навіны

Што варажбіты на Таро прадракаюць Беларусі, Лукашэнку і Пуціну ў 2024 годзе?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Фота: Ivy Ceballo / Zuma Press / Forum
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Ivy Ceballo / Zuma Press / Forum
podpis źródła zdjęcia

Чым больш скалынанняў і нявызначанасці перажывае краіна, тым вышэй попыт на рознага кшталту варажбітак і прадракальнікаў. Паводле запытаў Google, гэтая тэма сталася вельмі папулярнай у Беларусі ў канцы 2019 года – пачатку 2020-га. І далей цікавасць да таро-прагнозаў не спадае, выносячы «ў адну браму» ўсіх палітычных і эканамічных экспертаў.

«Белсат» паглядзеў, якія прагнозы для Беларусі на 2024 год на картах рабілі папулярныя блогеры. Коратка пра галоўныя вынікі: Лукашэнка будзе жыць, а вось Пуцін увогуле ўжо памёр.

Украінскі экстрасэнс і варажбітка Ганна Яфрэмава не ўпершыню варожыць на Беларусь. Не ўсе яе прагнозы спраўджваюцца, але колькасць падпісчыкаў толькі расце, зараз іх амаль паўмільёна. Прычым, 300 тысяч з іх прыйшлі на канал пасля таго, як у канцы 2019 года яна прадказала выбары ў Беларусі, якія выклічуць пратэсты. У 2020 годзе яна таксама казала, што «Расея павернецца так, як ніхто не чакае. Але гэта адбудзецца пазней, не ў 2021 годзе».

У лютым 2024 года яна зноў зрабіла прагноз для Беларусі. Брэндаваная варажбітка для пачатку спытала, ці будзе Беларусь удзельнічаць у вайне. Карты сказалі што не, наўпрост не будзе. Ускосна і пад маніпуляцыямі – так, але ніякага жадання прымаць у ёй актыўны ўдзел у Лукашэнкі няма, лічыць варажбітка.

«У цэлым, беларусы адчуваюць да Лукашэнкі асуджэнне і ганьбаванне. Людзі бачаць усе гэтыя дамоўленасці з ваюючай Расіяй, грошы і землі. Але яны не разумеюць, што рабіць. «Сыходзь!»... Такое адчуванне, што беларусы нават гатовыя яму заплаціць, каб ён «зваліў», – каментуе варажбітка карты «Вежа» і 8 Кубкаў, якія выпалі.

Але паводле прагнозу Яфрэмавай, са сваёй пасады Лукашэнка ў 2024 годзе не сыдзе. Абнадзеіць беларусаў больш асабліва і няма чым: хоць у цэлым у Беларусі будзе «бяспечна пражываць», але варта чакаць заняпад настрояў і магчымасцяў, эканамічны калапс. Сур'ёзных зменаў не прадбачыцца, усім кіраваць будзе знакамітая беларуская стабільнасць.

За варажбой Ганны Яфрэмавай сочыць амаль паўмільёна чалавек. Скрыншот з відэа: @annaefremova.official / youtube.com
За варажбой Ганны Яфрэмавай сочыць амаль паўмільёна чалавек. Скрыншот з відэа: @annaefremova.official / youtube.com

На канал «Гадание ТВ» падпісаныя 187 тысяч гледачоў. Там Наталля Барысенка з Адэсы робіць расклады, амаль усе з іх – палітычныя.

«Для Лукашэнкі сёлета ніякіх пераменаў няма дакладна. Я не бачу ніякага догляду, звяржэння і чагосьці іншага. Ён застаецца на «троне», а для Беларусі ўсё застаецца па-старому», – сказала яна, як адрэзала.

Дарэчы, яе прагноз на Пуціна атрымаецца куды больш нечаканым.

«Ого! Вось гэтага я ніяк не чакала. Гэта і палітычная, і фізічная смерць. У гэтым годзе сам Пуцін або яго праект павінен завяршыцца, бо гэта занадта далёка зайшло».


Пасля няўдалых фота Лукашэнкі з сустрэчы з Пуціным Наталля задалася пытаннем: можа ён так дрэнна выглядае, бо ўжо ўсё? Але надзеі аказаліся марнымі:

«Ён дакладна не памрэ, хаця часам яму вельмі дрэнна. У яго нейкая невылечная кармічная хвароба па родзе ідзе, але яе ўвесь час спрабуюць неяк нівеляваць. Так што ніякай смерці не будзе – яго падлечваюць, і ён далей сядзіць у кіраванні».

Наталля Барысенка з Адэсы робіць амаль адныя палітычныя расклады. Скрыншот з відэа: @GadanieTV / youtube.com
Наталля Барысенка з Адэсы робіць амаль адныя палітычныя расклады. Скрыншот з відэа: @GadanieTV / youtube.com

На канал Алены Бюн падпісаныя 186 тысяч асобаў. Мяркуючы з яе прадказанняў на гэты год, у Лукашэнкі ўжо падрыхтаванае месца жыхарства за мяжой, але ён яшчэ хоча «затрымацца ў сваім крэсле». А вось Пуцін ім незадаволены і хоча замяніць яго на кагосьці іншага. Хутчэй за ўсё, на «пракрамлёўскую жанчыну з ягонага [Лукашэнкі] атачэння». 

Але далей прагноз карт гучыць як «ці будзе жыць, ці памрэ».

«Які раз карты кажуць пра сыход Лукашэнкі ў іншы свет (абвяшчэння завяшчання), альбо, наколькі ён умее трымаць нос па ветры, ён здолее своечасова змыцца з Беларусі. У любым выпадку, зараз яму пагражае вялікая-вялікая небяспека: ягоны лёс ужо вырашаны, а ён харахорыцца».

Алёна Бюн. Скрыншот з відэа: @elenabyun / youtube.com
Алёна Бюн. Скрыншот з відэа: @elenabyun / youtube.com

На канале «Ваше Таро» Валянціна робіць гіпотэзу, што ў здароўе Лукашэнкі ўмешваюцца «штучным чынам». Магчыма, яго спрабуюць атруціць павольна дзеючым ядам.

«Катастрофа са здароўем у яго развівацца будзе вельмі хутка. Да выбараў у 2025 годзе ён дажыве, але са здароўем усё дрэнна будзе», – кажа таролаг. 

Але ў чым катастрофа пачуць не ўдалося – пасля лаянкі відэа абарвалася.

Зрэшты, вы наўрад ці нешта важнае прапусцілі. Напрыклад, на 2022 год для Беларусі Валянціна прадказвала такое – «усё супакоіцца, верагодныя дэмакратычныя выбары з перамогай жанчыны».

Для разнастайнасці мы паглядзелі і тара-прагнозы для Беларусі ад прадракальнікаў мужчын. Канал «Голос Арканов Таро» генеруе відэа ў неверагодных колькасцях, але моцна саступае паводле палярнасці ўсім папярэднім (толькі 6 тысяч падпісчыкаў). Неўзабаве становіцца зразумела чаму: прадракальнік з імем Аляксандр кажа настолькі эфемерныя фразы, што гэтыя відэа можна выкарыстоўваць у якасці нядрэннага снатворнага. 

Зрэшты, перамагчы дрымотнасць і знайсці там крыху канкрэтыкі нам усё ж удалося.

«Будзе адбывацца нейкая таемная, закулісная падрыхтоўка прававога поля, дае Аляксандр прагноз для краіны на жнівень 2024 года. – На жнівень для Беларусі выпадае карта «Пустэльнік» – гэта адзінота і ізаляцыя, санкцыі. Відаць, Лукашэнка будзе ў жніўні «нерукапажатным» – мала куды ездзіць і нешта рабіць».

Варажбіта таксама зацікавіла здароўе Лукашэнкі пасля нядаўняга візіту да Пуціна. Прыкінуўшы на калькулятары нешта, ён рэзюмаваў: усё не так дрэнна, як хацелася б.

«Мяркуючы па картах, базавая прычына гэтага – адсутнасць ментальнага здароўя, адсутнасць здаровай галавы. Нешта здарылася менавіта на псіхічным узроўні, не на фізічным. Фізічнае здароўе ў яго добрае: ён дастаткова актыўны і напорысты у фізічным плане».

На канале Аляксандра больш як 1,2 тысячы відэа. Скрыншот з відэа: @taro / youtube.com
На канале Аляксандра больш як 1,2 тысячы відэа. Скрыншот з відэа: @taro / youtube.com

Яшчэ адзін мужчына прадракальнік з Кіева – Рамір – куды больш папулярны, у яго 128 тысяч падпісчыкаў на YouTube. Ён таксама зрабіў расклад на нядаўнюю сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна.

«Нешта таемнае задумалі. Нешта яны рыхтуюць, збіраюцца здзяйсняць нейкае дзеянне», – каментуе Рамір.

Як і большасць іншых таролагаў, ён схіляецца да таго, што Пуцін памёр і замест яго справы вядзе двайнік. А ў Крамлі збіраюцца «нешта ў кагосьці адабраць, нанесці шкоду і пакуты, хочуць нейкай жорсткай помсты. І хутчэй за ўсё, Еўропе, не Украіне». Магчымыя правакацыі ці замах на кіраўніка іншай краіны ці высокапастаўленага чыноўніка. Толькі пры чым тут Лукашэнка?

«Яго жадаюць падставіць, зрабіць усё так, каб ён быў з імі ў адной лодцы. А Лукашэнка будзе гэтаму супраціўляцца, магчыма, нават паспрабуе перашкодзіць», – лічыць варажбіт.

На канале Раміра 128 тысяч падпішчыкаў і амаль тысяча відэа. Скрыншот з відэа: @ramirtaro / youtube.com
На канале Раміра 128 тысяч падпішчыкаў і амаль тысяча відэа. Скрыншот з відэа: @ramirtaro / youtube.com

Яшчэ больш папулярны канал расейскага блогера і «добрага габрэйскага хлопчыка» (так ён сябе называе) Anton S. Зрэшты, сам Антон не варожыць, а толькі дапамагае сваёй маці. 

У раскладзе год таму яго маці Анжаліка назвала Лукашэнку «дастаткова справядлівым чалавекам, які ідзе па вельмі цяжкай дарозе», а стасункі з Пуціным – «дыпламатычнымі» і «поўнымі гармоніі», дзе пануе мір і ўзаемаразуменне.

«Цяпер ён разумее ўсе тыя памылкі, якія здзейсніў. Гэты смутак яго гняце. Ён увесь час адзін, думае пра выбары і нікому не давярае. За паўгода да выбараў ён зробіць усё так, каб яго «абралі». І, канечне, выбары ён «выйграе».

Таксама паводле аўтараў варажбы, Лукашэнка больш за ўсё грызе адсутнасць пераемніка. Беларусы са сваім меркаваннем яго не хвалююць.

«У яго няма пераемніка, няма каму працягнуць ягоны шлях. Сына ён усюды цягае з сабой, але той яшчэ занадта малы. Хаця ў яго тры «блізкія» працоўныя чалавекі на працы і тры – у сям'і. Людзі ў Беларусі не згодныя з ім, але яго гэта не хвалюе. Да таго ж, на моцныя рэвалюцыі яны не здольныя, толькі на міжсабойчыкі».

Скрыншот з відэа: @AntonSuvorkinhttps / youtube.com
Скрыншот з відэа: @AntonSuvorkinhttps / youtube.com

Пасля выбараў 2025 года Беларусі прадраклі канчатковае ператварэнне ў паліцэйскую дзяржаву, дзе любое іншадумства будзе карацца.

Калі ж ён сыйдзе? Сямейны пасьянс падказаў толькі адзін магчымы варыянт: «Фізічная смерць. Прычым, даволі раптоўная, без дактароў».

«Будзе нейкая падрыхтоўка да ваенных дзеянняў»,
– апошняе, на чым сышліся ў меркаваннях сын з маці, пасля чаго сталі спрачацца аб трактоўцы карт.

Тэса Анэйда
belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10