Над палітзняволенай Марыяй Калеснікавай здзекуюцца ў калоніі, трымаюць у ізаляцыі і не даюць доступу да медыцынскай дапамогі, паведаміла крыніца «Новаму часу». Сястра Калеснікавай распавяла пра інфармацыю, што Марыя катастрафічна схуднела.
Крыніца сцвярджае, што на вачах у Марыі рвуць лісты, якія ёй адрасаваныя, і «ўсяляк здзекуюцца» з яе:
«Калі Марыю Калеснікаву кудысьці вядуць, перакрываюць усю турму. Такое пачуццё, быццам ваеннае становішча».
Таксама ёй не аказваюць медыцынскую дапамогу. Лекараў «вельмі доўга» не падпускалі, а калі яна ўсё ж трапіла ў медчастку «незразумела, што ў выніку» было, паведамляла крыніца. Раней у Марыі ў калоніі з'явіліся сур'ёзныя праблемы са здароўем. Восенню 2022 года яна была ў цяжкім стане была дастаўлена ў гомельскі шпіталь, дзе ёй зрабілі аперацыю і выявілі, што ў палітзняволенай прабадная язва і запалення брушной поласці.
Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч пракаментавала «Настоящему времени» новую інфармацыю з гомельскай калоніі.
«Так, я ў шоку. Мы чулі і раней, што яна вельмі худая, але цяпер нават называюць такую лічбу, што Маша важыць 45 кілаграмаў пры яе росце 1,75 м — яна даволі высокая. Мне складана зразумець логіку, чаму гэта адбываецца. Магчыма, ізаляцыя. Гэта такі псіхалагічны ціск на Машу, ізаляванне ад знешняга свету, каб яна думала, што пра яе ўсе забыліся. І ў той жа час, каб яна не магла, напэўна, перадаваць нейкія навіны, нейкія вестачкі ад сябе, таму што лічаць, што нават цяпер Маша — гэта чалавек, які вельмі моцна натхняе людзей», — сказала Таццяна Хоміч.
У студзені 2022 года Марыю Калеснікаву пакаралі 11 гадамі калоніі. Яе абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — у спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
У чэрвені адна з былых палітвязняў паведамляла, што ў калоніі зняволеным забараняюць мець зносіны з Калеснікавай, а ахоўніцы ходзяць за ёй нават у прыбіральню.
Арсен Рудэнка belsat.eu