навіны

Дзеянні для вызвалення Пачобута працягваюцца – кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут. Крыніца: spring96.org
podpis źródła zdjęcia

Падчас перамоваў па абмене зняволенымі згадваўся беларускі палітвязень Анджэй Пачобут, распавёў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Севера, перадае «TVP INFO». Ён таксама паведаміў, чаму пачобута не аказалася ў абменным спісе і ці разлічвае Польшча яго вызваліць.

«Маючы ў якасці саюзніка амерыканцаў, нам давялося ставіць умовы і рэагаваць на іх запыты. Наколькі мне вядома, падчас перамоваў ўсплывала імя Анджэя Пачобута. Ход перамоваў такога тыпу заўсёды сутыкаецца з рознымі цяжкасцямі, пра якія я не магу тут згадаць. З іншага боку, працягваецца праца па вызваленні Анджэя Пачобута», – адзначыў Яцэк Севера, расказваючы, чаму Пачобута не апынулася ў абмене.


Польшча перадала Расеі супрацоўніка ГРУ Паўла Рубцова. Еўрадэпутат ад PiS Марыюш Камінскі назваў такую пастанову польскага ўраду ганьбай.


«Я не бачу ў гэтым ніякай ганьбы для ўрада і адміністрацыі Рэспублікі. Ці можна было чакаць большага? Заўсёды можна. Гэта праца апазіцыі – чакаць большага ад урада. У гэтым няма нічога дзіўнага», – сказаў Севера.


Ён лічыць, што «выгады, якія Рэспубліка можа атрымаць ад абмену Рубцова, рэалізаванага ў такой форме, значна больш, чым ад таго, што Рубцоў будзе сядзець у зняволенні». Севера таксама згадаў, што па лініі спецслужбаў перамовы вяліся на працягу многіх месяцаў.


«Польшча неаднаразова выкарыстоўвала абмен гэтай валюты, у тым ліку для атрымання інфармацыі аб шпіёнскіх сетках, якія да гэтага часу прыводзілі да забойстваў, падпалаў або дыверсій на тэрыторыі Рэспублікі», – адзначыў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы.


Абмен зняволенымі паміж Расеяй і заходнімі краінамі адбыўся 1 жніўня ў Анкары. Беларусь была ўцягнутая ў гэты працэс праз нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, якога ў Беларусі прысудзілі да пажыццёвага зняволення, але ў выніку вярнулі дадому ў рамках абмену.


Арсен Рудэнка belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10