Аўдытарская кампанія «Moore MACKONIS UAB» правяла пільны аналіз і дала справаздачу аб працы Офісу Святланы Ціханоўскай за 2023 год. Такая праверка праводзіцца ўжо другі раз. Дадзеныя справаздачы пацвердзілі празрыстасць дзейнасці Офісу.
Кампанія «Moore Mackonis UAB» дзейнічае ў адпаведнасці з Кодэксам этыкі прафесійных бухгалтараў, выдадзеным Міжнародным саветам па стандартах этыкі для бухгалтараў, і патрабаваннямі Закону Літоўскай Рэспублікі аб аўдыце фінансавай справаздачнасці.
Вядома, што падчас аўдыту быў праведзены поўны аналіз фінансавых дакументаў і справаздач Офісу Святланы Ціханоўскай за 2023 год. Таксама была праведзена ацэнка механізмаў ўнутранага кантролю і метады бухгалтарскага ўліку.
Упершыню падобны аўдыт Офісу лідаркі дэмакртатычных сілаў Беларусі быў праведзены летась. Тады кампанія «Moore Mackonis UAB» праводзіла аўдыт фінансавай дзейнасці Офісу за перыяд з пачатку яго рэгістрацыі (Офіс Святланы Ціханоўскай быў зарэгістраваны ў рэгістравым цэнтры 15 студзеня 2021 года – Рэд.) і да 31 снежня 2022 году.
У мінулым годзе рашэнне аб правядзенні аўдыту Офіс Святланы Ціханоўскай прыняў у адказ на грамадскі запыт. Вынік аўдыту быў атрыманы 19 верасня 2023 году. І тады аўдытарская кампанія не выявіла якіх-небудзь парушэнняў.
Да якіх высноваў аўдытары прыйшлі гэтым разам? У сваёй справаздачы аб выніках фінансавай дзейнасці Офісу Святланы Ціханоўскай за 2023 год Кампанія «Moore Mackonis UAB» адзначыла, што, як і ў мінулым годзе, аўдыт не выявіў парушэнняў або скажэнняў у фінансавай дзейнасці Офісу, а яго фінансавая справаздачнасць дакладна адлюстроўвае фінансавае становішча і вынікі дзейнасці за мінулы год. Усе дадзеныя адпавядаюць правілам бухгалтарскага ўліку, зацверджаным у Літоўскай Рэспубліцы. Таксама аўдытары пацвердзілі, што ўнутраная сістэма кантролю Офісу працуе эфектыўна і забяспечвае дакладнасць фінансавай справаздачнасці.
Надзея Вольная, «Белсат»