Еўракамісія ведае пра сітуацыю з беларускім рэжысёрам Андрэем Гнётам, якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь з Сербіі, і заступілася за яго перад сербскімі чыноўнікамі.
Паводле Прэзідэнткі Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен, Еўрапейская камісія знаходзіцца ў непасрэдным кантакце з сербскім бокам па пытанні Андрэя Гнёта.
«У прыватнасці, дэлегацыя Еўрасаюза ў Бялградзе прысутнічала на судовым слуханні – і адразу звязалася з уладамі пасля вынясення рашэння Высокага суда. Мы давялі кіраўніцтву краіны пазіцыю ў дачыненні да справы спадара Гнёта і акрэслілі нашыя чаканні. Справа Андрэя Гнёта павінна разглядацца ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі ў галіне правоў чалавека і стандартамі Еўрасаюза», – адзначыла Урсула фон дэр Ляен у лісце Святлане Ціханоўскай.
Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі асобна падкрэсліла, што краіны Еўрасаюзу неаднаразова даводзілі да сербскіх уладаў наступнае, што ордар на арышт Гнёта быў палітычна матываваным і ў выпадку экстрадыцыі на радзіму ён сутыкнецца з рэпрэсіямі.
«Офіс Святланы Ціханоўскай кожны дзень вядзе працу на палітычным узроўні па пытаннях экстрадыцыі беларусаў больш чым у 15 краінах. Што тычыцца справы Андрэя Гнёта, то каманда Офіса знаходзіцца ў пастаяннай камунікацыі з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі, Міністэрствамі замежных справаў шэрагу еўрапейскіх краінаў, прадстаўнікамі структураў Еўрасаюзу, ЗША, ААН, а таксама Сербіі. Амаль кожны дзень прадстаўнікі Офіса кантактуюць і з самім Андрэем. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, дэмакратычным сілам і міжнароднай супольнасці ў ліпені ўдалося выключыць Андрэя Гнёта з базы дадзеных Інтэрпола», – паведамляе тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.
Андрэй Гнёт быў арыштаваны ў Сербіі ў кастрычніку 2023 года. Там ён сем месяцаў прабыў у турме і атрымаў сур’ёзныя праблемы са здароўем. У чэрвені 2024 года яго перавялі на хаткі арышт у здымнай кватэры.
27 жніўня прайшло апошняе паседжанне ў судовай справе аб экстрадыцыі Гнёта. Вынікі будуць праз 30 дзён пасля паседжання.
Арсен Рудэнка belsat.eu