Апеляцыю беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта супраць экстрадыцыі ў Беларусь з Сербіі разгледзяць 27 жніўня ў судзе Бялграду. Гэта будзе заключнае пасяджэнне. Да вызначальнага дня прайшлі акцыі на падтрыманне Гнёта ў 17 краінах і з'явіўся калектыўны зварот зорак сусветнага кінематографу да сербскіх чыноўнікаў, пра суд беларуса нават напісала «The Guardian». А ягоныя адвакаткі чакаюць, што Сербія зверне ўвагу на небяспеку, якая яму пагражае.
«Яму пагражае зняволенне, катаванні і нават смяротнае пакаранне»
Актор Міця Савелаў і прадзюсарка, рэжысёрка, сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA) Воля Чайкоўская запусцілі кампанію «Мастакі за Андрэя». Да апеляцыйнага суда ў Бялградзе і міністра юстыцыі Сербіі Маі Попавіч звярнуліся польская рэжысёрка Агнешка Голянд, французская акторка і прэзідэнтка Еўрапейскай кінаакадэміі Жульет Бінош, беларуская нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, пісьменнік Саша Філіпенка, расейскі рэжысёр Кірыл Сярэбранікаў, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў і шмат хто яшчэ. У спісе – больш за сотню прозвішчаў знаных асобаў, якія просяць не высылаць Гнёта ў Беларусь. Таксама зварот падпісалі Грузінскі кінаінстытут (GFI), Асацыяцыя дакументальнага кіно Грузіі (DOCA), Украінская кінаакадэмія, Нацыянальная асацыяцыя кінематаграфістаў Украіны.
«Мы заклікаем сербскія ўлады не дапусціць экстрадыцыі рэжысёра Андрэя Гнёта ў Беларусь, дзе яму пагражае зняволенне, катаванні і нават смяротнае пакаранне», – гаворыцца ў заяве.
Марыя Колесава-Гудзіліна і Ганна Маціеўская – адвакаткі Андрэя Гнёта – падкрэслілі ў каментары «Белсату», што паседжанне 27 жніўня будзе вызначальнае:
«Мы чакаем, што суд улічыць небяспеку, якая пагражае Андрэю ў выпадку экстрадыцыі, уключаючы магчымыя парушэнні правоў чалавека, несправядлівы суд і катаванні. Мы спадзяёмся, што суд прыме рашэнне, якое будзе адпавядаць міжнародным стандартам правоў чалавека».
Тым часам да падтрымання рэжысёра далучаецца ўсё больш людзей.
«Мы ўвесь час абнаўляем спіс [зорак, якія падпісалі зварот. – Заўв. рэд.]. Вельмі шмат новых імёнаў паступае проста цяпер», – апавёў Міця Савелаў. Таксама 22–25 жніўня прайшла эстафета акцыяў на падтрыманне Андрэя Гнёта ў 34 гарадах 17 краінаў. Іх ініцыяваў фонд дапамогі беларускім палітычным уцекачам «Партызанка». Беларусы і расейцы з патрабаваннямі вызваліць Андрэя сабраліся каля амбасадаў Сербіі.

«Абвінавачванні палітычна матываваныя»
Андрэя арыштавалі ў Сербіі ў кастрычніку 2023 года па лініі Інтэрполу на патрабаванне ўладаў Беларусі. Рэжысёр правёў 7 месяцаў у цэнтральнай турме Бялграду. Там у яго з'явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем – часткова адымалася нага. У чэрвені 2024 года Гнёта перавялі пад хатні арышт на здымнай кватэры. Інтэрпол прыбраў яго са сваіх спісаў, Аднак Сербія не вызваліла рэжысёра.
У Беларусі Андрэя вінавацяць у эканамічным злачынстве, аднак, паколькі яго называюць сузаснавальнікам аб'яднання спартоўцаў, не згодных з рэжымам Лукашэнкі, «SOS-BY», абвінавачванні прызнаныя праваабаронцамі палітычна матываванымі. Раней рэжым не раз выкарыстаў эканамічныя крымінальныя справы для ціску на апанентаў.
«Сербскія ўлады мусяць пракансультавацца з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, што ў гэтым выпадку заклікаюць неадкладна вызваліць Гнёта, падкрэсліваючы, што абвінавачванні палітычна матываваныя. Цяпер для гэтага рэжысёра гэта пытанне жыцця і смерці. У выпадку экстрадыцыі Андрэю пагражаюць катаванні, гады ў нечалавечых умовах ці яшчэ горш», – перадае словы Агнешкі Голянд «The Guardian».
Калі апеляцыя не будзе ўдалая, Андрэя змогуць выслаць у Беларусь у любы момант. Пасля гэтага яму можа дапамагчы толькі вета міністра юстыцыі Сербіі. Петыцыю на падтрыманне Андрэя можна падпісаць тут. Таксама адкрыты збор на юрыдычную дапамогу і аплату арэнды за кватэру, дзе рэжысёр адбывае хатні арышт.
Арсен Рудэнка, «Белсат»