Прапагандысцкія рэсурсы здзекліва пішуць, што беларусаў у выгнанні нібыта цікавіць толькі маёмасць, якая засталася на радзіме, пры гэтым самыя ўлады, як драпежнікі, шукаюць любую магчымасць, каб гэтую маёмасць прысабечыць або іншым спосабам нашкодзіць эмігрантам.
Надоечы дзяржаўнае выданне «Минск-Новости» апублікавала артыкул, які фактычна засцерагае ад куплі кватэры з зарэгістраванымі там асобамі. Агенцтва паведаміла пра выпадак, калі новы гаспадар нерухомасці падаў позву аб зняцці з рэгістрацыйнага ўліку былой уласніцы, але суд адмовіў. І гэта нягледзячы на тое, што жанчына, якая стала жыве за мяжою, не пярэчыла і позву прызнала.
«Узяўшы пад увагу, што адказчыца ў спрэчнай кватэры не пражывае, ключоў ад кватэры не мае, ейныя рэчы ў жылым памяшканні адсутнічаюць, яна добраахвотна пакінула жытло і цяпер доўгі час пражывае за межамі краіны, суд адмовіў у ейным высяленні», — піша дзяржаўная крыніца.
У менскай пракуратуры пры гэтым адзначылі, што былая ўласніца мае выпісацца самастойна.

Праўнікі сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі legalhub.help растлумачылі «Белсату», што проста так зняцца з рэгістрацыйнага ўліку нельга:
«Зняцце з рэгістрацыйнага ўліку ажыццяўляецца аўтаматычна пасля рэгістрацыі ў новым месцы жыхарства. Зняцце з рэгістрацыйнага ўліку без рэгістрацыі на новым адрасе магчымае ў выпадку смерці, спынення грамадзянства, афармлення выезду для сталага пражывання, а таксама ў судовым парадку».
Акурат такім судовым шляхам ішлі беларусы-эмігранты: яны прадавалі кватэры, дзе былі зарэгістраваныя, і потым даволі лёгка новыя ўласнікі выпісвалі колішніх. Падобна, цяпер гэтае вакенца паволі зачыняюць:
«Апошнім часам усё часцей з'яўляецца інфармацыя аб адмове ў высяленні ў такіх сітуацыях. Часта такія пастановы грунтуюцца на пэўных нюансах, што не раскрываюцца, напрыклад, незаканчэнне тэрміну права карыстання кватэрай былым уласнікам, падача позвы неналежным істцом, аднак маюцца таксама пастановы, што відавочна не адпавядаюць нормам Жыллёвага кодэксу і судовай практыцы».
У legalhub.help кажуць, што суды адмаўляюць касаваць рэгістрацыйны ўлік, бо, маўляў, былы ўласнік і без таго не жыве ў кватэры і агулам няма спрэчкі, таму што адказчык прызнае позву і можа добраахвотна зарэгістравацца ў іншым месцы пражывання:
«Аднак такое абгрунтаванне не адпавядае патрабаванням закону і існай судовай практыцы. З улікам гэтага, імаверна, суды першай інстанцыі дапускаюць памылкі, якія будуць выпраўленыя вышэйстаячым судом пры абскарджанні такой пастановы».
Калі ж так пойдзе і далей, то гэта стане новай рэпрэсіўнай практыкай:
,,«Мы станем сведкамі яшчэ адной рэпрэсіўнай практыкі, што закране правы не толькі тых, хто з'ехаў з палітычных прычынаў, але і ў чарговы раз пахісне сам інстытут прыватнай уласнасці для ўсяго грамадства».
І ўсё ж існуе адзін спосаб дыстанцыйна зняцца з уліку без прыезду ў Беларусь, акрамя суда. Праўда, гэты варыянт не пасуе палітычным уцекачам, бо патрабуе звароту ў амбасаду ці консульства. Там за 200 еўраў афармляюць «сталае пражыванне за межамі Беларусі». Стандартны пералік неабходных для гэтага дакументаў апублікаваны на сайце замежных установаў Беларусі.
Калі ўсё атрымаецца, то ў Беларусі выпішуць аўтаматычна, у звычайным пашпарце анулююць адзнаку аб рэгістрацыі, у біяметрычны нічога ляпіць не будуць.
Аднак, каб аформіць такое «сталае пражыванне за межамі», патрэбна адпавядаць шэрагу ўмоваў. Яны такія ж, як і ў выпадку афармлення выезду з Беларусі на сталае пражыванне:
- від на жыхарства ў іншай краіне (сталы або часовы) ці іншы эквівалентны дакумент, віза не пасуе;
- адсутнасць абмежаванняў у праве выезду з Беларусі;
- адсутнасць падатковых і аліментных запазычанасцяў, выплата выдаткаў на ўтрыманне дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні;
- адсутнасць рэгістрацыі ў якасці ІП;
- у некаторых выпадках патрабуецца згода ваенкамату.
Выезд з Беларусі могуць часова забараніць з розных прычынаў, у тым ліку ў выпадку, калі асоба падазраецца або абвінавачваецца ў крымінальным злачынстве. Адпаведна, уцекачам, супраць якіх на радзіме завялі палітычна матываваныя справы, у амбасадзе не аформяць сталае пражыванне.

Іншага спосабу дыстанцыйна зняцца з уліку без прыезду ў Беларусь, акрамя як праз суд, няма.
Праўнік НАУ Міхаіл Кірылюк у размове з «Белсатам» канстатаваў, што складана растлумачыць матывы суда, які адмовіўся выпісваць з менскай кватэры былую ўладальніцу, аднак упэўнены, што дзяржаўныя рэсурсы нездарма паведамілі пра гэтую гісторыю:
«Мы бачым толькі абмежаваны кавалак справы, які нам захацела паказаць пракуратура са сваімі мэтамі. Я бачу тут некалькі мэтаў: жадае паказаць, што, калі вы набываеце кватэру ў тых, хто плануе з’ехаць або ўжо з’ехаў, то ў вас могуць быць такія наступствы, што вы не зможаце іх выпісаць. І гэта спроба ціску на ахвочых уехаць: калі ты прадаеш кватэру з такім абцяжарваннем (зарэгістраванымі асобамі), то, натуральна, са зніжкай».
Кірылюк не выключае, што праблемы з такім судовым высяленнем узнікаюць толькі ў тых, хто «засвяціўся» ў палітычных справах:
«Неафіцыйна я чуў разважанні, што суды не жадаюць выпісваць з кватэр, што прадаюцца, людзей, якія праходзяць у нейкіх “экстрэмісцкіх” базах. Імаверна, тут акурат такая сітуацыя, бо іншых рацыянальных прычынаў адмаўляць у зняцці з рэгістрацыйнага ўліку для пракуратуры Лукашэнкі няма. Для іх самая галоўная задача — дэманстраваць, як яны ўдала абараняюць уладу Лукашэнкі».

Такая новая практыка з адмоваю касаваць рэгістрацыйны ўлік — толькі дробнае паскудства і не спыніць продаж кватэраў мігрантамі. Суразмоўца «Белсату» ўпэўнены, што заўсёды знойдзецца пакупнік на нерухомасць нават з прапісанымі там асобамі, бо такі «прычэп» — нагода, каб пагандлявацца і збіць кошт:
«У любых абставінах людзі будуць прадаваць і купляць кватэры, проста ўсе гэтыя рызыкі адбіваюцца на кошце: нерухомасць даводзіцца прадаваць з дысконтам. Вось кватэра, там зарэгістраваныя людзі, якія сюды пакуль што не збіраюцца ехаць. Вы можаце паміж сабою падпісаць паперы і пакінуць у сябе. І ўсё».
Пакупніку кватэры разам з зарэгістраванымі асобамі збольшага нічога не пагражае, разважае Кірылюк:
«Чаго яму баяцца? Таго, што нехта прыедзе і захоча жыць у гэтай кватэры? У судовай пастанове напісана, што яму адмовілі толькі з тае прычыны, што чалавек не прыехаў. Калі гэтая прычына адпала, калі чалавек вярнуўся, то справу можна зноў разгледзець у звязку з абставінамі, што адкрыліся наноў. І фінал будзе цалкам прадказальны, бо чалавек мае і пісьмовую згоду прадаўца на тое, каб выпісалі, і пісьмовае прызнанне позвы. Пакупнік і ягоныя інтарэсы абароненыя настолькі, наколькі іх можна лічыць абароненымі ў цяперашняй лукашэнкаўскай Беларусі».
Праўнік падсумаваў, што новую перашкоду можна лічыць помстаю беларусам, да якіх цяперашнія ўлады не могуць дацягнуцца:
,,«Каб ускладніць жыццё эмігрантам, каб ускладніць магчымасць прадаваць кватэры. Гэта ў працяг іншых законаў, што забаранілі абмен пашпартоў у амбасадах, што датычаць даверанасцяў, выданых за мяжою. Усімі псеўдалегальнымі спосабамі прымушаюць людзей адчуваць нязручнасці ад таго, што яны не вяртаюцца ў Беларусь».
Дарэчы, раней быў яшчэ адзін спосаб скасаваць рэгістрацыю дыстанцыйна: аформіць у амбасадзе або консульстве «эмігранцкі» пашпарт серыі PP. У такім выпадку ў Беларусі выпісвалі аўтаматычна. Пасля леташняга ўказу Лукашэнкі беларусам, якія стала жывуць за мяжою, пашпарты выдаюць і мяняюць толькі на тэрыторыі нашай краіны.
Сцяпан Кубік belsat.eu