На амаль 24,5 тысячы дзяцей беларусаў у Польшчы плацяць штомесячную безумоўную дапамогу ў памеры 800 злотых.
На колькасць атрымальнікаў выплатаў праграмы «Rodzina 800+» звярнуў увагу «Цэнтр беларускай салідарнасці».
Паводле звестак польскага «Zakladu Ubezpieczen Spolecznych», у першай палове 2024 года выплаты «800+» атрымлівалі ў Польшчы на 370 тысяч дзяцей замежных грамадзянаў. Найбольш сярод атрымальнікаў грамадзянаў Украіны, а грамадзяне Беларусі на другім месцы.
У першым паўгоддзі 2024 года «800+» атрымлівалі на 24 458 дзяцей з Беларусі. Годам раней – 18 989. Агулам беларусаў у Польшчы на пачатак 2024 года было не менш як 310 тысяч чалавек.
«800+» – штомесячныя выплаты па 800 злотых на любое дзіця ўзростам да 18 гадоў незалежна ад даходаў сям’і. На момант публікацыі 800 злотых – каля 662 беларускіх рублёў паводле курсу Нацбанку, каля 207,5 долара або каля 186,3 еўра. Да 2024 года выплата складала 500 злотых, а праграма звалася «500+».
Каб атрымліваць гэтыя выплаты, трэба толькі падаць электронную заяву праз сайт ZUS або мабільную праграму «mZUS», партал Міністэрства сям’і і працы або банкаўскія праграмы. Атрымліваць грошы можа маці, бацька ці законны апякун. Ёсць і іншыя выплаты і льготы, у тым ліку асобныя ад «800+» рэгулярныя выплаты за другое дзіця (або наступных).
Выплаты «800+», паводле задумы, мелі падвысіць нараджальнасць, але тая ў Польшчы працягнула зніжацца. Што праўда, невядома, якімі тэмпамі яна зніжалася б без праграмы «800+».
Алесь Наваборскі belsat.eu