Ананімны Telegram-канал, звязаны з беларускімі сілавікамі, паведаміў пра вынікі суду над былым дырэктарам салігорскага футбольнага клубу «Шахцёр» Аляксандрам Марчанкам: яму прысудзілі 6 гадоў пазбаўлення волі за «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».
Аб затрыманні Аляксандра Марчанкі стала вядома 31 студзеня 2023 года. За дзевяць дзён да Марчанкі быў затрыманы спартовы дырэктар клубу Уладзімір Нідэргаўс.
У дзень затрымання Марчанкі Следчы камітэт паведаміў, што падазрае клуб у дамоўным матчы ў мінулым сезоне, калі «Шахцёр» перамог у Чэмпіянаце Беларусі. «Шахцёр« быў пазбаўлены тытулу, таксама пазбавілі срэбнага медалю клуб «Энергетык-БДУ», а ў клубу «Белшына» знялі балы ў сезонах 2023 і 2024 гадоў. Тры дзясяткі чалавек атрымалі розныя штрафы і дыскваліфікацыі – сумарна штрафаў набралі на 322,6 тысячы долараў.
Ды цяперашні прысуд, імаверна, звязаны з іншым эпізодам: з Марчанкі ў 2023 годзе знялі абвінавачванні ў дамоўных матчах, Нідэргаўсу прысудзілі штраф у 185 тысяч рублёў. Пасля гэтага Марчанка застаўся на волі, але быў адхілены ад футболу на чатыры гады.
У чэрвені 2024 года следчыя паведамлялі, што адносна Марчанкі выявілі махлярскую схему. Паводле следчых, абвінавачаныя – дырэктар «Шахцёра» і ягоны неназваны 32-гадовы замежнік – былі адказныя за фіктыўныя дамовы з недакладнымі звесткамі пра паслугі агентаў пры трансферы гульцоў з еўрапейскіх клубаў, праз якія аднаму з абвінавачаных было пералічана звыш 200 тысяч беларускіх рублёў. Паводле звестак «Трыбуны», тым замежнікам быў намеснік дырэктара па маркетынгу і відэаблогер Яўген Култаеў-малодшы, які быў затрыманы разам з Марчанкам, але застаўся ў няволі. Ён сын футбольнага агента Яўгена Култаева-старэйшага, які цяпер знаходзіцца ў Латвіі.
Култаева-малодшага, паводле ананімнага каналу сілавікоў, асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі паводле таго ж артыкулу, што і Марчанку: за «Крадзеж шляхам злоўжывання службовых паўнамоцтваў». Сілавікі сцвярджаюць, што Култаеў-старэйшы цяпер у вышуку за тое, што праз ягоную дзейнасць «Шахцёр» застаўся ў даўгах.
Аб’яднанне еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA) праз пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасць у траўні 2024 года наклала на «Шахцёр» штраф у 1,01 млн еўра і адхіліла ад матчаў пад эгідай асацыяцыі аж да сезону 2026/27 уключна.
Алесь Наваборскі belsat.eu