навіны

Апошні год жыцця Аляксандра Лукашэнкі ў жартах

Апошні год Аляксандра Лукашэнкі. Калаж: Белсат
Апошні год Аляксандра Лукашэнкі. Калаж: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Аляксандру Лукашэнку споўнілася 70, 30 з іх ён «любімую не аддае». Як прайшоў апошні год самаабвешчанага кіраўніка Беларусі – «Белсат» сабраў тое, над чым беларусы жартавалі ў дачыненні Лукашэнкі і ягонага атачэння ў праграме «Хай Так TV».

Верасень 2023. Аляксандр Лукашэнка праверыўся на апараце для распазнавання эмоцыяў. У самаабвешчанага кіраўніка Беларусі тэхніка паказала безупынную «радасць», а ў чыноўніка побач – непрыхаваны «страх». Магчыма, у гэты момант Лукашэнка смакаваў адчуванні ад «Душа-впечатления» ў новай (ужо 17-й па ліку) рэзідэнцыі, што будуецца ў Менску.

«Там ёсць спальня, дзе сцены абітыя мяккім войлакам, каб не параніўся, калі будзе чарговы «прыход», – апісваюць у праграме «Хай Так TV» адзін са здымкаў будучай рэзідэнцыі і сакрэт яго «радасці».

Верасень таксама запомніўся расповедамі Лукашэнкі пра блізкасць Беларусі і (увага!) Гвінеі, у той час як для шматлікіх беларусаў сталася актуальнаю праблема з пашпартам.

Падпампоўваем культ асобы. Фота: DW.COM
Падпампоўваем культ асобы. Фота: DW.COM

Кастрычнік прайшоў пад знакам выбуху ў Калодзішчах, адзначыўся планамі «Беларусьфільму» на стварэнне стужкі пра «вельмі сціплага» Аляксандра Лукашэнку і заявамі Наталлі Качанавай пра пошукі новых сродкаў для стымулявання беларусак нараджаць дзяцей. А яшчэ чарговая «цытата Лукашэнкі»:

,,

«Каб быў мір, нам трэба ўкалваць, укалваць і ўкалваць». А што менавіта «ўкалваць», ён так і не назваў. Аднак зразумела адно: уколы ў выпадку Лукашэнкі прапускаць нельга.


А яшчэ самаабвешчаны сустракаўся са, згубілі лік якім, губернатарам з Расеі. У «Хай Так TV» патлумачылі: «Беларускія першыя твары – Лукашэнка, Галоўчанка – сустракаліся з нейкімі губернатарамі. А ці ў адваротным кірунку гэта ідзе? Ці сустракаецца Пуцін з главою Івацэвічаў?».

Лукашэнка таксама прызнаўся, што ўрад яму хлусіць і дэзынфармуе прэзідэнта, каб выставіць сябе ў лепшым святле. Няўжо закрадаюцца такія думкі ў Аляксандра Лукашэнкі праз 30 гадоў усеўладдзя: «Нешта мне не дагаворваюць, мабыць?» Небарака добры цар.

Лістапад Лукашэнка адкрыў выказваннем наконт таго, што адбывалася з «ягонаю» краінаю цягам апошніх 30 гадоў:

,,

«Нам давялося ўвесь час змагацца, заўсёды было складана. Мы ўжо ведалі, выбары – гэта абавязкова бойня. Вось яны думалі, ну ўсё, мы зараз яго скінем. Але дайшло да таго, што давялося самому краіну са зброяй у руках абараняць. Мы спынілі не кровапраліцце. Мы спынілі знішчэнне планеты».


Пасля таго, як ён сказаў гэтую фразу, кажа Дзяніс Дудзінскі, ён мусіў быў дадаць яшчэ: «Калі чэсна, то я – жалезны чалавек». Гэта маглі б пацвердзіць Нік і Майк, толькі, магчыма, з таго часу, як яны казалі пра жалезныя элементы ў целе дыктатара, іх ужо паела іржа. Таксама цікава: калі Лукашэнка – «жалезны чалавек», то хто тады Пуцін? «Сіні жук»?

Калаж: Хай Так TV
Калаж: Хай Так TV

І нагадаем песню, што скарыла гледачоў сацыяльных сетак «Белсат» у лістападзе – «Саша в клетке».


А яшчэ Аляксандру Лукашэнку падарылі гранатамёт. Далей цытата Вальфовіча, якая паказвае стан сельскай гаспадаркі лепш, чым яе статыстыка з прыпіскамі:

,,

«Вы цяпер можаце ў любы калгас з ім прыехаць, таварышч прэзідэнт, любы дырэктар калгасу працаваць у тры разы лепш будзе».


У снежні Лукашэнка гарцаваў са шпіцам Умкаю на хакеі, з’ездзіў у Кітай па яблыкі ды касцюм для Колі, а ў Кеніі падчас ягонага візіту раптоўна знікла святло ў 47-мільённай краіне, а ў самога самаабвешчанага – голас. А яшчэ Лукашэнка падакараў сваіх кіраўнікоў, якія крадуць. «Колькі ён скраў? 100 тысячаў. Ай-яй-яй. Не трэба, не саджайце яго, дырэктарам на завод адпраўце» – жартаваў Дудзінскі. Да таго ж безгалосы Лукашэнка думае пра будучыню ды прыпісвае яе шмат каму. Настолькі, што прапагандысты разгубіліся зусім.

А яшчэ Міхась Зуй прадказаў з’яўленне ўласнага каналу для Лукашэнкі, дзе «Первый» будзе мець магчымасць спакойна выганяць зялёнага гноміка ці вырошчваць агуркі для лекавання гемарою ў стылі доктара Папова. І такі канал сапраўды плануюць запусціць у Беларусі ўжо ў верасні.

Новы 2024 год Лукашэнка сустрэў атручэннем пасля Рэспубліканскага навагодняга балю і распрацаваным пад яго (але тады яшчэ не прынятым) «Законам аб гарантыях». А яшчэ ў студзені бээрэсэмаўцы правялі флэшмоб «Аляксандр Рыгоравіч, я капялюш надзеў» (і гэта не жарт).

У лютым інтэрнэт ускалыхнуў відэаролік пра Лукашэнку як чалавека-аркестра, а таксама яго жаданне наведаць Антарктыду. Пры гэтым раскручванне «культу асобы» ў Беларусі выйшла на новы ўзровень – духоўнік дыктатара Фёдар Поўны назваў яго прарокам.
Лукашэнка абвясціў пра падвышэнне заробкаў чыноўнікам і сілавікам адразу на 15 %. Чаму тады беларусы здзіўляюцца, што ў небагатай Беларусі цешча нейкага былога старшыні Следчага камітэту РБ Валянціна Шаева змеркавала прадаць хатку коштам 3,5 млн долараў.
А яшчэ ў лютым раптоўна ў фокус трапіў кітайскі студэнт Мікалай Лукашэнка, якому нейкія расейскія блогеркі Вікторыя Боня і Алёна Ваданаева хацелі нешта даць за мех бульбы. Таксама ў лютым прайшлі «выбары з аганьком» у псеўдапарламент, што запомніліся відэролікам «гаваркіх галоваў» псеўдалібералаў Алега Гайдукевіча (не дзікпікам жа адзіным).
Электаральная кампанія будучых прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на люты 2025 года, менавіта тады фактычна і стартавала. А Лукашэнка нават высунуў галоўны свой перадвыбарчы лозунг:

,,

«Лепш жыць вельмі дрэнна, але на волі».


У сакавіку 2024 года нявестка Лукашэнкі Анна Селук, якая піша песні пра свайго цесця і робіць іх «гітамі», выйграла «Песню года». Самаабвешчаны ж скардзіўся, што нічога ў яго не працуе (ці то праз сыход «Тындэру», ці то ўзрост бярэ сваё), і нават расплакаўся перад жанчынамі. Заклікаў беларусаў хадзіць басанож па зямлі і прамовіў сваё сакральнае «наеўся ўлады». А як Лукашэнка наеўся гэтай самай улады, мы добра бачым – не кожную карову ад канюшыны так раздуе. І гэта асабліва відавочна на кадрах расейскіх і кітайскіх журналістаў.

У красавіку Лукашэнка ачуняў пасля абвяшчэння «каменнага веку» ў Беларусі і адправіў у космас турыстку Марыну Васілеўскую, загадаўшы «асабліва не напружвацца з эксперыментамі». А яшчэ ў красавіку Лукашэнка, магчыма, пад уплывам дня смеху, адорваў беларусаў сваімі традыцыйнымі камедыйнымі цытатамі:

,,

«Когда не хватает – это благо» – з выступу перад медыкамі ў Горадні. Ці не пераблытаў ён тут расейскае «благо» і беларускае «блага»? Таму неабходна падцягнуць базу праз праграму «Мова Нанова».


Яшчэ ў красавіку былі суботнік (на новую рэзідэнцыю?), «метад Караніка» і Азаронак, які абазваў Лукашэнку «катэхонам».

Такога Лукашэнку не пакажуць па БТ. Скрыншот з відэа: 华人风采CN
Такога Лукашэнку не пакажуць па БТ. Скрыншот з відэа: 华人风采CN

У траўні «Кіберпартызаны» ўзламалі сайт КДБ і выклалі базу звестак на 40 тысяч зваротаў, пакінуўшы Церцеля з носам і без валасоў. А Аляксандр Лукашэнка як ідэал «традыцыйных каштоўнасцяў» і моцнай сям’і прызнаўся, што абдымаўся з ядраваю боегалоўкаю. Першая беларуская касмічная турыстка Марыя Васілеўская ў траўні выправілася ў тур і прызналася, што найпапулярнейшае пытанне ад беларусаў: «Ці праўда, што зямля круглая?». Але як інакш можа быць у краіне з ГУБАЗіКам, дзе за не тое пытанне могуць адправіць за краты? Відаць, турыстка Васілеўская на зямлю так і не спусцілася.

Таксама ў траўні Аляксандр Лукашэнка, якога напружвала магчымасць нядопуску беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду ў Парыж, заклікаў усё роўна ехаць туды і «біць морды». Затым самаабвешчаны заклікаў адмяніць выпускныя, а настаўнікаў у школах пачалі прымушаць слухаць пра тое, якая «бедная» сям’я Лукашэнкі. Не вытрымаў нават генерал МУС Карпянкоў, які разышоўся на ўсе застаўкі.

Травень таксама запомніўся сустрэчай самаабвешчанага з губернатарам Алтайскага краю РФ, на якой Лукашэнка прызнаўся:

,,

«Ведаю вашую маму, яна з Беларусі, з-пад Мазыра».


А яшчэ ў траўні з’явілася навіна пра магчымасць правядзення ў хуткім часе аперацыі перасаджвання галавы. Цяпер ужо 70-гадоваму Лукашэнку яна б прыдалася, бо трэмар ягоны ўжо нават аператары не хаваюць, як тое было падчас інтэрв’ю прапагандысту Папову ды перад настаўнікамі.


ББ belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10