навіны

«Невымоўны пах вылітага ў каналізацыю алкаголю». Сітуацыя на межах Беларусі застаецца надзвычай цяжкай

Чарга перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост» і меркаваны «ўлезун». Берасце, Беларусь. 4 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram
Чарга перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост» і меркаваны «ўлезун». Берасце, Беларусь. 4 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram
podpis źródła zdjęcia

На выездзе з Беларусі ў краіны ЕЗ налічылі сотні легкавікоў і дзясяткі аўтобусаў. Час чакання на мяжы з Літвою дасягае 30 гадзінаў, з Польшчаю – крыху менш за содні.

Паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, апоўдні ў чарзе перад пунктам пропуску ў Берасці было 350 легкавых аўтамабіляў. У Telegram-чатах пішуць, што чакаць даводзіцца каля 20 гадзінаў.


Нікуды не падзеліся і «ўлезуны», з якімі змагаюцца сваімі сіламі.

,,

«Даішнікі сказалі, што яны нічога не могуць зрабіць, толькі калі на відэа трапіць, як праз неперарывістую паласу праедуць. А хто там лезе, прадае і гэтак далей – гэта не іхныя паўнамоцтвы», – піша падарожнік.


У чатах заклікаюць скардзіцца ў Менск, бо, маўляў, берасцейскія ўлады «сваіх жа пакрываюць і толькі смяюцца».


На тым баку мяжы – каля 110 аўтаў; паводле падарожнікаў, чакаць давядзецца не меней за 11 гадзінаў.


Аўтобусаў перад «Варшаўскім мостам» – 54. У чатах багата сведчанняў таго, як пасажыры перасаджваюцца ў аўтобусы бліжэй да шлагбаума, і тады можна ўкласціся ў 7–8 гадзінаў. Калі ж чакаць «ад званка да званка», то спатрэбіцца 19 гадзінаў жыцця.


Шлях дадому аўтобусам – найхутчэйшы, час чакання – каля 11 гадзінаў. І было б шпарчэй, калі б не допыты на беларускай мяжы:

,,

«Вельмі доўга ў Беларусі афармляюць многіх асобаў з небеларускімі пашпартамі. 2–3 гадзіны аўтобусы чакаюць».


У «Каменным Лозе» налічылі 190 аўтаў, час чакання дасягае 30 гадзінаў. Сведчанні пра глыбіню надгляду розныя. Нехта піша, што службоўцы на абодвух межах вельмі ветлівыя, «багажнік адкрылі-закрылі»: «Літоўцы пра харчы не пыталіся, адзінае, спыталі пра цыгарэты і спіртное».


Іншыя паведамляюць: «Літоўцы надглядаюць пільна, усё з багажніку, усе нішы аблазілі і салон з ліхтарыкам».


У бок Беларусі – толькі 15 легкавікоў.

Аўтамабіль транспартавай інспекцыі ў пункце пропуску «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы. 2 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram
Аўтамабіль транспартавай інспекцыі ў пункце пропуску «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы. 2 жніўня 2024 года. Фота: granica_bypl / Telegram

Аўтобусаў у «Каменным Лозе», паводле Памежнага камітэту, 15. І з імі бяда: чакаюць 19–20 гадзінаў. Як пішуць у чатах, на дарогу ў такую блізкую і далёкую Літву цяпер варта закладаць содні.


На падсадку непадалёк мяжы там амаль не бяруць. Праўда ці не, але ў чаце з’явіўся такі допіс:

,,

«Да кіроўцы падышоў работнік транспартавай міліцыі і сказаў, што пасажыры здымаюць на відэа і потым публікуюць, як яны пераходзяць з аўтобуса ў аўтобус, ды пазначаюць кошт і нумары аўтобусаў. Работнік папярэдзіў кіроўцу пра наступствы і сказаў: маўляў, робіце дабро для пасажыраў, а яны самыя вас здаюць».


Дадому аўтобусам даволі хутка: 3–4 гадзіны.


У «Беняконях» цяпер 90 легкавікоў, чакаюць больш за содні. «Літоўцы не працуюць наогул. Памежніца толькі і сказала: «Ну, вы ж разумееце, гэта не ад нас залежыць», – паскардзіўся адзін падарожнік.


Чаргі ў бок Беларусі няма, мяжу пралятаюць за дзве гадзіны.


Таксама ў «Беняконях» няма аўтобуснай чаргі. Што ў адзін, што ў другі бок афармленне займае каля чатырох гадзінаў.


У «Грыгораўшчыне», паводле Памежнага камітэту, свабодна. Як пішуць у чатах, мяжу мінаюць прыкладна за чатыры гадзіны.


«Мінанне пераходу адрозніваецца ад іншых пераходаў Беларусі, Літвы і Польшчы: вялікая кабінка з мытняй і пашпартным унутры, туды ўсе ідуць тоўпіцца з усіх машынаў. На латышскім пераходзе невымоўны пах усіх відаў спіртнога, вылітага ў дарожную каналізацыю», – гэтак апісала свае ўражанні адна падарожніца.


Сцяпан Кубік, «Белсат»


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10