навіны

Продажы новых легкавых і лёгкіх камерцыйных машын у ліпені былі рэкорднымі за тры гады

аўтамабіль
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com
podpis źródła zdjęcia

У ліпені ў Беларусі было прададзена 4 763 новых легкавых і лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў. Гэта рэкорд за апошнія тры гады і ў 2,5 разы больш, чым у ліпені 2023 года. Пра гэта паведамляе аўтамабільная асацыяцыя «БАА».

У цэлым беларусы сталі больш актыўна купляць аўтамабілі не толькі ў ліпені. Продажы за 7 месяцаў 2024 года амаль дасягнулі лічбаў за ўвесь 2023 год. Тады было прададзена 21 761 легкавых аўтамабіляў і 3 647 лёгкіх камерцыйных.


«У апошнія месяцы пачалі дзейнічаць строгія абмежаванні на ўвоз аўтамабіляў у Беларусь з аб'ёмам рухавіка больш за 1,5 літраў, гібрыдаў і электрамабіляў. Гэтая забарона істотна ўскладніла імпарт транспартных сродкаў фізічнымі асобамі, уключаючы аўто з прабегам.


Разумеючы сітуацыю, якая склалася, афіцыйныя дылеры БАА імкнуцца насыціць рынак новымі даступнымі аўтамабілямі, што ўжо відаць па выніках продажаў апошняга месяца. Гэтая тэндэнцыя будзе ўзмацняцца і, пры ўмове захавання дзеючых у нашай краіне ўмоў для вытворчасці і імпарту, штомесячныя продажы новых аўтамабіляў у Беларусі могуць дасягнуць паказніка ў 9 000 адзінак», – распавёў дырэктар ТАА «Лозанж», намеснік старшыні праўлення БАА Андрэй Ткачоў.


Таксама ў 2024 годзе назіраецца амаль дзесяціразовы рост продажаў электрамабіляў. Усяго за сем месяцаў іх прададзена 1261.


«Акрамя з'яўлення новых мадэляў, істотным фактарам, які станоўча адбіваецца на продажах у дадзеным сегменце, з'яўляецца наяўнасць у прапановах афіцыйных дылераў мадэляў электрамабіляў з павялічаным запасам ходу. Менавіта гэтая акалічнасць дазваляе шматлікім аўтааматарам, якія сумняваюцца ў куплі "электрычкі", зрабіць першы крок і перасесці на свой новы электрамабіль, што станоўчым чынам адбіваецца на загрузцы інфраструктуры электразаправачных станцый, якая развіваецца ў Беларусі», – адзначае БАА.


Арсен Рудэнка belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10