19 жніўня Еўрапейскі суд па правах чалавека ўжо ў трэці раз адмовіў у абароне ад экстрадыцыі беларускаму рэжысёру Андрэю Гнёту, які знаходзіцца пад хатнім арыштам у Сербіі. Цяпер уся справа ў руках сербскага апеляцыйнага суда: калі 27 жніўня ён пакіне ў сіле рашэнне аб дэпартацыі Андрэя з Сербіі, то беларускага рэжысёра могуць выслаць у Беларусь цягам некалькіх гадзін.
«Сёння 19 жніўня ЕСПЧ ў Страсбургу ў ТРЭЦІ РАЗ АДМОВІЎ мне ў абароне ад экстрадыцыі. Гэта значыць, што зараз у мяне ўсё яшчэ няма ніякай міжнароднай падтрымкі перад абліччам апеляцыйнага суду 27 жніўня ў Белградзе», – напісаў Андрэй Гнёт у сябе ў «Facebook».
Паводле рэжысёра, ЕСПЧ лічыць ягоны запыт заўчасным, але гэтае рашэнне можа быць змененае пасля таго, як сваё канчатковае і абавязковае да выканання рашэнне выдасць сербскі апеляцыйны суд.
Чаму гэтая сітуацыя з’яўляецца даволі напружанай, патлумачыў кіраўнік «by_help» Аляксей Лявончык:
«ЕСПЧ чарговым разам адмовіў у забесьпячальным захадзе паводле арт. 39 (забарона экстрадыцыі да разгляду справы ЭСПЧ). Маўляў, хай спачатку будзе адмова апеляцыйнага суда апошняй інстанцыі Сэрбіі, а потым мы ўключымся. Андрэй кажа, што ў Сербіі пратакол такі: як толькі апеляцыйны суд 27 жніўня адмовіць, то яго цягам 3–4 гадзін могуць даставіць да самалёта і выслаць у Беларусь. Ін’юнцыя ЕСПЧ проста не пасьпее даехаць да Белграда», – адзначыў Аляксей Лявончык.
Пры гэтым кіраўнік «by_help» успамінае выпадак, калі ў 2017 годзе Сербія выдала турэцкага дысідэнта Джэўдэта Аяза Турцыі, нягледзячы на папярэджанні Камітэта ААН супраць катаванняў і просьбы пра затрыманне экстрадыцыі. Еўрапейскі суд па правах чалавека не паспеў умяшацца, што выклікала крытыку і заклапочанасць з боку праваабарончых арганізацый, якія баяліся, што Айаз падвяргаецца рызыцы катаванняў у Турцыі. Гэты выпадак выклікаў шырокі рэзананс і паставіў пад пытанне абавязкі Сербіі па захаванні правоў чалавека.
Як адзначае Андрэй Гнёт, каб пазбегнуць дэпартацыі, яму неабходная дапамога юрыстаў унутры Сербіі. Для гэтага неабходныя дадатковыя сродкі. Дапамагчы можна па спасылцы.
Нагадаем, што Андрэй Гнёт знаходзіцца зараз пад хатнім арыштам у Сербіі. Да гэтага цягам больш як 7 месяцаў ён быў вымушаны правесці ў белградскай турме. Андрэя Гнёта затрымалі ўвосень 2023 года на запыт беларускіх уладаў, які абвінавачваюць рэжысёра ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, у той час як насамрэчы пераследуюць яго паводле палітычных чыннікаў.
Раман Шавель belsat.eu