Некаторыя палітвязні, якія выйшлі на волю па памілаванні 20 жніўня, адмовіліся пісаць прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Іх выпусцілі без падпісанных прашэнняў, паведамляе ініцыятыва па дапамозе палітвязням «Dissidentby» са спасылкай на свае крыніцы.
«Тым не менш, ёсць выпадкі, калі людзей не выпускалі, не гледзячы на выкананыя ўмовы, а тых, хто адмаўляецца, саджалі ў ШІЗА на 15 содняў», – піша «Dissidentby».
Арганізацыі вядома пра 25 чалавек, якія апынуліся на волі 20 жніўня. Сярод іх Ксенія Луцкіна, Ірына Санкоўская, Вольга Новікава, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Кацярына Леў, Тамара Каравай, Святлана Палуэктава, Васіль Бераснеў, Наталля Пятровіч, Яўген Чуміла, Алег Зыкун, Аляксандр Галуза і Руслан Красаў.
У папярэднюю хвалю вызваленняў па памілаванні да 3 ліпеня частка палітвязняў таксама адмовіліся пісаць прашэнні, паведамляла «Вясна». Замест гэтых людзей выйсці на волю прапанавалі іншым палітвязням. Тады сярод вызваленых быў палітзняволены старшыня БНФ Рыгор Кастусёў, які хворы на анкалогію.
Арсен Рудэнка belsat.eu