1 жніўня адбыўся першы з трох канцэртаў Тэйлар Сўіфт у Варшаве. Нарабіў шуму ён задоўга да гэтага: арэнда кватэраў да шоу ўзляцела да нябёсаў яшчэ за тры месяцы да канцэрту, а самыя адданыя «swifties» займалі месца ля ўваходу на Нацыянальны стадыён напярэдадні ўначы. Фанаты «Metallica» і Бэёнсэ нервова кураць убаку, а «Белсат» (не без здзіўлення) назірае за тым, што адбываецца ў дні «варшаўскай сўіфтаманіі».
Зорка прыляцела ў аэрапорт імя Шапэна прыватным самалётам 31 ліпеня і адразу скіравалася ў гатэль, абышоўшы рэпарцёраў бокам – пад прыкрыццём ахоўнікаў з парасонамі.

Нумар у гатэлі Тэйлар Сўіфт выбрала не самы дарагі, але самы бяспечны – двухузроўневы прэзідэнцкі люкс у «Marriott» з асобным ліфтам. Кошт – 25 тысячаў злотых (каля 6,3 тысячы долараў) за ноч. У нумары плошчаю 200 квадратных метраў на 40-м і 41-м паверхах хмарачосу змясціліся 2 спальні і 2 ванныя пакоі, кухня, гасцёўня, працоўная зона і піяніна.


Каля 19:00 у чацвер у чарзе стаялі ўжо каля 150 асобаў, сярод іх было шмат амерыканцаў, якія адмыслова прыехалі на канцэрт, бо ў іх у краіне квіткі раскупілі за лічаныя гадзіны. Да таго ж, улічваючы кошты на квіткі, у Польшчы нават з пералётам і жытлом канцэрт мог абысціся танней, чымся на радзіме.


Канцэрт адзначыўся чарговым рэкордам: яшчэ ніводзін выканаўца не збіраў у Польшчы стадыён на 60 тысяч асобаў тры дні запар. Гэта самая вялікая канцэртавая пляцоўка ў краіне, якую ў народзе называюць «народнаю студняю» – праз вельмі дрэнную акустыку.

Якраз напярэдадні кіраўнік гукавой сістэмы «Metallica» (група дала 2 канцэрты ў Варшаве 5 і 7 ліпеня) Грэг Прайс сказаў «Meyer Sound Polska», што гэта «найгоршы стадыён, на якім калі-небудзь працаваў». У Сўіфт таксама не абышлося без праблемаў з гукам: парты для гітары і мікрафона былі размешчаныя заблізка ды выклікалі рэха, але яна хутка дала рады з праблемаю.

У астатнім усё было стандартна: кантры-зорка пад бурныя авацыі вымавіла колькі выразаў па-польску («Сześć» і «Warszawа, miło was poznać», «Kocham was») і спявала свае гіты больш за тры гадзіны, змяняючы гітары, дэкарацыі і бліскучыя ўборы.
У зале адбыліся некалькі паспяховых прапановаў рукі і сэрца ды іншых частак цела сваім каханым. Фанаты пайшлі дадому задаволеныя, а шмат хто з іх вернецца на канцэрты ў пятніцу і суботу, каб паслухаць тое, чаго не пачулі ўчора. Бо Тэйлар Сўіфт ніколі не паўтараецца
Тэса Анэйда belsat.eu