навіны

«Вачыма палякаў». У Варшаве адбыўся кінапрагляд беларускіх фільмаў «Пад супольным небам»

Варшава, Польшча. 28 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Варшава, Польшча. 28 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Тры беларускія дакументальныя стужкі былі паказаныя ў Варшаве ў межах праграмы «Pod Wspólnym Niebem» («Пад супольным небам»), якую ажыццяўляе Цэнтр думкі Яна Паўла II. Журналісты «Белсату» наведалі кінапрагляд і былі ўзрушаныя, а нават – шакаваныя. Распавядаем, што адбывалася на імпрэзе.

У сёлетніх кінапаказах «Пад супольным небам», якія ладзяцца з 10 ліпеня да 4 верасня, дэманструюцца фільмы з Украіны, Беларусі, В'етнаму, Грузіі ды Індыі. І «Пад супольным небам» – гэта не толькі прыгожая метафара. Сеансы сапраўды ідуць пад адкрытым зорным небам у дворыку на Foksal, 11 – па адрасе, добра знаёмым беларусам Варшавы, бо побач знаходзіцца Музей вольнай Беларусі. І вечар 28 жніўня быў беларускім.

Ніводнага вольнага месца


І адразу – шок! Усе месцы ў імправізаванай глядзельнай зале занятыя. Вольных месцаў бракуе яшчэ за 10 хвілін да пачатку. Пад 200 гледачоў. А людзі ідуць і ідуць. Ідуць як на Ланцімоса. Арганізатары прыносяць дадатковыя крэслы. І гэта пры тым, адзначым, што чакаецца не гарачая прэм'ера, а прагляд стужак, паказаных летась на «Bulbamovie». А менавіта – «Раскіданае гняздо» Валерыя Нескарадзянага, «Мара» Сашы Кулак і «Апошняя начная змена» Максіма Шведа.

«Мяркую, што якраз гэтыя тры фільмы змогуць з розных бакоў паказаць польскаму гледачу драму і досвед сённяшняга жыцця беларусаў. Для нас было вельмі важна прадставіць ва ўсёй паўнаце тую сітуацыю, у якой апынулася беларуская супольнасць, беларусы, якія жывуць цяпер побач з намі. Хацелі паказаць не толькі прычыны, чаму так атрымалася, але і перспектывы, і надзеі на будучыню», – казаў перад паказам палітолаг, менеджар культуры і ініцыятар правядзення летніх кінапаказаў «Пад супольным небам» Матэуш Тома.

Матэуш Тома, Януша Гаўрылюк, Максім Швед. Фота: Белсат
Матэуш Тома, Януша Гаўрылюк, Максім Швед. Фота: Белсат

На размову, якая адбылася перад паказам, Матэуш Тома запрасіў заснавальніка і арганізатара фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie» Януша Гаўрылюка і беларускага рэжысёра Максіма Шведа

Януш Гаўрылюк распавядаў пра гісторыю стварэння фестывалю і ягоную назву. Пра тое, як цяжка ладзіць «Bulbamovie» ў сучасных умовах (аўтары баяцца дасылаць фільмы нават на ўмовах ананімнасці) і пра тое, што спонсарам юбілейнага, дзясятага, кінафэсту, які пройдзе ў Варшаве 22 – 24 лістапада, выступіць міністэрства культуры Польшчы. Некалькі разоў падкрэсліў, што пераможцы «Bulbamovie 2024» атрымаюць, як гэта было на самым пачатку, прызы – Залатыя Бульбіны. 

Пра гэта Гаўрылюк расказваў «Белсату» яшчэ раней, але для палякаў, хутчэй за ўсё было навіной. Дырэктар «Bulbamovie» яшчэ на пачатку жніўня абяцаў нам, што пастараецца зрабіць так, каб юбілейны кінафэст стаўся святам не толькі для беларусаў Варшавы, але і для польскага гледача.

,,

«Мы ж робім адну справу, і калі робім яе ў Варшаве, то тут велізарны патэнцыял… Таму сёлета, калі маем больш рэсурсаў, паспрабуем паказаць сябе шырэй. Ёсць такі план», – дзяліўся тады Януш Гаўрылюк.


І падобна, што гэты план пачаў ажыццяўляцца. Прычым – з відавочным поспехам. 

«Ён не з'явіцца ў інтэрнэце»


Пераказваць сюжэты паказаных стужак не бачым сэнсу. Хтосьці з беларусаў ужо паглядзеў іх на леташнім «Bulbamovie», хтосьці пабачыць пазней. Нам было важна паглядзець беларускія фільмы вачыма палякаў. Адзначым толькі, што калі глядзіш тую ж «Мару», хай сабе і другі раз, – усё адно прабівае на дрыжыкі (не, на калатун), а некаторых і на слёзы. І гэта – праз чатыры гады. 

Усе тры фільмы заканчваліся воплескамі. Апладысменты перарываюцца, калі замест аўтарскіх тытраў напрыканцы стужкі «Мара» ідзе спіс палітвязняў, якія застаюцца за кратамі ў Беларусі. Чорна-белы спіс дробным шрыфтам. Трывае на экране каля 5 хвілінаў. Прастакутнік варшаўскага неба над намі ўжо ззяе зоркамі.

Ізноў шок. На абмеркаванне фільмаў па заканчэнні прагляду застаецца каля паўсотні чалавек, хоць у Варшаве ўжо 23:00. І Максім Швед, які працуе ў Варшаве пекарам, спрабуе прыспешыць размову, бо з раніцы яму – на першую змену, пад'ём – у 05:30. Троху вінавата і іранічна пасміхаецца. Але палякі задаюць чарговае пытанне… 

І хто-небудзь пасля гэтага скажа, што варшавякаў не цікавіць беларуская сітуацыя?..


Фота: Белсат
Фота: Белсат

Гледачы, напрыклад, з поўным разуменнем кантэксту, пытаюцца, ці буйныя планы з удзельнікамі пратэстаў у «Мары» не пагражаюць бяспецы людзей, якія дагэтуль застаюцца ў Беларусі. Балючае і жыццёва важнае пытанне. 

Матэуш Тома згаджаецца, што людзі, якія трапілі ў кадры фільму, рызыкуюць і застаюцца пад пагрозай, але спасылаецца на вельмі «абмежаваную дыстрыбуцыю такіх фільмаў».

,,

«Калі казаць пра «Мару», то сёння была адна з нешматлікіх магчымасцяў пабачыць гэты фільм. І ён не з'явіцца ў адкрытым доступе ў інтэрнэце менавіта з прычыны бяспекі. На жаль, як і многія іншыя беларускія фільмы. З 2020 года маем вельмі шмат праблемаў з прадукаваннем новых дакументальных фільмаў увогуле», – сказаў на гэты конт дырэктар фестывалю «Bulbamovie» Януш Гаўрылюк.


«Большасць супрацоўнікаў былі лютымі, як фурыі»

Пыталіся польскія гледачы і пра тое, як сёння пачуваюцца ў Беларусі міліцыянты, і ці ёсць сярод іх тыя, хто мог бы перайсці на бок народу.

«Так, былі сярод міліцыянтаў людзі, якія таксама хацелі штосьці змяніць. Але не задужа іх было. Большасць, хто быў супраць таго гвалту ў 2020 годзе, сёння ходзяць па Варшаве», – адказваў палякам рэжысёр Максім Швед («Або сядзяць у турмах», – хацелася дадаць).

Сваімі ўражаннямі дзяліўся таксама польскі журналіст Кацпер Сеніцкі, які асвятляў беларускія падзеі ў жніўні 2020-га, быў затрыманы і катаваны «сілавікамі» РБ (ён жа стыпендыянт Цэнтру думкі Яна Паўла II). 

«Я б сказаў, што тады сапраўды былі людзі, якія, напрыклад, спрабавалі ўхіляцца ад таго, каб чыніць гвалт. Але гэта было выключэнне з правілаў. Большасць супрацоўнікаў былі лютымі, як фурыі. Я нядаўна прачытаў артыкул, у якім адзін афіцэр прызнаецца, што міліцыянты проста не давяралі пратэстоўцам, але, калі б які генерал загадаў не ісці супраць свайго народу, – спыніліся б. Ім патрэбны быў нейкі аўтарытэт. А яго не знайшлося», – дзяліўся думкамі Кацпер Сеніцкі.


Фота: Белсат
Фота: Белсат

Польскага гледача цікавіла таксама пытанне, ці магчыма ўвогуле цяпер на Беларусі нейкім чынам сябе творча рэалізаваць. 


,,

«Калі і ладзяцца якія незалежныя прагляды, то толькі на кватэрніках. Калі нешта і ствараецца, то толькі таемна. Поўная партызанка», – адказваў Януш Гаўрылюк, адзначаючы, што насамрэч ніхто тут не ведае дакладна, якія працэсы адбываюцца ў сённяшняй Беларусі. Трэба быць там – каб ведаць. 


Праводзілася падчас размовы паралель з сацыялістычнай Польшчай. Анджэй Вайда і Кшыштоф Занусі маглі здымаць і ездзіць па ўсім свеце. Улады ПНР заплюшчвалі на гэта вочы, абы рэжысёры паказвалі свету, што ў Польшчы ўсё не так кепска. У Беларусі таксама быў перыяд адноснай культурнай адлігі, дзякуючы якой паўстаў, напрыклад, фінансаваны дзяржавай фільм «Янка Купала» (пра яго таксама пыталіся гледачы). Але ў сённяшняй сітуацыі і Вайда, і Занусі, калі б жылі ў Беларусі, то сядзелі б ужо ў турме…

«Прайшлі чатыры гады, але мой фільм не састарэў»

Хвалілі палякі «Апошнюю начную змену» Максіма Шведа. Найперш – за форму. Рэжысёр выкарыстоўвае ў стужцы відэапаведамленні «Тэлеграму» ў форме кружкоў. Дарэчы, галоўная гераіня стужкі – дачка рэжысёра.

Прывітанне ўдзельнікам прагляду «Пад супольным небам» даслала (праз той жа «Тэлеграм») і рэжысёрка славутай «Мары» Саша Кулак.

«Хачу сказаць, што, нягледзячы на тое, што мінула чатыры гады (цяжка ў гэта паверыць!), гэты фільм насамрэч зусім не пастарэў і дасюль застаецца актуальным. На вуліцах Беларусі працягвае панаваць атмасфера страху і бяспраўя, але беларусы, якія выступаюць супраць рэжыму, і цяпер удзельнічаюць у рознага кшталту апазіцыйных і партызанскіх рухах. Супраціў трывае…» – напісала стваральніца «Мары», выказаўшы вялікую падзяку арганізатарам і ўдзнельнікам прагляду. 

Падчас III летніх кінапраглядаў «Пад супольным небам» было паказана 15 стужак, знятых рэжысёрамі з Украіны, Беларусі, Грузіі, В'етнаму, Індыі і Польшчы. На думку арганізатараў, гэта не толькі «прэзентацыя выбітнага кіно з розных куткоў свету, але найперш аказія для дыялогу, узаемнага паразумення і будавання мастоў».

Зміцер Міраш belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10