Найменей 6 дронаў-камікадзэ заляцелі ўначы 27 жніўня на тэрыторыю Беларусі. У сувязі з гэтым беларускія ВПС усю ноч правялі ў паветры.
Дроны-камікадзэ тыпу «Шагэд» заляцелі на тэрыторыю нашай рэспублікі з Украіны. Гэта адбылося з боку Чарнігаўскай і Кіеўскай вобласцяў Украіны, паведамляе маніторынгавы тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».
Першыя дроны заляцелі ў раёне 00:09, далей пралёты на тэрыторыю Беларусі адбываліся каля 00:30, 01:00, 03:27 і 05:55.
Інфармацыю пра заход дронаў пацвярджае і камандуючы ВПС Украіны Мікалай Аляшчук. Паводле ягоных словаў, адзін з дронаў перасёк беларускую мяжу, верагодна, пасля гэтага ён быў лакацыйна згублены ў Беларусі.
«Беларускі Гаюн» адзначае, што авіяцыя ВПС РБ дзяжурыла ў небе на поўдні Беларусі амаль усю ноч: знішчальнік з Баранавічаў, падняты ў неба каля 0:15, вярнуўся назад толькі ў 02:00 і ў 02:45 зноў пайшоў на ўзлёт.
Нагадаем, што, паводле «Беларускага Гаюна», 26 жніўня расейскія дроны-камікадзэ «Шагэд» як мінімум тройчы пранікалі ў паветраную прастору Беларусі. Гэтую інфармацыю маніторынгавая група апублікавала, спасылаючыся на ўкраінскі тэлеграм-канал «єРадар».
Заход «Шагэдаў» на тэрыторыю Беларусі звязаны з маштабнай атакай, якую праводзіла Расея супраць Украіны, выпусціўшы па ёй дзясяткі ракет і дронаў. Выбухі прагрымелі ў Кіеве, Крывым Рогу, Крапіўніцкім, Дняпры, Запарожжы, Хмяльніцкім, Луцку, Львове, у Палтаўскай і Адэскай абласцях, падчас якіх былі пашкоджаныя шматлікія будынкі, аб’екты энергетычнай і грамадзянскай інфраструктуры, жылыя дамы. Ёсць паведамленні пра загінулых.
Раман Шавель, «Белсат»