«Вясна» і яшчэ чатыры праваабарончыя арганізацыі прынялі чарговую заяву аб прызнанні беларусаў палітычнымі зняволенымі. Цяпер у спісе палітвязняў на сайце «Вясны» 1376 чалавек, але рэальная колькасць палітвязняў можа быць істотна большай.
На сайце праваабарончага цэнтру «Вясна» 30 жніўня была апублікаваная заява аб прызнанні пяці чалавек палітычнымі зняволенымі. У спіс палітвязняў дадалі наступных.
- Кацярына Мендрык,
- Ксенія Суша,
- Іна Плахатнюк,
- Ігар Мельнікаў,
- Леанід Козыр.
Першых чатырох асудзілі на пазбаўленне волі за «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ), апошняга – за фінансаванне беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і фінансаванне гуманітарных ініцыятываў (арт. 361-2 і 361-3 КК РБ), а таксама за «Абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК РБ). Ксенію Сушу таксама асудзілі за «Заклікі да санкцыяў» (арт. 361 КК РБ).
Першых чатырох затрымалі ў студзені 2024 года. Гістарычныя кнігі Мельнікава назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Леаніда Козыра затрымалі яшчэ ў верасні 2022 года за «Абразу прадстаўніка ўлады», але ў жніўні 2024-га пачалі разглядаць яшчэ і справы за «фінансаванне».
Агулам на 30 жніўня ў спісе палітвязняў, які вядзе «Вясна», 1376 чалавек. Але спіс відавочна няпоўны: праваабаронцы правяраюць кожную справу і не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам, а некаторыя сваякі зняволеных не хочуць статусу палітвязня для сваіх блізкіх, бо баяцца дадатковых рэпрэсіяў супраць іх і сябе.
Рэальная колькасць палітвязняў, паводле Каардынацыйнай рады, можа перавышаць 5000 чалавек.
Алесь Наваборскі belsat.eu