навіны

У Беларусі скончыўся асноўны этап уступнай кампаніі. Якія ВНУ і спецыяльнасці сёлета найбольш папулярныя?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белта
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белта
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі амаль скончылася ўступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ужо залічаныя студэнты на бюджэтную форму атрымання адукацыі, 3 жніўня сканчаецца залічэнне на платнае навучанне. Паглядзелі, якая сітуацыя склалася ў галоўных ВНУ краіны – як менскіх, так і рэгіянальных: колькі чалавек паступілі, з якім прахаднымі баламі, і што за спецыяльнасці сёлета найбольш запатрабаваныя.

Спецыяльнасці з самымі высокімі прахаднымі баламі


У беларускія ВНУ на бюджэтную форму атрымання адукацыі сёлета залічаныя каля 30 тысяч чалавек, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчаў. Гэта на 2,5 тысячы студэнтаў больш, чым у 2023 годзе. Паводле Пішчава, колькасць бюджэтных месцаў была павялічаная ў сувязі з «запатрабаванасцю шэрагу педагагічных, інжынерных, медычных спецыяльнасцяў».


Агульны план прыёму ў ВНУ Беларусі на 2024 год складаў парадку 50,6 тысячаў месцаў. З іх бюджэтных – 31,4 тысяч.


Прыём дакументаў на бюджэтныя месцы ажыццяўлялі 42 установы вышэйшай адукацыі. Агульная колькасць абітурыентаў, якія падалі дакументы і прэтэндавалі на атрыманне вышэйшай адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў, склала больш за 40,5 тысяч чалавек з улікам «мэтавікоў».

,,

У параўнанні з мінулым годам выраслі лічбы залічаных без уступных іспытаў і па-за конкурсам. Такіх абітурыентаў сёлета было каля 4,3 тысяч. З іх 1, 4 тыс. – уладальнікі залатога, срэбнага медалёў або дыплому каледжу з адзнакай, зазначыў прадстаўнік Міністэрства адукацыі.


Самыя высокія прахадныя балы сёлета былі на наступных спецыяльнасцях:


  • «Сусветная эканоміка» (БДУ) – 395;
  • «Стаматалогія» (БДМУ) – 395;
  • «Праграмная інжынерыя» (БДУІР) – 395,
  • «Эканамічная інфарматыка» (БДУ) – 394,
  • «Прыкладная інфарматыка» (БДУ) – 391.


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт


Як распавёў рэктар БДУ Андрэй Кароль, сярэдні конкурс на дзённую форму навучання ў гэтай ВНУ сёлета склаў 1,7 чалавека на месца. На завочным бюджэтным аддзяленні, дзе набор быў 104 чалавекі, на адно месца прэтэндавалі 2,5 чалавекі. На бюджэтнае навучанне было пададзена 4008 заяваў на 2519 месцаў (на 405 больш, чым летась).


Самы вялікі конкурс у БДУ сёлета быў на творчых спецыяльнасцях:


  • «Графічны дызайн і мультымедыядызайн» – 19 чалавек на месца;
  • «Дызайн касцюму і тэкстылю» – 8,5 чалавек;
  • «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» – 7,6 чалавек.


Сярод натуральна-навуковых профіляў лідарамі сталі «прыкладная інфарматыка», «інфарматыка», «кібербяспека», «хімія лекавых злучэнняў». Сярод гуманітарных – «сусветная эканоміка», «эканамічная інфарматыка», «міжнароднае права» і «міжнародныя зносіны».

,,

428 абітурыентаў залічылі без экзаменаў, што амаль у 1,5 разоў больш, чым летась. 71 абітурыент быў залічаны ваенны факультэт.


Самыя высокія прахадныя балы ў БДУ былі на наступных спецыяльнасцях:


  • «Сусветная эканоміка» – 395 балаў;
  • «Эканамічная інфарматыка» – 394;
  • «Прыкладная інфарматыка» – 391;
  • «Міжнароднае права» і «Міжнародныя адносіны» – 390.


Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт


План набору на бюджэт (без уліку «мэтавікоў») у БДТУ ў 2024 годзе склаў 970 месцаў. У прыёмную камісію была пададзеная 1101 заява ад абітурыентаў. Агульны конкурс на бюджэт склаў 1,14 чалавека на месца, на завочнае навучанне – 3 чалавекі.


Найбольш высокі конкурс на дзённай форме быў на наступных спецыяльнасцях:


  • «Маркетынг» – 2,9 чалавек на месца;
  • «Эканоміка і кіраванне» – 2,5 чалавек;
  • «Менеджмент», «Тэхналогія лекавых прэпаратаў», «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» з прафілізацыяй «Лічбавы дызайн» – 2,3 чалавекі;
  • «Турызм і прыродакарыстанне» – 2,1 чалавека;
  • «Праграмная інжынерыя» – 1,9 чалавек;
  • «Перапрацоўка нафты і газу і прамысловы арганічны сінтэз» – 1,8 чалавека;


Самыя высокія прахадныя балы склаліся па спецыяльнасцях:


  • «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» з прафілізацыяй «Лічбавы дызайн» – 345 балаў;
  • «Праграмная інжынерыя» – 340 балаў;
  • «Тэхналогія лекавых прэпаратаў» – 334 балы;
  • «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» з прафілізацыяй «Інфармацыйныя сістэмы» – 331 бал.


Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт


У прыёмную камісію было пададзена 4502 заявы. План па прыёму складаў 4417 месцаў, з іх на дзённай форме на бюджэце – 2697, на платнай – 665, на завочнай бюджэтнай – 500 і на завочнай платнай – 555.


На бюджэтныя месцы на дзённым аддзяленні прэтэндавалі 3313 чалавек. Агульны конкурс быў 1,3 чалавека на месца. Без экзаменаў былі залічаныя 210 чалавек, па-за конкурсам – 36.


Найбольш высокія прахадныя балы былі на наступных спецыяльнасцях:


  • «Інжынерная эканоміка (кіраванне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве)» – 379;
  • «Маркетынг (маркетынг прадпрыемстваў прамысловасці)» – 376;
  • «Бізнес-адміністраванне арганізацыі» – 372.


Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім.М.Танка


Тут конкурс склаў 1,5 чалавека на месца. Найбольшую цікавасць абітурыенты праявілі да наступных спецыяльнасцяў на дзённай бюджэтнай форме навучання:


  • «Фізічная культура» – тут конкурс быў самым высокім: 2,5 чалавека на месца;
  • «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам« – 2,2 чалавека.


Па прахадных балах лідзіруе Інстытут псіхалогіі і спецыяльнасць »Псіхалогія« з самым высокім па ўніверсітэце прахадным балам – 321. Далей ідзе «Руская мова і літаратура» – 305 балаў, «Гістарычная адукацыя» – 300 балаў, »Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя« – 297 балаў.


Беларусі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі


На дзённую бюджэтную форму навучання пры плане 1134 месцаў было пададзена 1415 заяваў. Залічаныя былі 1316 абітурыентаў. Сярод іх 60 чалавек з ліку лаўрэатаў Спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядаў, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарку сталі студэнтамі па-за конкурсам.


На завочнай форме на 20 бюджэтных месцаў прэтэндавалі 25 чалавек. На 5 дыстанцыйных месцаў прэтэндавалі 5 абітурыентаў.


,,

Сярэдні конкурс у БДУІР склаў 1,6 чалавека на месца. 


Самы высокі быў па наступных спецыяльнасцях:


  • факультэт інфармацыйных тэхналогіяў і кіравання, спецыяльнасць «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі» – 6,9 чалавек на месца;
  • факультэт кампутарных сістэмаў і сетак, спецыяльнасць «Праграмная інжынерыя» – 5,9 чалавек.


Самыя высокія прахадныя балы:


  • «Праграмная інжынерыя» – 395 балаў;
  • «Электронная эканоміка» – 393;
  • «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» – 391;
  • «Электронныя сістэмы і тэхналогіі» – 363.


Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт


План прыёму ў сталічны лінгвістычны ўніверсітэт на бюджэтныя месцы ў 2024 годзе склаў 604 чалавекі.


,,

Самым папулярным стаў факультэт кітайскай мовы і культуры, спецыяльнасці «перакладчыцкая справа» і «сучасныя замежныя мовы» – прахадныя балы там былі ад 359 да 399.


На іншых спецыяльнасцях балы выглядалі наступным чынам:


  • «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурнай камунікацыі (англійская мова і другая замежная)» – 365 балаў;
  • «Сучасныя замежныя мовы (іспанская мова і англійская мова)» – 333;
  • «Сучасныя замежныя мовы (французская мова і англійская мова)» – 324;
  • «Сучасныя замежныя мовы (англійская мова і другая замежная)» – 323.


Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт


У галоўнай медычнай ВНУ Беларусі сёлета зрабілі ўпор на мэтавым наборы студэнтаў. Па словах сакратара прыёмнай камісіі БДМУ Андрэя Гіндзюка, ад 60% да 80% бюджэтных месцаў занялі абітурыенты, якія паступалі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі кадраў.


Прахадныя балы ў 2024 годзе былі высокімі:


  • на стаматалагічным факультэце – 395 балаў;
  • на лячэбным – 376;
  • на фармацэўтычным – 375;
  • на педыятрычным – 362;
  • на медыка-прафілактычным – 316.


Акадэмія кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь


У гэтай ВНУ большасць студэнтаў – завочнікі: сёлета іх набралі 860, у той час як на дзённую форму – 230. Амаль 70% студэнтаў – дзяўчаты, зазначыў рэктар установы Ігар Бузоўскі.


Конкурс на бюджэтныя месцы выглядаў наступным чынам:


  • «Дзяржаўнае кіраванне і права» – 3,03 чалавека на месца;
  • «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» – 1,71 чалавека;
  • «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» – 1,63 чалавека.


Прахадныя балы:


  • «Дзяржаўнае кіраванне і права» – 367 балаў;
  • «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» – 344;
  • «Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка» – 338.


Рэгіянальныя ВНУ


Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт ім.Я.Купалы


Сюды падалі заявы 2560 абітурыентаў, на дзённую форму – 1929, на завочную – 87, на завочную скарочаную – 538.


Планавы набор склаў 2342 месца: на бюджэт – 1381 чалавек, на платнае навучанне – 961 чалавек. Пасля залічэння пераможцаў універсітэцкай алімпіяды і «мэтавікоў» на агульны конкурс засталося 1150 бюджэтных месцаў.


Самы вялікі конкурсы назіраўся на спецыяльнасці «Графічны дызайн і мультымедыядызайн» – больш за 20 чалавек на месца.


Берасцейскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт


У гэтай ВНУ конкурс склаў 1,8 чалавек на месца, на некаторыя спецыяльнасці – да 7 чалавек. Агулам на 533 бюджэтных месца падалі дакументы 976 чалавек. Найбольшы конкурс быў на наступных спецыяльнасцях:


  • «Лагістыка» – 7,8 чалавек на месца;
  • «Праграмная інжынерыя» – 5,8 чалавек;
  • «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве» – 5 чалавек;
  • «Штучны інтэлект» – 5 чалавек;
  • «Эканоміка электроннага бізнесу» – 4,8 чалавек.


Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт ім.Францыска Скарыны


Тут на дзённую і завочную бюджэтную форму атрымання адукацыі залічаны 841 абітурыент. Пры гэтым заяваў было пададзена каля 1300. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі залічана 148 чалавек і 18 пераможцаў універсітэцкіх алімпіядаў.


Самай запатрабаванай спецыяльнасцю стала »Правазнаўства«, а таксама спецыяльнасці IT профілю.


Гомельскі дзяржаўны медычны ўніверсітэт


Тут планавалі набраць 635 чалавек, з іх 435 – на бюджэтныя месцы. 320 месцаў прадугледжана для «мэтавікоў». Самы высокі конкурс быў на «Медыка-дыягнастычную справу» – 2,9 чалавек на месца. Далей ідзе лячэбны факультэт з конкурсам 2,2 чалавекі на месца. Прахадны бал на ім склаў 344.


Мэтавікі


Да старту асноўнага этапу ўступнай кампаніі ў ВНУ былі залічаныя абітурыенты-«мэтавікі», якіх сёлета было 4,5 тысяч чалавек. 


,,

Самымі папулярнымі профілямі пры наборы на ўмовах дамоваў аб мэтавай падрыхтоўцы кадраў сталі медычныя, педагагічныя і інжынерныя спецыяльнасці.


Найбольш папулярнымі ў «мэтавікоў» ВНУ сталі:


  • Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт – 673 абітурыенты па мэтавым наборы;
  • Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім.М.Танка – 289 «мэтавікоў»;
  • БНТУ – 266 «мэтавікоў».


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10