Абнаўленне пастановы Савету міністраў няшмат мяняе ў справе праезду навучэнцаў у грамадскім транспарце, але правіць пару словаў, якія маглі прыводзіць да канфліктаў кантралёраў і кандуктараў са школьнікамі.
Пастанова Савету міністраў, апублікаваная 29 жніўня, мяняе ранейшую пастанову таго ж Саўміну «Аб некаторых пытаннях праезду навучэнцаў».
У ранейшай версіі пастановы гаварылася, што школьнікі маюць права на бясплатны праезд ад месца жыхарства (або месца знаходжання) да месца вучобы і назад. Цяпер жа гаворыцца, што навучэнцы маюць права на бясплатны праезд «у населеных пунктах месца жыхарства (або месца знаходжання) і месца навучання». То бок, не толькі між школай і домам.
Права на бясплатны праезд, як і раней, даюць ад 1 верасня да 30 чэрвеня. Як і раней, трэба паказваць доказы гэтага права, але цяпер акрамя даведкі з месца навучання можна паказваць таксама картку вучня ці білет вучня.
Як і раней, права на бясплатны праезд даюць у рэгулярным аўтамабільным транспарце агульнага карыстання, гарадскім электрычным транспарце і на метро. Абласным і раённым саветам дэпутатаў раяць прымаць дадатковыя захады ў падтрымцы вучняў пры праездзе чыгункай і прыгараднымі аўтобусамі – але тут ужо толькі да месца жыхарства і дамоў.
Алесь Наваборскі belsat.eu