Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвясціў, што гатовы даць узнагароду да $ 2,5 млн за інфармацыю, якая вядзе да арышту і/або асуджэння грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Кадарыя, які знаходзіцца ў вышуку ў ЗША.
Сума прапануецца у рамках праграмы па барацьбе з транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю. У ЗША Кадарыя падазраюць у тым, што ён распрацоўваў шкоднаснае праграмнае забеспячэнне разам з буйной арганізацыяй.
«Кадарыя абвінавачваецца ў кіберзлачынствах, звязаных з меркаванай схемай перадачы набору эксплойтаў Angler (AEK), іншага шкоднаснага ПА і сродкаў анлайн-махлярства на камп’ютарах мільёнаў карыстальнікаў Інтэрнэту, якія нічога не падазравалі, з дапамогай анлайн-рэкламы – так званай "шкоднаснай рэкламы", – і іншымі спосабамі ў перыяд з кастрычніка 2013 па сакавік 2022 года», – піша прэс-служба Дзярждэпу.
14 чэрвеня 2023 года яму былі прад'яўленыя абвінавачванні «у змове з мэтай здзяйснення махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі, змове з мэтай здзяйснення камп'ютэрнага махлярства і двух выпадках істотнага махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі».
У сакавіку 2023 года быў экстрадаваны ў Беларусь з Кыргызстана на запыт беларускіх уладаў. Яшчэ ў 2008 годзе на яго была заведзеная крымінальная справа ў рамках артыкула «крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі».
«Жыхар Менску Уладзімір Кадарыя ў 2008 годзе рэалізаваў злачынную схему па крадзяжы грашовых сродкаў з рахункаў замежных грамадзян і юрыдычных асоб шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі. У ліку краін, з якіх менчуком былі выкрадзеныя грашовыя сродкі апынуліся ЗША, Польшча, Францыя, Вялікабрытанія», – распавёў у 2023 годзе Следчы камітэт Беларусі.
Кадарыя ў 2008 годзе змог уцячы ва Украіну. Ён быў арыштаваны ў Кыргызстане ў верасні 2022 года.
Арсен Рудэнка belsat.eu