На першым месцы па папулярнасці сярод кірункаў для адпачынку сёлета ў беларусаў чарнаморскія курорты Грузіі. За імі ідуць расейскія на тым жа Чорным моры. У Еўропу цяжка выбрацца праз візавыя складанасці, а ў больш далёкія і экзатычныя краіны – вельмі дорага. Паглядзелі, колькі каштуе марскі адпачынак летам 2024 года і пагутарылі з беларусамі, што вельмі хацелі на мора, пра тое, якія краіны яны абралі.
На першым месцы – Грузія
Пра тое, якія замежныя кірункі абіраюць беларусы для адпачынку, распавяла намесніца дырэктара па турыстычнай дзейнасці Нацыянальнага выставачнага цэнтру «Белэкспа» Алена Ліхімовіч. Паводле яе, на першае месца ў сёлетнім сезоне выйшла Грузія.
,,«Зусім бюджэтны, аўтобусны тур, будзе каштаваць ад 600 беларускіх рублёў на чалавека. Гэта з улікам адпачынку на моры. Праўда, 5 дзён у дарозе на аўтобусе. Адпачыць атрымаецца 6 – 7 дзён», – распавяла Ліхіміовіч.
З кірункаў, куды можна даляцець самалётам, беларусы таксама абіраюць Расею, Арабскія Эміраты, Турцыю, Егіпет.
«Радуе тое, што пачалі ўсё-такі больш лётаць і ў краіны СНД – Азербайджан, Узбекістан. Гэта тыя краіны, якія выходзяць у топ сярод краінаў СНД па наведванню нашымі грамадзянамі. Такія туры на аднаго чалавека будуць каштаваць ад 2,5 тысяч беларускіх рублёў з улікам авіяпералёту», – зазначыла прадстаўніца «Белэкспа».
Ліхімовіч таксама дадала, што для сям’і з трох чалавек адпачынак, незалежна ад месца, з добрым узроўнем сэрвісу на 10 дзён будзе каштаваць у раёне 10 тысяч беларускіх рублёў з улікам авіяпералёту.
«Магчымасць ідэальнага адпачынку»
Чаму найчасцей для адпачынку выбіраюць Грузію, растлумачыць лёгка. У гэтую краіну беларусам не патрэбная віза, сюды лётае «Белавія». Прычым ажно ў некалькі гарадоў – Тбілісі, Кутаісі і Батумі. Таксама ёсць магчымасць аўтобусных тураў. Яшчэ беларусаў прывабліваюць адносна нізкія кошты і тое, што ў Грузіі пераважна паўсюль разумеюць расейскую мову.
«Мы з сям’ёй ўжо трэці год запар ездзім у Грузію ўлетку. Самі, на машыне, з Беларусі праз Расею да Грузіі, – распавядае беларуска Таццяна. – Ранейшыя гады адпачывалі ў Батумі, сёлета спыніліся ў Кабулеці».
,,Нягледзячы на доўгую дарогу, Таццяна лічыць, што Грузія цяпер дае магчымасць ідэальнага адпачынку. Тут ёсць мора, горы, смачная ежа, цікавая культура. Цэны, хоць і падраслі апошнім часам, застаюцца прымальнымі.
«Мы – двое дарослых і трое дзяцей – у Кабулеці здымалі цэлы паверх гасцявога за 70 долараў у содні. За два тыдні выйшла 980 долараў. Уяўляеце! Менш за тысячу на жытло на два тыдні! Прычым, даволі добрай якасці і наўпрост каля мора», – захапляецца жанчына.
На ежу сям’я аддала прыкладна столькі ж, як і на жытло, бо часта давялося харчавацца ў кавярнях. Яшчэ былі выдаткі на бензін, бо хацелася аб’ехаць ваколіцы Кабулеці, завітаць у Батумі. Агулам за два тыдні адпачынку сышло 3000 долараў, кажа Таццяна.
«Магчыма, за гэтыя грошы можна было б і ў Турцыі адпачыць, але толькі 7 дзён. На даўжэйшы тэрмін з нашай вялікай сям’ёй выйшла б нашмат больш. Ну і неяк мы закахаліся ў Грузію, хоць, памятаю, калі ехалі першы раз, я не хацела, была супраць такой далёкай вандроўкі. Але амаль адразу прыйшла ў захапленне ад краіны. Цешыць, што тут так добра ставяцца да турыстаў, і амаль паўсюль разумеюць расейскую мову», – кажа жанчына.
Ехаць у Грузію аўтобусам небяспечна?
Алена таксама планавала ехаць сёлета ў Грузію, але аўтобусам. Калі не купляць тур, на аўтобусе можна даехаць з Гомля да Батумі за 100 долараў. Летась жанчына так ужо ездзіла ў адпачынак. Аднак сёлета пабаялася, бо маршрут аўтобуса праходзіць праз Расею і мясціны, дзе цяпер бываюць абстрэлы дронамі (Варонежская, Растоўская вобласці). Але адмаўляцца ад Грузіі беларуска не стала, толькі адпачынак атрымаўся значна даражэйшым – за квіткі «Белавіяй» у абодва канцы Алена аддала 600 долараў. У Батумі зняла кватэру за 40 долараў за содні, за два тыдні атрымалася 560 долараў. І яшчэ прыкладна столькі ж на ежу і забавы – агулам каля 1800 долараў.
,,«Атрымаўся цудоўны адпачынак! І налета сюды прылячу, бо тут ідэальнае спалучэнне цаны і якасці», – кажа беларуска.
Беларускія турфірмы цяпер прапаноўваюць шмат варыянтаў тураў у Грузію, як авія, так і аўтобусных. Аўтобусныя, натуральна, самыя танныя. Адзін з самых нізкіх коштаў, якія мы найшлі – 380 долараў за чалавека на 13 начэй (з іх 4 ночы – у дарозе) у верасні, кастрычніку і лістападзе. Тур экскурсійны, адпачынак на моры – у Кабулеці. Дадаткова трэба будзе заплаціць 250 рублёў, таксама за свой кошт – харчаванне, акрамя сняданкаў і экскурсіі па праграме.
Авіятуры ў Батумі ў жніўні на 10 дзён каштуюць ад 780 долараў на чалавека. За гэтыя грошы можна атрымаць пражыванне ў танных гатэлях ці апартаментах са сняданкам ці без. У пяцізоркавых гатэлях кошты на 7 – 10 дзён пачынаюцца ад тысячы долараў за чалавека.
«Што ж зробіш, калі з Беларусі больш нікуды так проста не выедзеш?»
Тыя, хто не даязджаюць да Грузіі, адпачываюць на расейскіх марскіх курортах. Здавалася б, папулярнасць гэтых кірункаў мусіць падаць праз перыядычныя прылёты беспілотнікаў, але не – беларусаў прывабліваюць нізкія кошты, адсутнасць неабходнасці рабіць візу і мора, якое ў прадстаўленні вялізнай колькасці беларусаў – абавязковы атрыбут адпачынку. Часам нават не асабліва важна якое, але мора.
Вольга (імя змененае з меркаванняў бяспекі) плануе ў жніўні ехаць з сям’ёй у адпачынак у Геленджык. Кажа, што ўжо некалькі гадоў не была на моры, марыць пра яго больш чым пра што ў жыцці. Думала пра розныя варыянты – і пра Балтыку, але спынілі цяжкасці з візамі, і пра Грузію, але самалётам дорага на ўсю сям’ю, а машынай – далёка ехаць і страшна праз горныя серпантыны. У выніку на сямейным савеце было вырашана ехаць у Геленджык. Беспілотнікаў Вольга не баіцца.
«Там жа рэдка ўсё гэта, і ніхто ж не пацярпеў. Ды і апошнім часам ціха. А на мора вельмі хочацца, асабліва дзяцей вывезці. Што ж зробіш, калі з Беларусі больш нікуды так проста не выедзеш? Тым больш, на Чорным моры ў Расеі даволі танна – напрыклад, арэнда жытла каля 150 – 200 беларускіх рублёў за ноч – мы яшчэ не браніравалі, але глядзелі, разлічваем на прыкладна такія кошты» – распавядае жанчына.
Сям’я разлічвае патраціць на адпачынак не больш за 2000 долараў.
Самыя танныя кірункі: Анапа, Абхазія, Крым
У турфірмаў хапае прапановаў адпачынку ў Геленджыку. Так, за 295 долараў з чалавека прапаноўваюць тур на 10 начэй у 2 і 3-мясцовых нумарах у гасцявым доме ў 5 хвілінах ад пляжу. Харчаванне не прадугледжваецца, але ў доме ёсць кухня. Выезд аўтобусам з Менску, Бабруйску, Гомля кожныя 5 дзён да сярэдзіны верасня. За 915 долараў можна адпачыць 7 начэй у 5-зоркавым гатэлі са сняданкамі. І гэта ці не самая дарагая прапанова ў беларускіх турфірмаў па Геленджыку.
Возяць беларускія турфірмы і ў Анапу. Там можна цэлых 14 начэй адпачываць за 360 рублёў – гэта цана за чалавека ў 2-зоркавым гатэлі. Дадаткова, аднак, давядзецца заплаціць курортны збор, турыстычную паслугу (100 беларускіх рублёў) і праезд аўтобусам па маршруце Менск – Анапа (135 долараў з чалавека, дзеці да 12 гадоў – 125 долараў). Туры, у якіх праезд уключаны ў цану, каштуюць ад 900 рублёў. Але там таксама дадаткова аплочваецца турыстычная паслуга ў памеры 100 – 125 рублёў.
З Менску ў гэтым сезоне ва ўсю ездзяць туры ў Абхазію. Мы знайшлі гарачы тур у Гагру на 10 начэй з выездам 3 жніўня за 1220 рублёў (+100 рублёў турыстычная паслуга). Праезд на аўтобусе з Менску, Бабруйску, Жлобіна, Гомля. Ёсць яшчэ таннейшыя туры за 876 рублёў на 10 дзён.
Знайшліся ў беларускіх турфірмаў і туры ў Крым з коштам ад 485 рублёў на чалавека за 10 начэй у Кактэбелі да 4504 рублёў за 7 начэй у 5-зоркавым гатэлі ў Ялце.
А што з адпачынкам у Еўропе?
Папулярная некалі ў беларусаў Турцыя цяпер стала даволі дарагой – кошты на 7 начэй на чалавека ў 3-зоркавым гатэлі пачынаюцца ад 820 еўраў. З вылетам з Масквы ёсць за 500 еўраў.
,,З еўрапейскіх краінаў у беларусаў папулярнымі сталі Албанія і Чарнагорыя, у якія не патрэбныя візы.
Большасць прапановаў аднак, з вылетам з Вільні ці Варшавы, куды візы патрэбныя. Кошты на авіятуры складаюць прыкладна 600 – 700 долараў за 8 начэй на чалавека. Ёсць і з вылетам з Масквы і з перасадкай у Стамбуле, але яны значна даражэйшыя – ад 1000 еўраў. Зрэшты, калі да туру з Вільні ці Варшавы дадаць выдаткі на візу, магчыма, атрымаецца і танней як раз праз Маскву ці Стамбул.
Прыкладна такая ж сітуацыя з Чарнагорыяй – з вылетам з Вільні ці Варшавы кошты 600 – 700 долараў на чалавека на 7 – 8 начэй. Але трэба заплаціць за візу. З вылетам з Менску праз Стамбул тур на 7 начэй на чалавека ў жніўні абыдзецца 1199 еўраў (4102 рублі). Пражыванне ў 3-зоркавым гатэлі на курорце Ігало.
Бязвізавых для беларусаў краінаў, куды можна паехаць у адпачынак хапае – В’етнам, ААЭ, Мальдзівы, Шры-Ланка і т.п. Аднак кошт тураў туды з вылетам з Менску часам дасягае некалькі сярэдніх заробкаў (які, як вядома, таксама атрымліваюць далёка не ўсе беларусы).
Самыя танныя туры ў гэтыя краіны на чалавека на 7 начэй пачынаюцца ад 2800 – 3000 еўраў.
Беларусы будуць адпачываць у Зімбабвэ?
Імаверна, беларусы неўзабаве змогуць адпачываць у Зімбабвэ. Актывізацыя супрацы ў турыстычнай сферы абмяркоўвалася падчас нядаўняга візіту ў гэтую краіну дэлегацыі Беларускага саюзу жанчын.
«У нас зачыненыя нейкія дзверы для адпачынку (праз санкцыйныя абмежаванні), але адчыняюцца зусім новыя, не менш цікавыя», – сказала першая намесніца старшыні Менскага гарвыканкаму Надзея Лазарэвіч.
Пад «не менш цікавымі» кірункамі яна мела на ўвазе Зімбабвэ, якую назвала «краінай кантрастаў, дзе ёсць добрыя магчымасці для адпачынку».
«У нас было крыху часу паглядзець бяспеку, ці можна адпраўляць на адпачынак нашых людзей, ці трэба гэта рабіць. Паверце, гэта добрая, бяспечная краіна, дзе людзі адкрытыя для камунікацыі, выконваюцца ўсе нормы. <…> будзем адпрацоўваць з іх турыстычнымі кампаніямі, каб нашыя жыхары маглі адпачыць у тым ліку на іншым кантыненце», – зазначыла Лазарэвіч.
Ганна Ганчар «Белсат»