Сілавікі пахваліліся затрыманнем падазраваных у продажы месцаў у чарзе на выезд з Беларусі. Але самі далі падставу меркаваць, што затрымалі не тых.
Адзін са звязаных з сілавікамі ананімных Telegram-каналаў пахваліўся 29 жніўня затрыманнем на пункце пропуску «Варшаўскі мост», што пад Берасцем на мяжы Беларусі і Польшчы, «звыш 10» чалавек, якіх назвалі «прадаўцамі месцаў у чарзе».
Частка затрыманых змешчаная ў ізалятар часовага ўтрымання, паведаміў ананімны канал. Што з другой часткай, не ўдакладнілі, як і не паведамілі, якія абвінавачванні выставілі затрыманым.
На відэа, якое публікуе канал, тры чалавекі ў адзенні колеру хакі валяць на зямлю мужчыну ў чорнай цішотцы, надзяваюць на яго кайданкі. Затрыманы тлумачыць: «Мы хадзілі катá шукалі». Затым нейкі чалавек у чорнай цішотцы на «пакаянным відэа» кажа, што прадаваў месцы ў аўтамабільнай чарзе. Ці той жа гэта чалавек, невядома: твар у абодвух эпізодах замазаны.
«Пакаянныя відэа» з тым жа затрыманым, а таксама з некалькімі іншымі, паказаў таксама афіцыйны Telegram-канал Міністэрства ўнутраных справаў. Але МУС ужо не паказаў фрагмент, на якім чалавек, на якога накінуліся тры невядомыя, першым чынам кажа, што шукаў катá.
У чатах аб пераходзе мяжы беларусы сапраўды наракаюць на тое, што некаторыя людзі, якім за мяжу не трэба, займаюць месцы ў чарзе і спрабуюць гэтыя месцы прадаць. У адказ на гэтую навіну, якую адзін з карыстальнікаў перадаў у чат, іншыя паспрачаліся: ці то ўжо не прадаюць месцаў у чэргах, ці ўсё ж прадаюць.
Праблема актуальная для многіх: паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту, на выездзе з Берасця днём 29 жніўня стаіць чарга з 550 легкавікоў і 45 аўтобусаў. Адзін з карыстальнікаў чату пісаў у гэты дзень, што толькі на чаканне ад канца чаргі да выезду на мост пайшло 36 гадзінаў, другі днём раней пісаў, што на тое ж у яго пайшла 41 гадзіна.
Беларускія памежнікі вінавацяць у гэтым польскі бок, а польскія памежнікі тлумачаць, што працуюць павольна, бо мусяць пераводзіць супрацоўнікаў на ахову мяжы ад спробаў нелегальнага пераходу праз штучна створаны ўладамі Беларусі міграцыйны крызіс.
Сілавікі ж хваляцца тым, што з пачатку лета ў раёне памежнага пераходу прыцягнулі да адказнасці звыш 1500 кіроўцаў, раварыстаў і пешаходаў за парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі, выхад на праезную частку, кіраванне транспартным сродкам без правоў або ў нецвярозым стане.
Алесь Наваборскі belsat.eu