных справаў было б ужо пяць».
19 жніўня на Youtube-канале Камісаранкі выйшаў анансаваны канцэрт: гадзіна запісу сольнага канцэрту, які прайшоў у 4 траўня ў Талліне. Комік актыўна вядзе свой Youtube-канал, але публікуе найчасцей кароткія ўрыўкі, імправізацыі і размовы са слухачамі. Поўны канцэрт ён апублікаваў толькі другі раз.
Што там пра «Чык-Чырыка»
Аляксандр Лукашэнка – далёка не адзіная мішэнь жартаў Камісаранкі. Але частая, асабліва ў цяперашніх выступах. Пасля пары гісторыяў пра мінулыя канцэрты Камісаранка стаў скардзіцца на «Чык-чырыка» і палітычны пераслед.
Камісаранка згадаў, як пасля канцэрту ў Вене яму напісалі з памылкай: «Приезжай по чаще». Мелі на ўвазе, каб прыязджаў часцей, а ён падумаў, што больш не хоча па гушчарах – раней ён распавядаў, што КДБ хацела яго запхаць у багажнік і вывезці з Расеі ў Беларусь гушчарамі. Кажа, цяпер перад выступам у новай краіне шукае ў інтэрнэце, ці не выдае гэтая краіна «злачынцаў» Беларусі. І не разумее, чаму такое яшчэ не пішуць на сайце «TripAdvisor».
«Калі хтосьці раптам не ведае, я знаходжуся ў вышуку беларускага КДБ, – казаў Камісаранка гледачам. – І мяркуючы па тым, што вы мяне заўсёды знаходзіце, а яны не, Чык-чырык іх мабільным інтэрнэтам не балуе».
На міжнародны ўзровень ён, маўляў, даўно хацеў выйсці – але як комік, а не як злачынца. Як жа з іншымі комікамі цяпер размаўляць? Скажуць: «Намі цікавіцца „Netflix“» – «А мною Інтэрпал». Ён стаў уяўляць, як выглядаў бы запыт на ягоную выдачу. Казаў на трасянцы хрыплым голасам:
«Алё, добры вечар! Значыт, так. У вас находзіцца наш прэступнік. Можаце яму, пажалуста, купіць білет у Мінск? Я патом аддам! Ну, пажалуста! Ну, *** [халера]! Ну, можна быстрэй рашаць, эта ж міжгорад! Сучары растачыцельныя! А он можэт сам купіць білет? Я када яго паймаю, налічнымі аддам! Ну і пусць сідзіт няпойманы, раз такі вумны, ***!»
Юрыст прапанаваў яму напісаць у Інтэрпал «прэвентыўны запыт», каб паказаць, што гэта палітычны пераслед праз пазіцыю коміка. Галоўнае, маўляў, напісаць раней, чым туды напішуць з Беларусі.
«Я такі: гэта самае галоўнае? Не тое, што я не зрабіў нічога? Слухайце, як будзе выглядаць гэты запыт? Вітаю, паважаны Інтэрпал. Гэта Слава Камісаранка. Вас зараз папросяць мяне лавіць. Можаце, калі ласка, мяне не лавіць? І яны такія: так, бо Вы напісалі раней».
Ён парадаваўся, што ў міжнародны вышук ужо абвясцілі Уладзіміра Пуціна: «Хай паходзіць таксама дакуменцікі паробіць». І стаў уяўляць тэлефанаванне ад Лукашэнкі:
«Алё, Слаўка? Прывет! Да, эта я, Чык. Слушай, такой вапрос. Скажы, пажалуста: вот када ты в угалоўнам розыске, ВНЖ сложна палучыць? ***, какая жэсць, скока дакументаў! Я поняў, ***! Не, эта не мне, эта друг спрашывает».
Камісаранка згадаў, што нядаўна «экстрэмісцкім» назвалі ягонае інтэрв’ю Юрыю Дудзю, пасля якога яго і абвясцілі ў вышук. Смяяўся: вось як выглядае экстрэміст! Свой выгляд ён апісаў так: «Я ў мамы экстрэміст», «мамкін экстрэміст». Але пахваліўся: «Выступае Заслужаны экстрэміст Рэспублікі Беларусь». І вырашыў, што цяпер можна расказваць, чаго не расказваў раней.
Ён распавёў, як ягоны сябра пару гадоў таму сустракаўся з дзяўчынай, аб якой хадзілі чуткі, што яна сустракалася з Лукашэнкам, але нядаўна разышлася. А як гэта, сустракацца з былой дзяўчынай Лукашэнкі? Камісаранка ўяўляе: кладзешся спаць з дзяўчынай, а ёй тэлефануе Лукашэнка. Выхопліваеш слухаўку, кажаш: «Паслухай, Лукашэнка, хопіць сюды тэлефанаваць. А ён: «Паслушай меня, дурачок, ана цібя не любіт, ана с табой іграецца, ана любіт ліш меня, гаранція 80 %».
Камісаранка згадаў, што цяпер беларусам за мяжой адмаўляюцца мяняць пашпарты – трэба ехаць у Беларусь. Ён назваў гэта «вусатай пасткай»:
«Там ужо Чык-чырык на сасне з біноклем: „Ані едут, Коля! Ані едут, усе маі абідчыкі! Усе, хто на міня *** [нагаворваў]. А я ўсех у тэтрадку запісаў! Каждава!“».
Сам ён атрымаў «талент-візу» ў Злучаныя Штаты, затым падобную ў Злучанае Каралеўства, цяпер збіраецца атрымаць такую візу ў Францыю. І наогул, «сарвала разьбу»: хоча атрымаць «усе ВНЖ на гэтай Зямлі», каб адсканаваць, адправіць «Чык-чырыку» і спытаць: «І хто цяпер не можа нікуды паехаць?» Прызнаўся: хоча дамоў, сумуе па сябрах з Менску, хоць яны ўсе ўжо ў Варшаве.
Ён і сам паспеў пажыць у Варшаве – і падзівіцца таму, якое камфортнае жыццё ў Еўропе: усе такія расслабленыя, «мянтоў не баяцца»! А еўрапейскія выбары – гэта як? У 2022 годзе дзейны прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон атрымаў у першым туры толькі 27,8 %! Ён такое не разумее:
«27 %? Дык гэта атрымліваецца, ты не падабаешся нікому? Прайграў, атрымліваецца? Лукашэнка б даведаўся, што 27 %, сказаў: „А ну-ка хутка яшчэ мне 80 зверху зрабілі“. „Дык будзе жа 107“. „Цудоўна: скажам, што палякі за мяне! Хочуць адхапіць піражочка вусатага“».
Пасля склалася так, што пераехаў у Стамбул, стаў выступаць там па-англійску ў групе комікаў: ён беларус, з ім комікі з Ірану, Іраку, Сірыі і Пакістану. Камісаранка апісаў гэта як «дэмакратычны гурток, у якім у кожнага прэзідэнт Лукашэнка, проста ў іх у арафатцы».
Ён не скардзіўся на тое, як склалася жыццё. Хіба наракаў, што на вуліцах пазнаюць, а бывае няёмка. Вось купіў сабе даражэзную байку, а саромеецца фатаграфавацца ў ёй з фанатамі. Прыдумаў на фота прыкрываць рукой назву брэнду, а надпіс гэты – на сэрцы. Дык фанаты думаюць, што раз Камісаранка кладзе руку на сэрца, дык гэта нешта значыць, мо: «Жыве Беларусь, жыве вечна». Становяцца ў такой жа позе з рукой на сэрцы: «І мы стаім – ці то сэлфі, ці то прысяга ў Новай Беларусі, разумееце?»
На канцэрце Камісаранка расказваў, вядома, не толькі пра «Чык-чырыка», а і пра свае «непалітычныя» прыгоды ў розных краінах, пра ўжыванне лёгкіх наркотыкаў і пра сваіх бацькоў, пра каханне і сэкс. Але да тэмы палітычнага пераследу пастаянна вяртаўся.
Казаў, так супала, што за тыдзень да таго, як даведаўся аб вышуку, пазнаёміўся з дзяўчынай, а за дзень да таго меў з ёй першы секс. Прасіў уявіць, як гэта выглядала. Прачынаецца з ёй ранкам, бярэ, тэлефон, мацюкаецца. Дзяўчына пытае, што здарылася. А ён адказвае: «Мне трэба ўцякаць з краіны, мяне шукае прэзідэнт». Ну чысты ж аферыст! Маўляў, было б круцей толькі калі б яна пасля гэтага зняла маску і сказала: «Позна ўцякаць, КДБ ужо тут!»
***
Жарты пра Лукашэнку ў Беларусі – зусім не жарты. Паводле праваабаронцаў «Вясны», у Беларусі за «Паклёп на Лукашэнку» асуджаныя не менш як 235 чалавек, за «Абразу Лукашэнкі» – не менш як 891 чалавек. І выракі – не штрафы, а абмежаванне або пазбаўленне волі, у некаторых выпадках нават «прымусовае лекаванне».
Алесь Наваборскі belsat.eu