У мяне адняло мову ад прыгажосці гэтай сукенкі – на прэм’еры фільма “Усё скончыцца на нас” у Лондане убор выканальніцы галоўнай ролі Блэйк Лайвлі быў у прамым і пераносным сэнсе бліскучым, з перспектывай стаць культавым. Піяр-кампанія стужкі пра ўладальніцу кветкавай крамы Лілі Блум уся ў гламуры, кветках, глянцы, галоўная акторка нават прасоўвае з фільмам сваю лінію касметыкі для валасоў. І ўсё гэта нагрувашчванне знарок, прынамсі так выглядае, затушоўвае сапраўды істотнае – тэму хатняга гвалту над жанчынай, на якой пабудаваны фільм.
Карціна “Усё скончыцца на нас” Джасціна Балдоні – ён жа і выканальнік галоўнай ролі – ужо некалькі дзён паказваецца ў менскіх прыватных кінатэтрах. Яе можна паглядзець у Варшаве ды ў Вільні. Гаворка не пра шараговую малазаўважную драму, а аднаго з лідараў кінапракату – ён зняты паводле аднайменнага кніжнага хіта аўтаркі Колін Гувер і толькі за першы ўікэнд сабраў больш за 100 мільёнаў долараў.
Фільм апярэдзіў баявік “Дэдпул і Расамаха”, што на той момант ішоў у кінатэатрах трэці тыдзень і дзе галоўную ролю выконвае муж Лайвлі Раян Рэйнальдс. Гэтую двойку ў медыя параўналі з так званым “барбігаймерам”, калі “Барбі” Грэты Гэрвіг і “Опэнгаймер” Крыстафера Нолана вярнулі гледачоў на “жывыя” кінасеансы. Блэйк Лайвлі нават намагалася справакаваць флэшмоб, падобны да таго, што захапіў сацсеткі ў час пракату “Барбі”, – яна заклікала гледачоў надзяваць у кінатэатр квяцістае адзенне, хіба памятаючы масавы трэнд на ружовыя строі ў гонар “Барбі” на фотаздымкаў у інстаграме і ў ціктоках.
У фільма “Усё скончыцца на нас” сапраўды магутная, дарагая, але і расчаравальная піяр-кампанія. Гэта цэлая серыя запамінальных строяў для прэс-тура, адно за адным інтэрв’ю СМІ, суправаджальны мерч, а па сутнасці дым вакол адной з найсур’ёзнейшых праблем у грамадстве. Да кветак і “жаночых” прадуктаў тут бы вельмі пасаваў фокус на тэму хатняга гвалту, якая ў фільме дзіўным чынам не тое каб не агучваецца ўвогуле, а неяк так маскіруецца, затушоўваецца, зацяняецца.
Неадпаведнасць фільма ягонаму прасоўванню найперш заўважылі гледачы на Захадзе, маўляў, пытанне выбару жанчыны, якая становіцца ахвярай гвалту, уздымае адзін толькі Джасцін Балдоні, але не Блэйк Лайвлі, не Колін Гувер, не тыя і не сія. Балдоні нават не з’яўляецца разам з рэштай каманды на фотасэтах ды ў інтэрв’ю.
Мне, як чалавеку, які не чытаў раман, заняло часу зразумець, пра што ўвогуле гаворка ў намёках, у завуаляваных фармулёўках, якія я бачыла ў анонсах. Быццам пра гвалт, але наўпрост пра гэта не кажацца. Можна было б падумаць, што ствараюць інтрыгу, бо асабіста на мяне недагаворванне сапраўды мела эфект каменьчыка ў бацінку – раздражняльнага дробнага эўфемізма, які трэба агучыць канкрэтнымі словамі. Але раман Колін Гувер мае армію прыхільнікаў і намагацца захаваць у таямніцы сюжэт бессэнсоўна, да таго ж недагаворкі ў прасоўванні фільма перад прэм’ерай працягнуліся адпаведнай піяр-кампаніяй пасля.
І каменьчык па-ранейшаму перашкаджае мне ў бацінку, бо я дагэтуль не пачула канкрэтнага прагаворвання галоўнай тэмы фільма, прызнання яе, акцэнтавання на ёй з боку галоўных жаночых фігур, а пераважна яны карціну і прадстаўляюць публічна. І гэта неяк здзіўляе, абяззбройвае і злуе. Калі арыентавацца на піяр стужкі, вы, спадарства, ідзяце ў кінатэатр на часамі “fun and funny” рамантычную драму з селебрыці ў галоўных ролях, з выключнымі касцюмамі і клёвым, стылёвым антуражам. Але прыходзіце на гісторыю з хатнім гвалтам, у тым ліку – зараз будзе спойлер – фізічным і сэксуальным гвалтам, то-бок гвалт тут не элемент аднаго мімалётнага эпізода, гэта тут галоўны матыў.
Чаму праблема гвалту не гучыць першай у кожным з інтэрв’ю, а замест гэтага мы слухаем пра цудоўныя касцюмы? Магу меркаваць, што сфакусавацца на гэтым значыла б згубіць флёр галівудскай драмы і адной нагой ступіць у шэраг сацыяльных праектаў, што сёння належыць нішы фестывальнага кіно, пераважна не вельмі прыбытковага.
А якім магутным інструментам пашырэння дыскусіі пра хатні гвалт гэтая піяр-кампанія магла б быць! Пры разумным балансе ў яе ўмясціліся б і незабыўныя сукенкі, і выразная, прагавораная тэма гвалту. Для мяне метад прасоўвання фільма “Гэта скончыцца на нас” дэманструе жаданне адсунуцца ад тленнага свету з ягонымі праблемамі і застацца ва ўзвышаным свеце галівудскага глянца, то-бок адсунуцца ад рэальных людзей, рэальных гледачоў, сярод якіх працэнт жанчын, якія сутыкаліся з такой праблемай, будзе ўсё яшчэ недазвольна высокім. Для піяр-кампаніі гвалт у фільме – элемент драматургіі, і толькі, дапаможнік у стварэнні “fun and funny” драмы. І я не “купляю” гэтае крывадушша, бо жыву не ў аблоках, а ў рэальным свеце, і пасля 2020 года не ўмею гэта ігнараваць.
Вядома, стужка застанецца пракатным хітом лета, у рэшце рэшт рэжысёр, здаецца, акурат не адмаўляе яе галоўную вартасць. Але яна падкрэслівае свядомую дыстанцыю краіны мрояў, якой ёсць Галівуд, ад рэальнага парадку дня, што, як на мяне, можна лічыць правалам піяр-кампаніі і правалам фільма.
Ірэна Кацяловіч belsat.eu