Былы міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Марыўш Каміньскі ў інтэрв’ю «Telewizja Republika» расказаў пра перамовы, якія вяліся з ягоным удзелам адносна вызвалення з беларускай вязніцы журналіста, дзеяча польскай меншасці ў Беларусі Анджэя Пачобута.
Былы міністр нагадаў, што пасля абвяшчэння прысуду палітвязню ён вырашыў закрыць польска-беларускі памежны пераход у «Баброўніках». Умовай яго адкрыцця было вызваленне Беларуссю Анджэя Пачобута. Аднак рэжым Аляксандра Лукашэнкі патрабаваў немагчымага.
«Гэта было заахвочваннем да перамоваў. Мы пачалі перамовы, таемныя перамовы з беларускім рэжымам. З іх боку была зразумелая толькі ўмова – «вы аддайце нам [Паўла] Латушку», аднаго з дзеячаў беларускай апазіцыі, які стала пражывае ў Польшчы, якога рэжыму завочна асуджанага на некалькі дзясяткаў гадоў турмы, «на наступны дзень мы вам перадамо Пачобута». Відавочна, што не маглі праводзіць такія перамовы», – заявіў Марыўш Каміньскі.
Каміньскі таксама заявіў, што хацеў абмяняць на Пачобута расейскага шпіёна Паўла Рубцова, вядомага як іспанскі журналіст Пабла Гансалес, які быў затрыманы ў Польшчы ў 2022 годзе. Палітык адзначыў, што не хацеў абменьваць яго на амерыканскіх грамадзянаў, зняволеных у Расеі.
1 жніўня паміж заходнімі краінамі і Расеяй з Беларуссю адбыўся абмен вязнямі. З ЗША, Нямеччыны, Польшчы, Нарвегіі і Славеніі былі вызваленыя восем асобаў, абвінавачаных у шпіянажы на карысць Расеі і палітычным забойстве. Сярод вызваленых быў Пабла Гансалес, які быў затрыманы ў сакавіку 2022 года ў Польшчы. У сваю чаргу Расея вызваліла шэраг зняволеных грамадзянаў заходніх краінаў і ўласных палітвязняў. Яшчэ аднаго, асуджанага да смяротнага пакарання грамадзяніна Нямеччына Рыка Крыгера, вызвалілі ўлады Беларусі. Беларускія палітвязні вызваленыя не былі.
Якуб Хруст, «Белсат»