навіны

Авіябаза ў Баранавічах стала больш актыўна патруляваць мяжу з Украінай

Самалёт Су-30СМ
Самалёт Су-30СМ. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Людзі ў Баранавічах сталі часта чуць гукі вайсковай авіяцыі праз тое, што авіябаза ў горадзе «павялічыла інтэнсіўнасць патрулявання паветранай прасторы». Пра гэта распавяла прэс-служба 61-й знішчальнай авіябазы мясцовай газеце «Наш край».

Актыўнасць павысілася ўздоўж мяжы Паўднёвага аперацыйнага кірунку на знішчальніках Су-30СМ, гэта значыць ля мяжы з Украінай.


«Палёты выконваюцца на вышыні каля васьмі тысяч метраў, хуткасці каля 750 км/г у баявых парадках на мінімальных інтэрвалах і дыстанцыях. Падчас патрулявання адпрацоўваюцца таксама элементы манеўравання ў складзе пары "вядучы-кіраваны"», - паведамляе прэс-служба авіябазы.


Пры гэтым у сярэдзіне ліпеня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што «напружанне на паўднёвым аперацыйным кірунку спадае», таму Лукашэнка даручыў адвесці адтуль групоўку войска, якая была накіраваная раней нібыта для «ўзмацнення паўднёвага аперацыйнага кірунку».


Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», знішчальнікі ў Баранавічах апошнім часам часта паднімаюцца праз расейскія дроны, якія павінны былі атакаваць Украіну, але апынуліся на тэрыторыі Беларусі.


«Расея зноў запусціла шагэды па Украіне. У Беларусі дзяжурная Авіяцыя знаходзіцца ў паветры ўздоўж паўднёвай мяжы ўвесь вечар. Самалёты ВПС РБ з аэрадрома Баранавічы напераменку дзяжураць, апісваючы дугу ад Лунінца праз Мазыр да Бабруйска, з 17:40 і да цяперашняга часу, верагодна, чакаючы залётных у РБ шагэдаў», – распавёў «Беларускі Гаюн» 28 жніўня.

29 жніўня стала вядома, што беларуская авіяцыя ўпершыню збіла расейскі дрон, які «заблукаў» у Гомельскай вобласці.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10