На генерала запасу арміі Расеі Паўла Папова завялі крымінальную справу па падазрэнні ў махлярстве. Пра гэта паведамляе Следчы камітэт Расеі.
«Паводле звестак следства, у 2021-2024 гадах Папоў, адказваючы за развіццё, абслугоўванне і працу парку "Патрыёт", узбагачаўся за кошт гэтай установы, дзейнічаючы сумесна з дырэктарам парку Вячаславам Ахмедавым і намеснікам начальніка Галоўнай управы інавацыйнага развіцця Мінабароны РФ Уладзімірам Шасцёравым, якія раней прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці», – піша СК Расеі.
Паведамляецца, што Папоў зладзіў будоўлю на сваім загарадным участку за кошт парку.
«Акрамя таго, праз сваіх падначаленых ён прымушаў кіраўнікоў камерцыйных арганізацый, якія маюць дагаворныя адносіны з паркам "Патрыёт", выконваць будаўніча-мантажныя работы ў сябе ў загарадных апартаментах, не аплачваючы іх. Пасля пабудовы дома і добраўпарадкавання ўчастка Папоў працягнуў забяспечваць за кошт парку тэхнічнае і гаспадарчае абслугоўванне свайго ўчастка плошчай каля 3 гектараў», – працягвае СК.
Высветлілася, што ў Папова і членаў яго сям'і ёсць шматлікія аб'екты нерухомасці ў прэстыжных раёнах Масквы, Маскоўскай вобласці і Краснадарскага краю. З агульны кошт складае больш за 500 млн расейскійх рублёў (каля 17,4 млн беларускіх рублёў).
«Законнасць набыцця названай маёмасці таксама правяраецца ў рамках крымінальнай справы», – піша Следчы камітэт Расеі.
Хваля арыштаў людзей з верхавіны Мінабароны Расеі пачалася пасля зняцця з пасады міністра абароны Сяргея Шайгу. Раней былі арыштаваныя намеснік міністра абароны Расеі Цімур Іваноў і Дзмітрый Булгакаў, а таксама начальнік Галоўнай управы кадраў Мінабароны Расеі Юрый Кузняцоў.
Арсен Рудэнка belsat.eu