Нягледзячы на тое, што пра саступкі для абітурыентаў з Украіны і Беларусі загаварыў і падпісаў адпаведны ўказ нават польскі прэзідэнт Анджэй Дуда, нечакана для ўсіх падаць дакументы ў польскія ВНУ сотні беларускіх абітурыентаў усё роўна не могуць. Праз заканадаўчыя недахопы і бюракратычныя нюансы шмат беларусаў зараз рызыкуюць застацца без месцаў ва ўніверсітэтах.
У гэтай гісторыі шмат нюансаў, і каб разабрацца, трэба разумець яе прадгісторыю. І з большага яна наступная.
У далёкім 2005 годзе Беларусь і Польшча падпісалі пагадненне, паводле якога беларускі атэстат аб сярэдняй адукацыі, дыпломы аб прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама польскі атэстат сталасці «з'яўляюцца асновай для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы абедзвюх краінаў». Фактычна гэта азначала тое, што выпускнікі беларускіх школ маглі адносна бесперашкодна паступаць са сваімі дакументамі аб сярэдняй адукацыі ў польскія ВНУ, а польскія абітурыенты – у беларускія.
Але праз 15 гадоў здарыўся 2020-ы, за якім рушылі палітычны крызіс у Беларусі, вайна ва Украіне, еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да Беларусі, міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы, вострае пытанне з палітвязнямі, закрыццё межаў... У выніку стасункі паміж з ЕЗ у Беларусі абвастрыліся максімальна. У тым ліку з Польшчай.
Ужо ў снежні 2020 года тагачасны кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў аб пераглядзе выканання некаторых «гуманітарных, адукацыйных, культурных праграм, якімі займаюцца адпаведныя палітычныя інстытуты ў Беларусі». Услед за гэтым рушыла скасаванне двух пагадненняў з Еўразвязам аб фінансаванні асобных праграм і падтрымцы бізнесу, у выніку чаго была перакрытая падтрымка прадпрымальніцтва і фінансаванне інвестыцыйных праграм для развіцця канкурэнтаздольнасці. Потым перастала дзейнічаць пагадненне аб рэадмісіі з ЕЗ. Затым Беларусь выйшла з ініцыятывы «Усходняе партнёрства» і вырашыла абмежаваць дзейнасць некаторых палітычных фондаў. Далей было спыненне дзеяння пагаднення з Еўракамісіяй аб тэхдапамозе. А ўжо напрыканцы 2022 года абвастрэнне сітуацыі закранула і беларускіх студэнтаў у Польшчы.
25 кастрычніка 2022 года ўрад Беларусі скасаваў пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі з Польшчай. Адпаведную пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
,,«Спыніць пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Польшча аб прызнанні эквівалентнасці ў вышэйшай адукацыі, раўназначнасці вучоных ступеняў і ступеняў у сферы мастацтва, падпісанае ў Варшаве 28 красавіка 2005 года», - сказана ў гэтым дакуменце.
Выкручваліся, як маглі
З тых часоў беларускія студэнты былі вымушаныя ўсімі праўдамі і няпраўдамі даказваць польскім ВНУ той факт, што яны сапраўды атрымалі сярэднюю адукацыю ў Беларусі – рабілі апастылі, пераклады, спрабавалі атрымаць дублікаты дакументаў у беларускіх адукацыйных установах. Якія-ніякія варыянты легалізаваць свае дакументы і паступіць усё ж заставаліся. Але рэжым вырашыў «прыкрыць» і іх.
У траўні 2024 года Міністэрства адукацыі Беларусі перастала прымаць заявы на выдачу даведак, якія пацвярджаюць легальнасць атэстатаў. Такія даведкі запытвалі ў тым ліку польскія ВНУ пры прыёме беларускіх грамадзянаў на навучанне.
Пазней стала вядома, што Мінадукацыі Беларусі спыніла выдачу нават тых даведак, якія маглі б даказаць, што школа, якую абітурыент заканчвае, можа выдаваць дакументы дзяржўзору і мае акрэдытацыю. Такі дакумент таксама запытваецца польскімі ўстановамі вышэйшай адукацыі пры прыёме абітурыентаў.
Насустрач беларускім абітурыентам пайшоў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. 7 чэрвеня 2024 году ён падпісаў папраўкі ў заканадаўчыя акты аб дапамозе грамадзянам Украіны, якія апроч іншага спрашчаюць прызнанне беларускіх дакументаў аб адукацыі.
У гэтым дакуменце сказана, што атэстат аб адукацыі, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала міжнароднае пагадненне аб узаемным прызнанні атэстатаў і іншых выдадзеных за мяжой дакументаў, можа быць пацверджаны ў Польшчы.
Яшчэ на стадыі прыняцця новага законапраекта Сеймам намесніца міністра адукацыі Польшчы Ёанна Муха адзначыла, што папраўка закране прыкладна 5 тыс. беларускіх грамадзян. І гэта дае ўяўленне аб прыблізнай колькасці абітурыентаў, якія цяпер могуць знаходзіцца ў складанай сітуацыі.
Па сутнасці, для беларускіх абітурыентаў папраўкі польскага заканадаўства павінны былі стаць выратавальнымі. І вось абітурыенты панеслі дакументы ў ВНУ, але іх усё роўна не прымаюць! Так, ад іх сапраўды не патрабуюць дакументы, якія наўмысна не выдаюць установы адукацыі Беларусі, але цяпер, каб пацвердзіць, што абітурыенты сапраўды скончылі школу ў Беларусі, патрабуюць вынікі ЦТ, не старэйшыя за два гады.
![Ілюстрацыйны здымак. Фота: unsplash.com](https://s4.tvp.pl/images2/d/5/7/uid_d57f2f66abb0474db07323e22b0103fa_width_1025_play_0_pos_0_gs_0_height_0.jpg)
«Амаль ніхто не можа сабраць поўны пакет дакументаў для паступлення»
Паводле закону Польшчы аб вышэйшай адукацыі і навуцы, «дыплом аб заканчэнні навучання за мяжой можа быць прызнаны эквівалентным адпаведнаму польскаму дыплому і прафесійнаму званню на падставе міжнароднай дамовы, якая вызначае эквівалентнасць, а пры адсутнасці такой дамовы (цяпер яна паміж нашымі краінамі адсутнічае – рэд.) – у парадку настрыфікацыі».
Настрыфікацыя – гэта дзяржаўнае прызнанне ў чужой краіне дыплому, вучонай ступені, звання, атрыманых у іншай краіне. Як мы высветлілі, у Польшчы настрыфікацыю дакументаў аб адукацыі робяць ва ўстанове, якая называецца Kuratora Oświaty.
,,«Калі раней для прызнання дакументаў было дастаткова атэстату, апастылю, пераводу дакументаў, то апошнім часам сталі патрабаваць яшчэ і нейкія даведкі з беларускіх школаў аб плане і праграме навучання. Але іх беларускія ўлады выдаваць наўмысна забаранілі, таму палякі вырашылі: «Добра, мы не будзем патрабаваць гэтыя даведкі, але тады прынясіце ЦТ не старэйшыя за два гады. Яны для сябе вырашылі, што ЦТ з'яўляецца доказам атрымання сярэдняй адукацыі ў Беларусі. І калі ім яго падаць – яны выдадуць дакументы аб настрыфікацыі, – распавядае Алена, якая, як і сотні іншых абітурыентаў, трапіла ў заканадаўчую пастку. – Праблема ў тым, што ў многіх ЦТ на руках папросту няма. Альбо ж ён старэйшы за два гады».
Праз палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі Алена з'ехала ў Варшаву ў 2022 годзе. Тады ж па праграме Каліноўскага дзяўчына паступіла ў адзін з кракаўскіх універсітэтаў. Ніякае ЦТ у яе тады не прасілі. Але сёлета дзяўчына вырашыла перапаступіць на другую спецыяльнасць у сваёй жа ВНУ. Яшчэ ў пачатку ліпеня ў яе прынялі ўсе дакументы, а нядаўна патэлефанавалі з дэканату, паведамілі, што ў яе няпоўны пакет дакументаў і папрасілі данесці ЦТ.
,,«Але даць ім гэты дакумент я не магу. ЦТ я здавала больш за два гады таму, адпаведна, ён ужо ня дзейнічае. Калі я сказала пра гэта ў дэканаце, мне прапанавалі паехаць у Беларусь і здаць там ЦТ. Гучыць як здзек. Па-першае, я уцякачка, і паехаць у Беларусь я проста не магу. Мяне там чакае не ЦТ, а турма. Па-другое, нават калі хтосьці наважыцца паехаць за дакументам, то атрымае ён яго дакладна не сёлета. Здаць бліжэйшае цэнтралізаванае тэсціраванне можна будзе толькі вясной 2025 году. Па-трэцяе, я паступіла ў гэтую ж Кракаўскую ВНУ летась, без ЦТ. У ліпені гэтага году я падала дакументы на другую спецыяльнасць у гэтай жа ВНУ, і іх таксама прынялі. Але цяпер, атрымліваецца, я не змагу прыступіць да навучання ў новым навучальным годзе, таму што данесці ЦТ проста не магу. Такая ж сітуацыя з іншымі абітурыентамі. Атрымліваецца, што амаль ніхто не можа сабраць поўны пакет дакументаў для паступлення».
«Пакуль усё выглядае так, што абітурыенты могуць застацца без месцаў у ВНУ»
Калі дзяўчына паспрабавала дэталёва растлумачыць усю сітуацыю ў ВНУ, ёй прапанавалі… звярнуцца з праблемай у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь. А калі тая абурылася і паспрабавала патлумачыць, чаму гэта немагчыма, ёй параілі звяртацца ў… недзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь.
«Нашыя дзеці апынуліся ў прававой пастцы. Ім нібыта хацелі дапамагчы, але атрымалася наадварот. Усё гэта пагаршае яшчэ і той факт, што ўступная кампанія ідзе наўпрост цяпер. І ў дзяцей ёсць літаральна пару тыдняў, каб вырашыць гэтую праблему. У адваротным выпадку дзеці застануцца боўтацца без адукацыі», – распавядае мама адной з абітурыентак Таццяна.
Колькі менавіта абітурыентаў у Польшчы трапілі ў гэтую пастку, дакладна невядома, але, мяркуючы па расказах беларусаў, якія актыўна абмяркоўваюць праблему ў закрытых чатах, такіх цяпер нават не дзясяткі, а сотні.
Бацькі абітурыентаў і самі абітурыенты ўжо звярнуліся ў офіс Святланы Ціханоўскай. Там пра праблему ведаюць, але прыняць рашэнне за польскі бок ніяк не могуць.
,,«Усё, што юрысты Офісу цяпер могуць рэальна для нас зрабіць – дапамагчы скласці калектыўны зварот у кампетэнтныя органы Польшчы. Але ўсе абітурыенты ў розных гарадах, не ведаю адзін аднаго... Хутка скааперавацца ў іх наўрадці атрымаецца. Больш за тое, максімальна падціскае час. Навучальны год у польскіх ВНУ стартуе ў кастрычніку. Атрымліваецца, што на развязанне і вырашэнне ўсёй гэтай праблемы засталося літаральна некалькі тыдняў», – распавядае яшчэ адна маці беларуса.
Зараз абітурыенты носяцца са сваімі дакументамі па розных установах і гарадах, спрабуючы атрымаць настрыфікацыю праўдамі і няпраўдамі.
«Дзе-нідзе засталіся шчыліны, – працягвае ўводзіць у сутнасць праблемы Алена. – Справа ў тым, што праз усю гэтую блытаніну нават чыноўнікі не разумеюць, якія дакументы запытваць у абітурыентаў. Ім кожныя некалькі тыдняў прыходзяць новыя ўказанні. Спачатку просяць браць у беларусаў адныя дакументы, потым іншыя...Здараецца так, што ў адным горадзе ва Kuratora Oświaty ЦТ патрабуюць, у іншым – не».
![Ілюстрацыйны здымак. Фота: Rafal Milach / Magnum Photos / Forum](https://s8.tvp.pl/images2/8/7/4/uid_87467db5bedd4245aac1862dc6c09a76_width_1025_play_0_pos_0_gs_0_height_0.jpg)
Ведаючы гэта, абітурыенты выкручваюцца, як могуць. Да прыкладу, знаходзяць лаяльную ўстанову Kuratora Oświaty у нейкім горадзе. Прыязджаюць да іх і кажуць, што хочуць паступіць у ВНУ ў гэтым горадзе. Напрыклад, у Катавіцэ. Там яму робяць настрыфікацыю, і далей абітурыент з гэтымі дакументамі едзе ў патрэбны ВНУ, у патрэбны яму горад і падаецца на паступленне.
Але, як аказалася, так могуць зрабіць далёка не ўсё. Тыя, хто афіцыйна з'яўляецца бежанцам і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы (а такіх абітурыентаў нямала – рэд.), зрабіць настрыфікацыю могуць толькі ў Варшаве. А там патрабуюць ЦТ.
«І гэта пры тым, што ўцекачы паводле законаў Польшчы афармляюцца па спрошчаных правілах. На адсутнасць нейкіх дакументаў там павінны заплюшчваць вочы. Вось толькі ў нашым выпадку гэта не працуе, – засмучаецца Алена. – Я ўжо думала ехаць, да прыкладу, у Нямеччыну, спрабаваць рабіць настрыфікацыю там, але гэта проста ідэя. Не ведаю нават, ці можа яна спрацаваць. Ды і каб праверыць гэтую гіпотэзу патрэбныя дадатковыя час і грошы, а іх няма амаль ні ў каго. На месцах у Польшчы я пакуль не чула, каб з боку ўладаў нешта рабілася для вырашэння гэтай праблемы. У дэканаце проста разводзяць рукамі».
Дададзім, што паводле інфармацыі «Белсату», універсітэт у Лодзі прыняў рашэнне прымаць студэнтаў з няпоўным пакетам дакументаў.
«Белсат» зрабіў афіцыйны запыт у Міністэрства адукацыі Польшчы і запытаўся, як і ў якія тэрміны можа быць вырашана праблема беларускіх абітурыентаў. Але пакуль адказу на яго няма. Як толькі мы яго атрымаем, адразу апублікуем. Пакуль што ўсё выглядае так, што многія беларускія абітурыенты сёлета могуць застацца без месцаў у польскіх ВНУ.
Надзея Вольная belsat.eu