У Беларусі ў закрытым рэжыме прайшоў суд за «шпіянаж». На лаве падсудных мог аказацца замежны грамадзянін.
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», некалькі месяцаў таму ў Берасцейскім абласным судзе ў закрытым фармаце прайшоў працэс над Дзмітрыем Шлэтгаўэрам. Мужчыну судзілі паводле двух артыкулаў: ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і арт. 358 КК («Шпіянаж»).
Прысуд, які вынеслі Дзмітрыю, невядомы. Як адзначаюць праваабаронцы, паводле артыкулу за шпіянаж прадугледжваецца ад 7 да 15 гадоў зняволення. Невядома таксама і іншых акалічнасцяў справы. Не пазначалася разгляд справы і на сайце Вярхоўнага суда Беларусі.
Вядома толькі тое, што 30 жніўня у Вярхоўным судзе будзе праходзіць разгляд апеляцыйнай скаргі па справе Шлэтгаўэра, старшыняваць на працэсе будзе суддзя Эдгар Марцірасян.

Адметна, што паводле артыкулу 358 Крымінальнага кодэксу РБ могуць судзіць толькі замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства.
З 2020 года за «шпіянаж» былі асуджаныя тры чалавекі: польскага грамадзяніна Томаша Бярозу (14 гадоў зняволення), а таксама ўкраінцаў Андрэя Шмая (прызначаны тэрмін невядомы) і Наталлю Захаранку (9 гадоў зняволення), якая пазней была вызваленая паводле абмену.
Раман Шавель, «Белсат»