Суд у Бялградзе разглядзеў 27 жніўня апеляцыю беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта ў справе аб экстрадыцыі. Апеляцыйны суд у Белградзе мае 30 дзён, каб агучыць канчатковае рашэнне ў справе.
27 жніўня прайшло апошняе паседжанне ў судовай справе Гнёта. Беларускі бок дамагаецца ягонай экстрадыцыі на радзіму, сам Гнёт цвердзіць пра палітычны пераслед і небяспеку, якая яму пагражае ў Беларусі. Апеляцыйны суд у Белградзе выслухаў бакі і мае вынесці рашэнне цягам 30 дзён.
Андрэя арыштавалі ў Сербіі ў кастрычніку 2023 года па лініі Інтэрполу на патрабаванне ўладаў Беларусі. Рэжысёр правёў 7 месяцаў у цэнтральнай турме Бялграду. Там у яго з'явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем – часткова адымалася нага. У чэрвені 2024 года Гнёта перавялі пад хатні арышт на здымнай кватэры. Інтэрпол прыбраў яго са сваіх спісаў, Аднак Сербія не вызваліла рэжысёра.
У Беларусі Андрэя вінавацяць у эканамічным злачынстве, аднак, паколькі яго называюць сузаснавальнікам аб'яднання спартоўцаў, не згодных з рэжымам Лукашэнкі, «SOS-BY», абвінавачванні прызнаныя праваабаронцамі палітычна матываванымі. Раней рэжым не раз выкарыстаў эканамічныя крымінальныя справы для ціску на апанентаў.
Калі апеляцыя не будзе ўдалая, Андрэя змогуць выслаць у Беларусь у любы момант. Пасля гэтага яму можа дапамагчы толькі вета міністра юстыцыі Сербіі. Петыцыю на падтрыманне Андрэя можна падпісаць тут. Таксама адкрыты збор на юрыдычную дапамогу і аплату арэнды за кватэру, дзе рэжысёр адбывае хатні арышт.
Марыя Колесава-Гудзіліна і Ганна Маціеўская – адвакаткі Андрэя Гнёта – падкрэслівалі ў каментары «Белсату», што паседжанне 27 жніўня будзе вызначальным:
«Мы чакаем, што суд улічыць небяспеку, якая пагражае Андрэю ў выпадку экстрадыцыі, уключаючы магчымыя парушэнні правоў чалавека, несправядлівы суд і катаванні. Мы спадзяёмся, што суд прыме рашэнне, якое будзе адпавядаць міжнародным стандартам правоў чалавека».
