навіны

«Экстрэмісцкіх» матэрыялаў будзе менш, а фармаванняў – больш. Як змяняюцца рэпрэсіі ў Беларусі?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белсат
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Рэпрэсіі ў Беларусі толькі ўзмацняюцца і пакуль няма перадумоваў, каб іх інтэнсіўнасць змяншалася. Да такой высновы прыйшоў сацыёлаг, старэйшы даследчык Цэнтру новых ідэяў, аўтар даследавання «Барометр рэпрэсіяў у Беларусі» Генадзь Коршунаў.

НДА: можна чакаць новую хвалю масавай ліквідацыі


У даследаванні «Барометр рэпрэсіяў у Беларусі» яго аўтар – сацыёлаг Генадзь Коршунаў, адсочвае дынаміку ціску на беларускае грамадства з боку рэжыму з 2020 года. Даследчык паказвае, як змянялася інтэнсіўнасць рэпрэсіяў на некалькіх крытэрах: закрыццё НДА, «экстрэмісцкія» і «тэрарыстычныя» спісы, затрыманні, адміністратыўныя і крымінальныя пакаранні, колькасць палітвязняў.


Па выніках вывучэння працэсу знішчэння структураў грамадзянскай супольнасці (НДА) у Беларусі, атрымалася вылучыць два пікі: трэці квартал 2021 года, калі былі знішчаныя як мінімум 283 арганізацыі, і трэці квартал 2022-га. Сёлета ў другім квартале года былі зліквідаваныя на 5% больш арганізацыяў, чым цягам усяго папярэдняга перыяду, а агулам ад пачатку 2021 да чэрвеня 2024 года ў Беларусі былі зліквідаваныя больш за 1700 арганізацыяў трэцяга сектару.

,,

«Мы бачым, што гадавыя пікі выпадаюць на трэці квартал, што дае нам нагоду прагназаваць, што ў бягучым годзе, калі гэты трэнд захаваецца, мы таксама атрымаем пікавыя адзнакі ў трэцім квартале. І пакуль што ўсё кажа пра тое, што гэты прагноз спраўдзіцца», – зазначае Генадзь Коршунаў.


«Экстрэмісцкія» матэрыялы: мы на піку, якога не было ў гісторыі


Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў пачалі складаць у Беларусі з 2008 года, але на працягу доўгага часу дзейнасць у гэтым кірунку была даволі спакойнай і спарадычнай, зазначае аўтар даследавання.

,,

«У 2014 годзе пасля падзеяў ва Украіне быў выбух уключэнняў у спіс – актыўнасць павялічылася ў 10 разоў, але гэта непараўнальна з тым, што адбываецца цяпер», – кажа Генадзь Коршунаў.


Працэс прызнання «экстрэмісцкімі» матэрыяламі і фармаваннямі, а таксама ўнясенне беларусаў у спіс «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» напоўніцу развярнуўся напрыканцы 2021 года – пачатку 2022-га. Цягам 2022 года было зніжэнне, а ў 2023 годзе зноў ішоў рост прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі».


«Цяпер мы на піку, якога не было раней у гісторыі. Праходзіць у 2 разы больш судовых паседжанняў па прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі, чым раней. Сёлета ў другім квартале з’явілася на 25% больш «экстрэмісцкіх фармаванняў», чым у папярэднім перыядзе», – распавядае аўтар «Барометру рэпрэсіяў».


На канец чэрвеня 2024 года ў спісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў каля 4500 пазіцыяў. Некаторыя па некалькі разоў уносяцца рознымі судамі, зазначае спадар Коршунаў. Калі раней суды сотнямі дадавалі рэсурсы, то цяпер усё больш паседжанняў, на якіх усяго 1 – 2 пазіцыі ўносяцца.


«Магчыма, таму, што пэўны запас таго, што яны маглі ўнесці ў спіс, сканчаецца, а планы трэба выконваць. Таму цяпер экстрэмісцкімі прызнаюць забаўляльныя, пазнавальныя рэсурсы, персанальныя старонкі. Выпадковых пазіцыяў у спісе з цягам часу ўсё болей, – мяркуе сацыёлаг. – Калі казаць пра прагноз, то колькасць пазіцыяў можа зніжацца з цягам часу проста праз тое, што ўжо няма чаго ўносіць. Колькасць судоў можа пратрымацца на высокім узроўні, бо будуць уносіць не дзясяткамі, а па адзінцы, а колькасць пазіцыяў, хутчэй за ўсё, будзе зніжацца».


Больш за 1000 «тэрарыстаў»


«Экстрэмісцкія фармаванні» з’явіліся ў Беларусі ў 2021 годзе – тады ў апошні квартал статус атрымалі 26 арганізацыяў. У 2022 – першай палове 2023 года ў спіс уносілі 14 – 15 арганізацыяў.


«Сёлета здарыўся выбух. За бягучы квартал мы маем максімум – 30 арганізацыяў, прызнаных «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Гэта, верагодна, звязана з выбарамі ў Каардынацыйную раду. Калі казаць пра перспектывы, то калі з «экстрэмісцкімі» матэрыяламі можна чакаць іх зніжэння, то перадумовы для росту колькасці «экстрэмісцкіх» фармаванняў захоўваюцца», – кажа спадар Коршунаў.


Пік унясення беларусаў у «спіс экстрэмістаў» назіраўся ў апошнім квартале 2022 года, калі былі дададзеныя больш за 1500 чалавек.


,,

«Цяпер інтэнсіўнасць крыху знізілася. Але ў бягучым квартале мы бачым, што колькасць вырасла амаль у 2 разы адносна папярэдняга. Гэта таксама, хутчэй за ўсё, звязана з выбарамі ў КР. З цягам часу можа быць зніжэнне, але наўрад ці яно будзе істотным, пакуль будзе ісці выбарчая кампанія 2025 года», – кажа сацыёлаг.


«Тэрарыстычны» спіс на канец чэрвеня налічваў больш за 1000 чалавек, з якіх амаль 450 – грамадзяне Беларусі.


Адміністратыўны пераслед: за 4 гады затрымалі 50 тысяч чалавек


Палітычна матываваныя затрыманні таксама ідуць хвалямі, як паказала даследаванне. Максімум быў на працягу трэцяга кварталу 2020 года – больш за 20 тысяч чалавек.


,,

«У першым квартале 2021 года быў усплёск – затрыманыя як мінімум 2500 чалавек. Далей ішло зніжэнне. У першым квартале 2022 года чарговы ўсплёск, што было звязана з пратэстамі супраць пачатку вайны ва Украіне, потым зноў зніжэнне. У першым квартале 2023 года – усплёск у сувязі з падрывам самалёту ў Мачулішчах. Пазней зноў амаль двухразовае падзенне. У першым квартале 2024 года зноў усплёск», – распавядае даследчык.


З другога кварталу 2024 года назіраецца невялікі спад затрыманняў. На 15% знізілася колькасць адміністратыўных пакаранняў. У той жа час гадавая сярэднеквартальная дынаміка паказвае, што адміністратыўны пераслед апанентаў рэжыму пасля 2021 года дэманструе ўстойлівую тэндэнцыю росту.


Агулам з пачатку электаральнай кампаніі 2020 года былі затрыманыя каля 50 тысяч чалавек, а хутчэй за ўсё, значна больш, мяркуе спадар Генадзь.


З дынамікай затрыманняў амаль супадае дынаміка адміністратыўных судоў, але з папраўкай на долю крымінальнага пераследу, зазначае даследчык.


«У гэтым красавіку зафіксаваны адзін з месячных максімумаў па колькасці адміністратыўнага пераследу – больш за 530 кейсаў. У лютым было амаль 550 – гэта максімум за ўсе часы назірання. Цяпер мы бачым уздым рэпрэсіўнага ціску. Гэта не параўнаць з 2020 годам, але за наступныя гады адміністратыўны пераслед вышэйшы за сярэдні ўзровень 4 гадоў», – распавядае Генадзь Коршунаў.


Крымінальны пераслед: «абсалютны максімум за 4 гады»


Колькасць крымінальных прысудаў апанентам рэжыму мела першы пік у другой палове 2021 года, другі – у сярэдзіне 2023-га. Цяпер, паводле сацыёлага, мы, верагодна, знаходзімся на трэцім піку, які пачаўся з першага квартала 2024 года і цяпер выйшаў на ўзровень больш за 450 крымінальных справаў за квартал.


,,

«Гэта абсалютны максімум за апошнія 4 гады», – кажа Генадзь Коршунаў. Сапраўдныя лічбы крымінальнага пераследу могуць, аднак, быць на 20% вышэйшымі, таму што ёсць закрытыя справы, і не пра ўсе з іх вядома, зазначае сацыёлаг.


Пік прызнання асуджаных палітычнымі зняволенымі ў Беларусі выпадае на канец 2021 года, калі ў месяц такімі прызнаваліся больш за 100 чалавек. У наступныя гады інтэнсіўнасць прызнання палітвязнямі была ніжэйшай, аднак сёлета ў другім квартале колькасць «новых» палітвязняў перавысіла аналагічны паказнік мінулага кварталу на 80% – палітвязнямі былі прызнаныя 178 чалавек.


Агулам з 2020 года праваабаронцы прызналі палітвязнямі больш за 3300 чалавек – з іх амаль 600 – жанчыны.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10